Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Культура беларускай дуды на Міншчыне

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 63БЛ000174
Дата ўключэння: 30/05/2023
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 22.05.2023 № 04-01-02/4. Пастанова Міністэрства культуры ад 30.05.2023 № 80
Шыфр (у Інвентары): НКС-20230420/5-Б

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Культура беларускай дуды на Міншчыне

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Дударства на Міншчыне

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Асобныя дудары, даследчыкі і майстры музычных інструментаў у Валожынскім, Пухавіцкім, Мінскім раёне і г. Маладзечна

Арэол распаўсюджвання:

Кароткае апісанне элемента:

Культура беларускай дуды з’яўляецца комплекснай нематэрыяльнай каштоўнасцю, якая ўключае веды і навыкі, звязаныя з вырабам і выкарыстаннем музычнага інструмента адпаведнага традыцыйным узорам, што здаўна бытавалі на тэрыторыі Беларусі, музычна-інструментальнае выканальніцкае мастацтва, якое грунтуецца на традыцыйным рэпертуары дудовай музыкі і паступова ўключае больш сучасныя найгрышы, разнастайныя формы культурных практык з удзелам дудароў – музыкаванне падчас традыцыйных каляндарных і грамадскіх святаў; кірмашоў, фестываляў, вечарын традыцыйных танцаў, канцэртаў і іншых урачыстых падзей, а таксама сакральна-міфалагічныя ўяўленні, звязаныя з беларускай дудой. Дуда – старажытны традыцыйны музычны інструмент і твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У мінулыя стагоддзі з’яўлялася не толькі музычным інструментам, але і атрыбутам рытуальна-магічных практык, якія ўзыходзілі да старажытных культаў. Дуда была вельмі папулярным музычным інструментам, выкарыстоўвалася для суправаджэння танцаў, песень і прыпевак, на сямейных і каляндарных абрадавых святах, ігрышчах і кірмашах. На дудзе ігралі як сольна, так і ў ансамблі са скрыпкай, цымбаламі і бубнам. Узоры аўтэнтычных найгрышаў на дудзе прадстаўляюць вялікую мастацкую і гістарычную вартасць, паколькі дэманструюць стылявыя асаблівасці найбольш даўніх пластоў музычнай культуры беларусаў.

Беларуская дуда – музычны інструмент, які належыць да класу язычковых аэрафонаў. Уяўляе сабой скураны мех з маленькай трубачкай-«соскай» для напаўнення яго паветрам і некалькімі ігравымі трубкамі рознай даўжыні – «перабор» (або «жалейка») з 6-8 адтулінамі для выканання мелодыі і 1-2 трубкі – «гукі». Кожны «гук» выдае толькі адзін нязменны тон (бурдон). Ігравыя трубкі маюць на адным канцы пішчык з адзінарным язычком з чароту або гусінага (індычага) пяра, на другім – рагавень (выгнуты раструб). Такім чынам, дуда ўяўляе сабой скураны мех, да якога далучаны драўляная жалейка, бурдон (адзін альбо некалькі), сапель. Праз сапель, звычайна, чалавек дзьме паветра, якім напаўняецца мех. Апошні трымаецца пад левай пахай такім чынам, каб сапель дацягваўся да роту выканаўцы. Падціскаючы мех рукой, надаецца паветраны ціск, які падаецца ў канал жалейкі і бурдона герметычна прыробленых да асновы (самаго меха). У сапелі павінен прысутнічать клапан, які не дае зваротнага ходу. У жалейцы і бурдоне прысутнічаюць драўляныя пішчыкі (прынцып духавога музычнага інструмента). Пад уздзеяннем паветранага ціску выдаецца гук. Бурдон гучыць адным танальным гукам, які зыходзіць праз раструб на канцы (рагаўні). Жалейка выконвае асноўную ролю. У ёй прысутнічаюць дзесяць адтулін (прынцып блок-флейты) і рагаўня. Па памерах жалейка заўсёды меншая чым бурдон. Меладычныя трубкі (жалейка, бурдон) пераважна робяцца з клёну, рагаўні з ліпы. У некаторых выпадках драўляныя элементы ўпрыгожваюцца інкрустацыяй з метала. Мех вырабляецца са скуры буйнай рагатай жывёлы. Для зручнасці навязваецца пояс, якім дуда падвешваецца на плячо музыкі. На працягу апошніх 25 гадоў адбываецца адраджэнне беларускай дуды дзякуючы працы даследчыкаў, выкладчыкаў з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, майстроў па вырабе дуд, музыкаў-аматараў. У сучаснай музычнай практыцы дуда гучыць у шматлікіх калектывах розных музычных кірункаў (ансамблі народнай музыкі, аркестр імя І.Жыновіча, рок-гурты і інш.). Вытокі беларускай інструментальнай музыкі губляюцца ў глыбіні стагоддзяў. У сістэме духоўнай культуры беларусаў ёй належыць адмысловае месца, паколькі яна, як і некаторыя іншыя складнікі фальклору, звязана з самымі рознымі сферамі народнага жыцця (працай, абрадамі, хатнім побытам, адпачынкам). Да сярэдзіны ХХ ст. дуда была адным з галоўных інструментаў на танцавальных вячорках беларусаў.

