Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Традыцыйнае інструментальнае выканальніцтва на дыятанічных цымбалах

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 23АК000176
Дата ўключэння: 22/08/2023
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 11.08.2023 № 04-01-02/6. Пастанова Міністэрства культуры ад 22.08.2023 № 114.
Шыфр (у Інвентары): НКС-20230911

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Традыцыйнае інструментальнае выканальніцтва на дыятанічных цымбалах

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Музыкі Пастаўскага раёна: Мацкевіч Ванда Іванаўна 1957 г.н.. Нарадзілася ў в. Пожарцы, Юнькаўскага сельскага Савета, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць. Пражывае ў г. Паставы, Віцебская вобласць; Мычко Уладзімір Міхайлавіч 1933 г.н.. Нарадзіўся на х. Баршчоўка, Мядзельскі раён, Мінская вобласць. Пражывае ў аг. Дунілавічы Дунілавіцкага сельскага Савета, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць; Антух Алена Анатольеўна 1975 г.н.. Нарадзілася ў г. Паставы, Віцебская вобласць. Пражывае ў г. Паставы, Віцебская вобласць; Барысюк Галіна Эдуардаўна 1968 г.н.. Нарадзілася ў г. Орша, Віцебская вобласць. Пражывае ў г.Паставы, Віцебская вобласць; Кірплюк Вікторыя Віктараўна 1983 г.н.. Нарадзілася ў г. Паставы, Віцебская вобласць. Пражывае ў г. Паставы, Віцебская вобласць; Курціна Аляксандра Андрэеўна 1999 г.н.. Нарадзілася ў г. Паставы, Віцебская вобласць. Пражывае ў г. Паставы, Віцебская вобласць; Дзіцячы ансамбль “Пастаўскія цымбалісты” Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны фальклорны ансамбль “Паазер’е” выкладчыкаў Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза

Арэол распаўсюджвання:

Віцебская вобласць » Пастаўскі раён » г. Паставы;   Віцебская вобласць » Пастаўскі раён » аг. Варапаева ;   Віцебская вобласць » Пастаўскі раён » аг. Дунілавічы;  

Кароткае апісанне элемента:

Гонарам беларускага Паазер'я з'яўляюцца цымбалы з іх незвычайна пераліўчатым звонам. У ансамблi са скрыпкай (“даўнішняя музыка”) i з гармонікам (“настаяшчая музыка”) яны – нерв музыкі. Гэты запазычаны музычны iнструмент прайшоў шматвяковую эвалюцыю i умацаваўся ў прафесiйна-акадэмiчным мастацтве Беларусi ў якасцi  нацыянальнага.
Аснову складае канкрэтна-гістарычны аналіз Пастаўскай інструментальнай традыцыi ў яе працэсуальнасці, непарыўнасці матэрыяльнай і духоўнай сфер. Вывучэнне яе рэгіянальнай спецыфікі шляхам арэальнага даследавання актуальна для сучаснага этнамузыказнаўства, якое імкнецца да паглыбленага спасціжэння нацыянальнай самабытнасці народа. У якасці вядучага выступае сістэмна-этнафанічны метад, які спалучаецца з вывучэннем народных уяўленняў у традыцыйнай культуры.
У  Пастаўскiм раёне гiстарычна функцыянуюць дзве выканальніцкія школы народных музыкаў: Варапаева і Груздава. Геаграфічнае размяшчэнне населенных пунктаў вызначыла пагранічную своеасаблівасць развіцця iнструментальнага выканальнiцтва, у якiм арганічна перапляліся глыбокія карані нацыянальнай спадчыны і еўрапейскай цывілізацыі.