Без дуды не абыходзілася не толькі на ігрышчах, кірмашах, у корчмах, але і ў час асобных каляндарна-земляробчых і сямейных абрадаў, асаблівую ролю дуда выконвала падчас вяселля. Выканаўца на дудзе, паводле вераванняў беларусаў, лічыўся сакральнай асобай, якая валодае звышнатуральнай сілай, здольны гукамі сваёй прылады выклікаць дождж, сонца і вецер. Сёння мы сутыкаемся з феноменам узрастаючай цікавасці да беларускай народнай культуры і яе спадчыны. Папулярызуецца фальклорная музыка, народныя танцы, абрады, гулянні. Дударства існуе ў звязку з традыцыямі і з’яўляецца часткай культуры ў цэлым. Заходні тып усходнееўрапейскіх дудаў уключае (апроч беларускай аднагукавай і двухгукавай дудаў) дуду Аўкштайціі і Жмудзі (сучаснай Літвы), дуды Велькапольшчы (сучаснай заходняй Польшчы), дуды тыпу “бок” вендаў (сучаснай Усходняй Германіі), часткова Чэхіі. Усе інструменты дадзенага тыпу дэманструюць адзінства ў выкарыстанні ражкоў-раструбаў, а таксама дэкору волавам (кольцы, пілападобны элемент, нахіленыя палоскі і інш.). Скандынаўска-балтыйскі тып уключае дуды Даларны (сучасная Швецыя), часткова Фінляндыі. Пад дадзены тып дудаў у большай ступені падыходзіць беларуская дуда-мацянка. Заходнебалканскі тып дудаў уключае інструменты з Босніі-Герцагавіны, Албаніі, Грэцыі і вострава Крыт. Цэнтральнабалканскі тып дудаў уключае інструменты з Славеніі, Паўночнай Сербіі, Славакіі, Венгрыі, Паўднёвай Польшчы і Заходняй Украіны. Інструменты дадзенай групы спалучаюць рысы заходнебалканскага тыпу дудаў, у якіх разам выкарыстоўваюцца асобы гук і ражкі-раструбы (у некаторых выпадках у рудыментарнай форме). Дэкор выкарыстоўваецца эпізадычна волавам, прысутнічаюць геаметрычная разьба і драўляная стылізаваная галава казы. Гэта сведчыць пра ўзаемапранікненне традыцый. На сённяшні дзень уменні ігры на дудзе і майстэрства вырабу інструмента перадаюцца пераважна ад майстра да вучня.