Да арэала Груздава адносяцца: Груздава, Пожарцы, Ажарава, Ралаўцы, Біюці, Смычча, Сліжова, Задубенне, Дубрава, Забалацце, Цешалава, Плаксы. У арэал Варапаева уваходзяць: Варапаева, Ляхаўшчына, Дунілавічы, Зарэцкія, Барэйкі, Кавалі, Мышкі, Рэдзькаўшчына, Голбія. Тут склаліся музычныя дынастыі Падгайскіх з в. Цешалава; Мацкевічаў, Новікаў, Мельцаў – з в. Пожарцы, Крывенькіх – з в. Груздава і Ажарава, Крываносаў – з в. Біюці і інш. Іх нашчадкі захавалi сямейныя традыцыі да сённяшняга дня.
Груздаўскiя цымбалы – самаробныя, дыятанічныя, маюць гукарад з паніжанай VІІ ступенню. Корпус плоскі, дрэва светлае, акантоўка цёмна-карычневага колеру, у верхняй дэцы выразаны дзве рэзанансныя адтуліны ў форме круга з ромбамі ўнутры. Памеры iнструмента вагаюцца ў межах – унізе 980-1060 мм, шырыня корпуса 360-380 мм, вышыня 65 мм. Ён адметны сваім празрыстым звонам.
Галоўнымi якасцямi цымбал лiчацца iх строй, прынцыпы наладкi, выгляд малаточкаў i выманне гуку. У традыцыйным выканальніцтве існуе два варыянты строю: “нізкі пад гармонік” (“даўнішні”) у фа мажоры   і “высокі пад баян” у соль мажоры. Наладка інструмента ў пэўным строі кадзіруе гукавую эстэтыку музычных інструментаў, іх семантычную прыроду, што звязана з асаблівасцямі іх функцыяніравання. “Нізкі строй” лічыцца “больш душэўным” i выкарыстоўваецца пры выкананні песенных лірычных найгрышаў, вальсаў. З “высокім строем” у народа звязана ўяўленне пра весялосць, радасць, таму ён характэрны для полек.
Сістэма настройкi цымбалаў “пад гармонік” пачынаецца з другой струны зверху на галасавой падстаўцы з фа1 актавы, а “пад баян” адметная тым, што замест фа апорнай струной з’яўляецца соль1 актавы. “Наводка” цымбалаў пад скрыпку пачынаецца з ля1 актавы (першая струна скрыпкі).
Гукарад варапаеўскiх цымбалаў цэлатонны, ахоплівае 7 танальнасцей. У iх апорны гук соль1 перамяшчаецца ўніз, на чацвёртую струну зверху на галасавой падстаўцы. Затым наладка ўсіх цымбал ажыццяўляецца стэрэатыпна – квінта праз падстаўку ўверх і актава ўніз.
Навучанне ажыццяўляецца ў трох формах: найманне настаўніка, у сям’і, самастойна (“праз сябе”) і пачынаецца з “аплікатурнага паказу”: правая рука выконвае мелодыю, а левая “падбівае басы”. Спосаб гуказдабывання адзін – удар. Пасля ўдару музыка не адразу паднімае малаточак, струна, якая вагаецца, паспявае на нейкае імгненне некалькі разоў адказаць, ударыць па малаточку. Гэтая дэталь зусім мяняе гучанне цымбал: далікатнае, “празрыстае і пявучае, без лязгання”. Струны ніколі не глушаць, бо розная колькасць абертонаў ўздзейнічае на інтанацыйную выразнасць кожнага штрыха і ўсёй тэмбравай разнастайнасці.
Засваенне сродкаў мастацкай выразнасці праламляецца праз творчую індывідуальнасць, якая ў кожным канкрэтным выпадку фарміруе свае комплексы прыёмаў і характар іх выкарыстання.

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Выканальніцкія мастацтвы » Музыка