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Выканальніцкія мастацтвы » Музыка

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Канцэрты, гульнёва-забаўляльныя праграмы, абрады. Што датычыцца сучаснага бытавання дуды на Маладзечаншчыне, то, па сутнасці, адзіным выканаўцам на інструменце з’яўляецца Ярук Сяргей Пятровіч. І таму пачуць дуду ў Маладзечне магчыма падчас разнастайных святаў і канцэртаў у якіх прымае ўдзел Узорны ансамбль «Самагуды» і ансамбль «Маладзечанскія дударыкі» пад кіраўніцтвам Ярука Сяргея Пятровіча. Дадзеныя калектывы папулярызуюць традыцыйныя беларускія інструменты, у тым ліку, і дуду. Штогадовы Дударскі фэст, які праходзіць у Мінску, у значнай ступені паўплываў на майстроў і іх узровень вырабу дуд. Амаль кожны год на фэст прыязджаюць госці з замежжа, сярод якіх ёсць не толькі выканаўцы, але і майстры. Яны з радасцю дзеляцца вопытам вырабу дуд, што станоўча ўплывае на развіццё дударскай справы. Важнай складаючай дударскага руху Беларусі з’яўляецца Дударскі клуб Беларусі, які рабіў свае першыя крокі ў 2006 г. Першыя сустрэчы ладзіў малады майстар Ю.Панкевіч. На гэтых сустрэчах ён прапагандаваў дударскую культуру і іграў на інструментах, якія зрабіў уласнымі рукамі. Затым да гэтага далучыліся Дз.Сухі, Т.Кашкурэвіч, А.Сурба і некаторыя выканаўцы на дудзе. Першыя сустрэчы ладзіліся проста на вуліцы, але з 2008 г. вечарыны пачалі праходзіць у сталічных клубах («Катакомбы», «Сфера» і інш.). На сустрэчах майстры абменьваліся вопытам, музыкі «абкатвалі» інструменты і выказвалі парады па ўдасканальванні акустыкі, канструкцыі і эрганомікі дуды.

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Галоўнае ўпраўленне культуры Мінаблвыканкама, ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці», УА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў», УА «Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў», ДУК «Пухавіцкі раённы цэнтр культуры», ДУК «Валожанскі раённы цэнтр культуры», ДУ «Маладзечненская школа мастацтваў», Установы культуры, турыстычныя комплексы.

Паходжанне элемента:

Дуда на Беларусі і Літве вядомая з глыбокай старажытнасці, і хоць гістарычныя сведчанні паказваюць нам час не раней за ХIV ст., упісанасць дуды ў надзвычай архаічныя касмалагічныя схемы, дазваляюць нам адсунуць час узнікнення дуды на нашых землях у самую раннюю эпоху. Параўнайма ў звязку з гэтым, што, напэўна, першая выява дуды, вядомая з хецкай пліты, датуецца 1000 г. да н. э. пры тым, што даследчыкамі адзначаецца вялікая ступень падабенства хецкай і беларускай міфа-рытуальнай традыцыі. Дуда справядліва магла б стаць сімвалам нашай краіны. Пачатак і росквіт культывавання дуды ў нацыянальнасімвалічным сэнсе прыпадае на XIX ст. У творчасці беларуска-ды польскамоўных пісменнікаў нашага краю, гэткіх як Адам Міцкевіч, Уладыслаў Сыракомля, Ян Баршчэўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч ды іншыя. Дудар часта выступаў у ролі прарока, чарадзея, вешчуна, а ў гучанні дуды чуўся своеасаблівы дух зямлі і народу. Часта дуда абуджала ў сэрцах людзей патрыятычныя пачуцці. Дударскай традыцыі на Беларусі пашанцавала значна болей, чым у суседніх Літве і Латвіі. Вытокі беларускай інструментальнай музыкі губляюцца ў глыбіні стагоддзяў. У сістэме духоўнай культуры беларусаў ёй належыць адмысловае месца, паколькі яна, як і некаторыя іншыя складовыя фальклору, звязана з самымі рознымі сферамі народнага жыцця (працай, абрадамі, хатнім побытам, адпачынкам). Сярод народных музычных інструментаў найбольш старажытнымі зʼяўляюцца духавыя. Іх група самая разнастайная: свістковыя (дудка, парныя дудкі, поршневая дудка, акарына), язычковыя (жалейка, дуда, чаротка, саломка), амбушурныя (труба, рог) інструменты. Многія з іх амаль да нядаўняга часу бытавалі сярод пастухоў, паляўнічых, музыкантаў-аматараў, а некаторыя па прычыне змянення грамадска-сацыяльных і вытворча-эканамічных умоў жыцця амаль зніклі. І толькі дзякуючы беларускім, рускім, польскім даследчыкам духоўнай культуры беларусаў канца ХІХ - першай паловы ХХ стст. М. Нікіфароўскаму, Е. Раманаву, П. Шэйну, А. Рыпінскаму, А. Маславу, Ч. Пяткевічу многія інструменты былі дэталізаваны, «вернуты да жыцця» сучаснымі беларускімі майстрамі. Сярод дэталізаваных інструментаў беларусаў - дуда, якой апошнім часам надаецца вялікая ўвага. Сёння вядучымі майстрамі, якія займаюцца вытворчасцю дуды зʼяўляюцца: В. Кульпін, А. Лось, Т. Кашкурэвіч, А. Жура. Але цалкам праблему дэталізацыі ў маштабе краіны намаганнямі гэтай групы энтузіястаў-аматараў вырашыць складана, асабліва без падтрымкі з боку дзяржавы. Дуда, валынка - старадаўні язычковы духавы народны інструмент, распаўсюджаны ў многіх краінах свету. Знешні выгляд інструмента нагадвае гуся ці чорціка з хвастом, што звычайна выклікае смех і жарцікі. Не менш цікава выглядае і дудар са сваімі выпучанымі вачыма, надзьмутымі сківіцамі, чырвоным тварам, а таксама з вісячым з меха «гукам». Беларускія дудары - прамыя нашчадкі архаічных сказіцеляў - некалі складалі цікавую зʼяву ў вёсках. Бывалі часы, калі кожная акруга, кожнае вялікае сяло мела свайго дудара, які пад восень і потым - усю зіму - пераходзіў з хаты ў хату і спяваў пад гукі дуды народныя песні. Там, дзе ён спяваў і гуляў па вечарах, збіраліся цэлыя семʼі старых і маладых. Першыя любілі пад гукі дуды, якія зліваліся з матывамі знаёмай роднай думкі, успамінаць сваю маладосць і часта пад уплывам гэтай самабытнай музыкі заседжвацца ў суседзяў да позняй ночы. Хлопцы і дзяўчаты завучвалі на памяць песні дудара, якія нярэдка ён сам і складаў, а потым спявалі тыя сумныя песні і цэлыя балады. Дудары заўсёды карысталіся павагай усёй акругі і нават суседніх раёнаў куды заходзілі як вандроўныя артысты. У даўніну дударамі былі звычайна старыя, якія змушана, іншы раз з-за страты голасу, абмяжоўваліся толькі гульнёй на дудзе, якая заўсёды зʼяўлялася «часткай» такога музыкі. Праўда, ва ўзнагароду за страчаную магчымасць спяваць, старыя дудары, як людзі хаджалыя, забаўлялі натоўп, які збіраўся вакол іх, аповедамі аб убачаным і пачутым. Іх навіны знаёмілі жыхароў той альбо іншай вёскі з побытам суседзяў і нават іншых народаў. У гэтым выпадку яны былі сапраўднымі веснікамі для сваёй вёскі і часам даносілі да яе норавы, звычаі, паданні, паверʼі, легенды і нават песні з іншых мясцовасцей. 3 часам на змену старым дударам прыйшлі маладзейшыя народныя песняры, якія вандравалі па розных мясцінах. Гэта, большай часткай, сіроты, якія засталіся без роду і племені, але з паэтычным самародным талентам, у якіх, іншы раз, развіваецца пісьменнасць і звычкі да ахайнасці і прывабнасці. Гэта ўжо нейкім чынам свядомыя народныя спевакі, якія перадаюць братам-сялянам свае шчырыя думкі і меркаванні аб жыцці продкаў, аб цяжкай нядолі і горы прыгоннага сялянскага жыцця, аб панах і войтах, аб гараджанах і дваранах. Гэта спрытныя апавядальнікі, вясёлыя пабрацімы на вясковых сходках, любімцы маладзіц і дзяўчат, у асяроддзі якіх яны становяцца бойкімі і з ахвотай распяваюць, для іх легенды і песні. Упершыню беларуская дуда ўзгадваецца ў помніку сярэднявечнай літаратуры «Аповесць аб валхвах-вяшчунах» (канец ХV ст.), дзе дуда апісваецца падчас правядзення абраду пахавання. Гэтая традыцыя існавала да ХІХ стагоддзя. У той жа час падчас археалагічных раскопак, якія праводзіліся ў Верхнім замку ў Віцебску Л.Каладзінскім (быў знойдзены скураны мех з трыма адтулінамі для трубак), датуюць з’яўленне інструмента на мяжы XIII-XIV стагоддзяў. На Маладзечаншчыне дуда ў музычнай практыцы з’явілася напрыканцы 1990-х пачатку 2000-ых гадоў. Больш шырокае распаўсюджанне пачалося з 2009 года пасля размеркавання выпускніка БДУКМ Сяргея Ярука ў ДУА «Лебедзеўская ДШМ». Мясцовыя калектывы «Лебедзеўскія выкрутасы» (2010–2017гг), «Крынічанька» (2010–2014гг), «Самагуды» (з 2018г) «Маладзечанскія дударыкі» (з2020 г) выкарыстоўвалі дуду. Са слоў даследчыка Т. Кашкурэвіча дуда бытавала па ўсёй Беларусі. У 70-х гадах знойдзены элементы дуды ў старой хаце Валожынскага раёна. У гэтыя ж гады яшчэ жылі носьбіты-дудары. На тэрыторыі Пухавіцкага раёна да нядаўняга часу не быў распаўсюджаны. Першым дударом з’яўляецца Ю.Ю.Крывашэй. Дуда выкарыстоўваецца ў народным сямейным ансамбле «Жывіца» Борскага сельскага дома культуры. Майстэрства ігры на дуде перадаецца некаторым удзельнікам калектыва.