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Важным фактарам, ад якога залежаць якасна-гукавыя характарыстыкі інструментальнага гуку, з’яўляецца матэрыял. Для вырабу цымбалаў народныя майстры выкарыстоўваюць драбнаслойную елку або сасну, ліпу, а таксама дуб, клён, бярозу, граб. У залежнасці ад уяўленняў аб эстэтыцы цымбальнага гуку кожны майстар кіруецца сваімі прыкметамі пры нарыхтоўцы драўніны, улічваючы і рэльеф мясцовасці, і перыяд высечкі дрэва, яго ўзрост і многае іншае. Напрыклад у зоне Варапаева лічаць, што елка павінна расці ў вельмі дрэнных ўмовах, так цымбальны гук будзе больш яркі і гучны. У адпаведнасці з якаснымі характарыстыкамі за кожнай пародай дрэва замацавана бясспрэчнае функцыянальнае прызначэнне. Цвёрдая фактура дубу, грабу, клёну, бярозы прызначаецца звычайна для вырабу ўстойлівых канструкцый і дэталяў (калкоў для нацяжэння струн, рамы і інш.). Сасна і драбнаслойная елка валодаюць добрай гукаправоднасцю, высокімі рэзануючымі ўласцівасцямі і выкарыстоўваюцца для вырабу верхняй дэкі. У зоне Варапаева (в. Дунілавічы) зафіксаваны цымбалы, якія маюць сем танальнасцяў. Канструкцыя вібрата прадугледжвае выкарыстанне цымбалаў у ансамблях розных складаў, ігру ў некалькіх танальнасцях, што падкрэслівае традыцыйнае выкарыстанне гэтага інструмента ў жыцці народа. Цымбалы ў зоне Груздава маюць дыятанічны гукарад з паніжанай VІІ ступенню і два варыянты строю: “высокі пад баян”, “нізкі строй, пад гармонік”. “Строй пад гармонік”. Як сведчаць музыкі, традыцыйны (“даўнішні”). Паяўленне ў пасляваенны перыяд у народным музіцыраванні баяна дало магчымасць настройваць цымбалы на тон вышэй, а значыць, званчэй, што адпавядае эстэтычнаму ідэалу пра інструментальны гук. Практычна гэта адзін гукарад, наладжаны на тон вышэй або ніжэй з захаваннем адзінага стэрэатыпу аплікатуры. У залежнасці ад наяўнасці інструмента, сітуацыі выканання музыкі настройвалі цымбалы ў адпаведным ладзе. Элемент не мае аналагаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У розных рэгіёнах Беларусі цымбалы адрозніваюцца памерамі, строем, дыяпазонам, колькасцю галаснікоў, радоў стун, іх лічбай у “хоры” (некалькі струн, якія настраіваюцца ва ўнісон). Усё гэта ўвасабляе адметнасць той, ці іншай лакальнай традыцыі. Напрыклад у дыятанічных цымбалах з Вілейскага і Глыбоцкага раёна было 5 струнаў у адной “пасме”, цымбалы Пастаўскага раёна маюць па 3 струны ў “пасме”. Элемент перадаецца ў мясцовай супольнасці музыкантаў ад пакалення да пакалення. У моладзі фарміруецца пачуццё самабытнасці і пераемнасці, садзейнічаючы тым самым павазе да культурнай разнастайнасці і творчасці чалавека. Ад настаўніка да вучня пры правядзенні заняткаў у Пастаўскай дзіцячай школе мастацтваў імя А.Тызенгаўза.

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Значнасць інструментальнага выканання на дыятанічных цымбалах раскрываецца праз адзінства наступных функцый: крэатыўна-рэлаксацыйная (дазваляе ўдзельнікам аматарскіх інструментальных калектываў запоўніць вольны час творчай дзейнасцю, рэалізоўваць свой творчы патэнцыял); камунікатыўная (дае магчымасць перадаць слухачам этычныя і эстэтычныя каштоўнасці); ідэнтыфікацыйная (выяўляе прыналежнасць удзельнікаў інструментальных калектываў да супольнасці і культурнай традыцыі дадзенага рэгіёна); адукацыйна-выхаваўчая і інфармацыйна-прапагандысцкая функцыі (далучэнне дзяцей і моладзі да вывучэння і папулярызацыі, вучэбных заняткаў ў калектывах мастацкай творчасці).

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Дзяржаўнаяўстанова культуры “Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна”; Дзіцячая школа мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза; Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пастаўскага райвыканкама

Паходжанне элемента:

Тэрыторыя Беларусі, дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу, заўжды была своеасаблівай магістраллю паміж Заходняй Еўропай і Расіяй. Гэта і вызначыла ўнікальны шлях развіцця народнай музычнай культуры, якая адзначана яркімі старонкамі ў гісторыі славянскага этнасу. Вывучэнне рэгіянальнай спецыфікі народнай інструментальнай культуры шляхам арэальнага даследавання актуальна для сучаснага этнамузыказнаўства, якое імкнецца да паглыбленага спасціжэння нацыянальнай самабытнасці народа. Цымбалы – здаўна вядомы старажытны запазычаны струнны музычны інструмент усходняга паходжання (Асірыя, Вавілон, Егіпет, Палестына), які быў завезены ў Еўропу XII ст. на тэрыторыю Iспанii. Развiццё еўрапейскiх цымбалаў адбываецца ў XIV– пачатку XVI стст. на «французска-бургундска-нiдэрландскай» тэрыторыi. Далей iнструмент трапляе ў Германiю i канцэнтруецца ў яе паўднёых землях, дзе атрымоўвае сваё асаблівае, незалежнае развiццё. У пачатку XVI ст. цымбалы рухаюцца далей на ўсход у Венгрыю i дасягаюць паўднёва-заходняй часткi Беларусi, аб чым сведчать абразаграфiчныя i лiтаратурныя крынiцы. Цымбалы шырока распаўсюджаны ва ўсходнееўрапейскіх краінах, такіх як: Венгрыя, Польшча, Румынія, Славакія, Чэхія, Україна і Беларусь. Але сярод мноства вiдаў еўрапейскiх акадэмiчных цымбалаў менавiта беларускi iнструмент захаваў свае традыцыйныя канструктыўныя асаблiвасцi i набыў статус нацыянальнага музычнага iнструмента. За некалькі стагоддзяў цымбалы замацаваліся ў традыцыйнай музычнай культуры і сёння ўспрымаюцца як яе арганічная і неад’емная частка. Цымбалы – ударны музычны інструмент, які мае трапецыяпадобны драўляны корпус з нацягнутымі над ім струнамі. Гук на цымбалах здабываецца палачкамі. У розных рэгіёнах Беларусі цымбалы адрозніваюцца строем, памерамі, дыяпазонам, колькасцю галаснікоў, радоў струн, іх колькасцю ў “хоры”. Усе гэтыя параметры адлюстроўваюць адметную самабытнасць той ці іншай інструментальнай выканальніцкай традыцыі. Доўгi час інструментальная ансамблевая культура заставалася незапатрабаванай вучонымi-фалькларыстамi. Тлумачыцца гэта цэлым шэрагам прычын. У першую чаргу адсутнасцю неабходнай тэхнічнай аснашчанасці для шматканальнай сістэмы запісу ансамблевых найгрышаў, працаёмкасцю працэсу транскрыпцыі і нераспрацаванасцю навукова-метадалагічнай базы для даследчай работы. Вузкаспецыфічныя задачы цесна перапляталіся з нявырашанымі агульнымі праблемамі ў галіне інструментальнага фальклору, які доўгі час заставаўся белай плямай у беларускім этнамузыказнаўстве. Першыя даследаванні інструментальнай культуры беларусаў былі зролены ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. рускiмi, украiнскiмi даследчыкамi Н. Прывалавым, Н.Фiндэйзеным, А. Гуменюком i iнш., якiя разглядаюць цымбалы ў кантэксце рускiх народных iнструментаў. Асобныя разрозненыя паведамленні раскіданы па розных этнагарафічных працах і складаюць змест невялікіх артыкулаў, пераважна апісальніцкага характару. Найбольш грунтоўныя даследваннi аўтэнтычных цымбал праведзены беларускай этнаiнструментазнаўцай I. Назiнай, у якiх галоўная ўвага надаецца вывучэнню інструментаў, асаблівасцям іх вытворчасці і функцыяніравання ў бытавых умовах. Канструкцыя народных цымбал дэтальна апiсана ў навуковых артыкулах Р. Падайнiцынай. Гiсторыя iх з’яўлення, тыпалогiя i этымалогiя разгледжана ў артыкулах Т. Мельнiкавай. Вялiкае значэнне маюць працы А. Рамадзiна, прысвечаныя