Стан бытавання:

менш распаўсюджаны

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Дуда, валынка ‒ старадаўні язычковы духавы народны інструмент, распаўсюджаны ў многіх краінах свету. Беларуская дуда ‒ музычны інструмент складанай канструкцыі, складовымі часткамі часткамі якога з᾽яўляюцца: скураны мех, драўляная труба, перабор (жалейка), гук (бурдон). Без дуды не абыходзіліся не только на ігрышчах, кірмашах, у корчмах, але і ў час некаторых каляндарна-земляробчых і сямейных абрадаў, асаблівую ролю дуда выконвала падчас вяселля. Некаторыя крыніцы сведчаць, што гэтыя інструменты ўжываліся ў пахавальных і памінальных абрадах. У XVI ст.дуда стала абавязковым інструментам на гуляннях. Дуда- “весялуха” ўвасабляла сабой сімвал радасці і святочнасці. Дуда выкарыстоўвалася для суправаджэння танцаў і ў дварах знаці. У XIX ст. арэал пашырэння дуды скарачаецца и абмяжоўваецца тэрыторыяй Віленшчыны, Жэмайціі і Латгаліі. Н.Нікіфараўскі абгрунтавана бачыў адну з прычынаў вымірання дуды ў распаўсюджанні больш таннага гармоніка. Аб выцясненні дуды іншымі музычнымі інструментамі казалі і самі дудары: калі на вяселлі з᾽яўлялася скрыпка, “так яна пабівала дуду. На скрыпцы гралі новыя танцы…Гармонік стаў пабіваць і скрыпку”. Яшчэ да Другой сусветнай вайны дуда лічылася адным з самых распаўсюджаных на Беларусі абрадавых інструментаў. Старая беларуская дуда знаходзіцца сярод экспанатаў Музея імя Глінкі ў Маскве. Паводле інфармацыі Т.Кашкурэвіч, гэта інструмент, на якім граў адзін з беларускіх дудароў, які ўдзельнічаў у перадваеннай беларускай выставе ў ВДНХ у Маскве ў 30-х гадах. Але пасляваенная ўрбанізацыя вёскі прывяла да таго, што ў 1960-х і 1970-х гг. дударская традыцыя амаль спыніла існаванне. Змена эстэтычных ідэалаў у працэсе сацыяльна-культурнага руйнавання вёскі ў ХХ ст. трансфармавала вобраз дудара і нязменна прывяло да адмірання гэтай традыцыі.