носьбiтам традыцыйнай iнструментальнай культуры, як феномену народнага выканальнiцтва. Вызначальная роля ў даследаваннi народнай інструментальнай культуры беларускага Паазер’я належыць мастацтвазнаўцы А. Скарабагатчанка. Сёння ўсе гэтыя даследаванні з-за сваёй унікальнасці маюць для навукі вялікую цікавасць. Аднак спецыяльных прац, прысвечаных рэгiянальнаму традыцыйнаму iнструментальнаму выканальнiцтву на дыятанiчных цымбалах на сённяшнi момант не напiсана. Шматаспектнае вывучэнне народнай інструментальнай ансамблевай культуры абапіраецца на комплексны метад даследавання. Аснову складае канкрэтна-гістарычны аналіз Пастаўскай традыцыйнай культуры ў яе працэсуальнасці, непарыўнасці матэрыяльнай і духоўнай сфера гэта запатрабавала прымянення гісторыка-марфалагічнага, музычна-стылявога, структурна-тыпалагічнага метадаў даследавання. У якасці вядучага выступае сістэмна-этнафанічны метад, які спалучаецца з вывучэннем народных уяўленняў у традыцыйнай культуры. У народнай практыцы цымбалы выкарыстоўваюцца пераважна як ансамблевы інструмент. Ансамблі музыкаў (музычныя капэлы) з удзелам цымбалістаў іграюць жыццярадасную, вясёлую музыку на бяседах, танцах і вячорках, суправаджаюць сямейныя святы, найчасцей, вяселлі, дзе гучаць адмысловыя ўрачыстыя маршы. Па сведчанню народных музыкаў, самым старадаўнім з’яўляецца ансамбль цымбалаў са скрыпкай (“даўнішняя музыка”). Па існуючых гістарычных фактах, такі ансамблевы склад бытаваў ужо ў ХVІІ ст. Гонарам заходняга Паазер’я заўсёды былі цымбалы з іх незвычайна пераліўчатым звонам. Музыкі гавораць: “Цымбалы павінны звінець, шуму падаваць”. Па меркаванню мясцовых жыхароў яны найлепш гучаць са скрыпкай. Слынныя майстры саматужных цымбал здаўна жылі на тэрыторыі Пастаўскага раёна. Паставы – самы заходні горад Паазер’я, які знаходзіцца на беларуска-літоўскім памежжы. Па матэрыялах Пастаўскага краязнаўчага музея першыя звесткі пра горад адносяцца да 1409 г., Першы ўспамін менавіта пра Паставы адносіцца да 1522г. і звязаны з паселішчам Пасаднік, што месцілася на беразе Мядзелкі. Яго геаграфічнае размяшчэнне вызначала своеасаблівасць развіцця музычнай інструментальнай культуры, яе традыцый, дзе арганічна перапляліся глыбокія карані нацыянальнай спадчыны і еўрапейскай цывілізацыі. Паводле фальклорных экспедыцый 1984-1996 гг. і звестак беларускай даследчыцы Альбіны Скорабагатчанкі (“Народная інструментальная культура Беларускага Паазер’я”), у ХХ ст. на Пастаўшчыне склаліся дзве выканальніцкія школы народных музыкаў: Варапаева і Груздава. У мінулым гэтыя два населеныя пункты былі значнымі культурнымі цэнтрамі, куды ў дні рэлігійных і свецкіх святаў з’язджаўся на кірмашы (“фэсты”) народ з усёй акругі. Прыбывалі сюды і музыкі прадаць або купіць музычны інструмент, паспаборнічаць у выканальніцкім майстэрстве. Арэал Варапаева адрозніваўся пашыраным бытаваннем гармоніка, а ў арэале Груздава ў большай ступені былі распаўсюджаны струнныя інструменты – цымбалы і скрыпкі. З кожным месцам жыхары звязваюць цэлы арэал вёсак, аб’яднаных па адзінай прыкмеце – прыналежнасці да пэўнай выканальніцкай школы. Да арэала Груздава адносіліся вёскі Пожарцы, Ажарава, Ралаўцы, Біюці, Смычча, Сліжова, Задубенне, Дубрава, Забалацце, Цешалава, Плаксы. У арэал Варапаева уваходзяць: Варапаева, Ляхаўшчына, Дунілавічы, Зарэцкія, Барэйкі, Кавалі, Мышкі, Рэдзькаўшчына, Голбія. Выканальніцкія школы народных музыкаў з’яўляюцца асновай народнай прафесійнай інструментальнай культуры. Яны аб’ядноўваюць разнастайныя віды традыцыйнай творчасці (выраб інструментаў, выканальніцтва, навучанне), якая існуе ў сістэме адзіных эстэтычных канонаў асобнага арэала. Вядучая роля ў школах належыць яркім творчым індывідуальнасцям, якія праграмуюць характэрныя элементы стылявой спецыфікі. Таленавітыя музыкі i інструментальныя майстры спалучаюць у сваёй дзейнасці адзінства агульнарэгіянальных і лакальных традыцый. Народныя эстэтычныя ідэалы існуюць у двух вымярэннях: у памяці народа (ідэальна) і ў аб’ектыўнай сапраўднасці (рэальна). У залежнасці ад асаблівасцей сацыяльна-культурнага развіцця грамадства, асобных суб’ектыўных фактараў ідэальнае і рэальнае можа супадаць ці ўступаць у супярэчнасць. У першым выпадку традыцыя развіваецца гарманічна, у адпаведнаці з існуючымі эстэтычнымі нормамі, у другім – асуджана на затуханне ці поўнае адміранне. Каардынуючым звяном гэтых складаных працэсаў выступае гукаідэал традыцыі, які ўяўляе сабой сістэму эстэтычных крытэрыяў кананізаванага мыслення народа, адметнага глабальнай стэрэатыпізацыяй, якая існуе на мікра- і макраўзроўнях. Узаемасувязь усіх элементаў сістэмы дзейнічае па схеме: інструмент – выканаўца (або майстар) – музыка. Выканаўца каардынуе ўзаемадзеянне паміж інструментамі і музыкай, ён з’яўляецца рухаючай сілай усіх творчых працэсаў. Пастаўшчына здаўна славілася таленавітымі музыкамі, якія шмат у чым прадвызначалі шляхі развіцця яе народнай музычна-iнструментальнай культуры. Сярод іх майстар па вырабу музычных інструментаў Восіп Мікалаевіч Новік (1908-1989). За сваё доўгае творчае жыццё ён стварыў шмат самых розных інструментаў: скрыпкі, мандаліны, балалайкі і нават два кларнеты. Але сапраўдным яго прызваннем сталі цымбалы, якія прынеслі славу ўсёй груздаўскай выканальніцкай школе. Вырабам дыятанічных цымбалаў на Пастаўшчыне займалася не шмат майстроў. Апошнія з майстроў: Павініч Еўстафій Анісімавіч (1927-2015гг.) нар. в. Мішуты, Шаркаўшчынскага раёна, пражываў у в. Гута Варапаеўскага сельсавета Пастаўскага раёна; Жагула Валянцін Пятровіч (1947 г.н.) г.п. Варапаева, Пастаўскага раёна; Пачкоўскі Аляксандр Генадзьевіч (1956 г.н.) в. Голбія, Варапаеўскага сельсавета Пастаўскага раёна. На Пастаўшчыне склаліся цэлыя музычныя дынастыі Падгайскіх з в. Цешалава; Мацкевічаў, Новікаў, Мельцаў – з в. Пожарцы; Крывенькіх – з в. Груздава і Ажарава; Крываносаў – з в. Біюці і інш. Многія музыкі ўмелі добра іграць на некалькіх інструментах, вучылі гэтаму дзяцей у сям’і. Іх нашчадкі захоўваюць сямейныя музычныя традыцыі да сённяшняга дня. Іван Іосіфавіч Мацкевіч нарадзіўся ў 1922 г. у в. Нагаўкі Мядзельскага раёна Віцебскай вобласці (недалёка ад Груздава) у сям’і спадчыннага музыкі Іосіфа Францавіча Мацкевіча. Скончыў чатырохгадовую польскую школу. Яго дзед і бацькі ігралі на скрыпцы, цымбалах і дудцы. У адрозненне ад іншых дзяцей бацька прымушаў будучага музыку займацца, трымаў яго ў строгасці і за непаслухмянасць “караў рагозай”, як успамінаў сам Іван Іосіфавіч. Сваё першае вяселле ён сыграў з бацькам ва ўзросце васьмі гадоў. З той пары ён не разлучаўся з інструментам. Пазней, у гады вайны, знаходзячыся ў палоне, ён змайстраваў цымбалы, якія, па яго словах, выратавалі яго ад галоднай смерці. Шмат гадоў адыграў І. І. Мацкевіч у ансамблі з Нестарам Пятровічам Падгайскім (1917 г.