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Беларуская мова

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Традыцыйны касцюм, пояс, інструменты, вырабленыя майстрамі

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Дуда як вобраз прысутнічае ў беларускіх легендах і паданнях. Напрыклад, цікавае паданне паведаміла Ганна Вянгур (в.Тонеж, Лельчыцкі раён): у ім расказваецца пра дудара, які прагнаў ваўкалака сваёй ігрой. Вобразы дуды ў беларускіх песнях і прыказках.У адной з песень згадваецца каза і дзед, які хацеў пашыць дуду з жывёлы: «Не бойся, козачка, стральцоў-малайцоў, а бойся дзеда старога, ён цябе забіе, шкуру злупя, дуду пайшыя». Вобраз дудара абыгрываецца і ў прыказцы: «Сварыся з гаспадаром, толькі не дярыся з дударом». Дуда ўжываецца ў традыцыйных беларускіх рытуалах. М.Нікіфароўскі неаднаразова згадвае пра ўдзел дудара на вяселлях, пахаваннях, хрэсьбінах. І.Прывалаў прапаноўвае канцэпцыю дудароў-святароў, з яго пунтку гледжання сучаснай дуды (пачатак ХХ ст.) уяўляюць рудыментарную форму язычніцкіх вераванняў і пераклікаюцца з культурай скамарохаў. Выкарыстанне дуды ў святочных мерапрыемствах. М.Нікіфароўскі апісвае беларускія кірмашы, на якіх часта ігралі музыку (скрыпакі) або дудары. Гэта быў неадʼемны атрыбут святочных дзеянняў. Наяўнасць каставага механізму перадачы майстэрства вырабу і выканання на дудзе. Да нас дайшлі сведчанні, што дударом мог стаць толькі сын дудара, якога навычаў бацька. Перадаваліся сакральныя веды майстравання дуды, а таксама выканальніцкай практыкі.

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Ад майстра - вучню, у сям’і, праз школу. Фальклорны калектыў «Гасцінец» сабраў разам работнікаў культуры, служачых, настаўнікаў, рабочых, студэнтаў, вучняў мясцовай школы і пенсіянераў. Іх аб'ядноўваюць любоў да народнай песні і павага да сваёй культурнай спадчыны. Умелымі рукамі гэтых таленавітых людзей даволі дакладна ўзноўлены традыцыйныя касцюмы розных рэгіёнаў Беларусі. Асабліва важным дасягненнем у такой карпатлівай справе з'яўляецца рэканструкцыя Валожынскага ладу. Удзельнікі калектыву вярнулі да жыцця многія практычна забытыя абрадавыя песні, бытавыя танцы, цікавыя ўзоры дзіцячага фальклору, а таксама традыцыі некаторых сямейна - і каляндарна-абрадавых і хрысціянскіх святаў. Штогод пры ўдзеле фальклорнага аб'яднання праводзяцца «Купалле», «Зажынкі», «Каляды», «Масленіца», «Гуканне вясны» і інш.

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Для перадачы традыцыі выканальніцтва павінна існаваць форма навучання ва ўстановах культуры і адукацыі, чаго, на жаль, няма. Пры гэтым зацікаўленасць навучыцца іграць на дудзе ў людзей рознага ўзросту ёсць. Перашкодамі для навучання на інструменце таксама з’яўляюцца адсутнасць інструментарыя і яшчэ, трэба адзначыць, фізічна граць на дудзе няпроста, асабліва дзецям.

Ключавыя словы

Дударства, дудар, дуда, бурдон, рагаўня

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Фотафіксацыя