н.), які цудоўна іграў на скрыпцы. У пасляваенны час авалодвае ігрой на цымбалах і становіцца лепшым выканаўцам. Усё сваё астатняе творчае жыццё ён прысвяціў цымбалам, шмат гадоў іграў у вясельных ансамблях, груздаўскім цымбальным аркестры. Сямейная дынастыя Падгайскіх была добра вядома на ўсёй Пастаўшчыне. Віктар Пятровіч Падгайскі (1926 г. н.), малодшы брат Нестара Пятровіча, праз усё жыццё пранёс любоў да цымбалаў, іграў у груздаўскім аркестры, свайго сына Уладзіміра (1952 г. н., в. Цешалава) выхаваў таксама ў любові да музыкі. Ён іграў на баяне і гармоніку. Ні адно сямейнае і вясковае свята не абыходзілася без гэтых музыкантаў, якімі ганарыліся ўсе аднавяскоўцы. Стрыечны брат Падгайскіх – Іван Уладзіміравіч Андрон (1917 г. н.) належаў да музыкантаў-універсалаў. Ён добра іграў на цымбалах, акрамя гэтага, захапляўся вырабам інструментаў: балалаек, мандалін, дудак, пастырскіх труб. Вучыўся рабіць інструменты ў Восіпа Мікалаевіча Новіка. Музыкі заўжды падкрэслівалі яго глыбокае веданне выканальніцкіх традыцый, шчырую самааданасць музычнай творчасці. Нягледзячы на сталы ўзрост, Іван Уладзіміравіч у вольны час любіў змайстраваць новы музычны інструмент, наладзіць стары, каб не згасаў і не забываўся голас продкаў. Інструменты мясцовых майстроў, высокае выканальніцкае майстэрства цымбалістаў і іх музыка славіліся яшчэ ў даваенныя часы. Менавіта ў рэпертуары музыкаў найбольш выразна выяўляецца адметная асаблівасць рэгіянальнага выканальніцкага стылю. На Пастаўшчыне музыка заўжды мела асобае значэнне. У святочныя дні праводзіліся закладныя вечарыны, на якія запрашаліся славутыя музыканты, аб чым паведамлялася загадзя. Рассылаліся пісьмы, тэлеграмы з указаннем дня, часу і месца правядзення гуляння. Вось што аб гэтым успомніла Марыя Ігнатаўна Мацкевіч (1922 – 1995), жонка вядомага цымбаліста, спявачка з в. Пожарцы: “Як пачуюць, што ў Пожарцах вечарыны і Бронька (Браніслаў Качарга) з Каліноўскім (Міхаіл Давідовіч) іграюць, тады адусюль, адусюль едуць, едуць, ідуць, столькі маладзёжы находзіць! Божа, гэтак ён іграў! Ай! Ай! (Ражкоўскі). Каб які другі музыкант, дык не збіраліся б! Другім ня так танцаваць, як паслухаць інцярэсна. Як пераберыць, брат ты мой. Старым бабам і то маладосць у галаву ўдарыць. Так добра іграў, так ахвотліва, што каб і не ўмеў танцаваць, так самі ногі перабіралі б яго музыку!” аб магічным эмацыянальным уздзеянні выканальніцкага майстэрства Браніслава Качаргі вобразна расказваў гарманіст Уладзімір Ануфрыевіч Крывенькі: “Іграў з азартам, захочыць штоб падралісь, сыграе так, што аж дзяруцца, адну польку сыграць – і будуць драцца, любым пуцём! Ісціна гаварю! Захочыць, дасць такога азарту, што з сябе выходзяць і пачынаюць драцца!!! ” Напрыканцы 30-х гадоў ХХ ст. таленавітыя музыкі пры сельскім клубе ў в. Груздава аб’ядноўваюцца ў капэлу і ў сакавіку 1940 г. ладзяць першае канцэртнае выступленне фальклорнага ансамбля, ў склад якога ўвайшлі чатыры цымбалісты, два скрыпачы, гарманіст і іншыя. У рэпертуары – музыка мясцовых музыкаў. У пасляваенныя гады ансамбль груздаўскіх выканаўцаў аднавіў сваю дзейнасць. Загадчык клуба Уладзімір Крывенька – таленавіты гарманіст і цудоўны арганізатар – працягвае збіраць музыкаў з навакольных вёсак. Да 1957 г. іх налічвалася ўжо каля 20 чалавек. У 1958-ым ансамбль прыняў удзел у I Усебеларускай дэкадзе народнай творчасці і атрымаў першыя ўзнагароды – граматы раённага і абласнога аргкамітэтаў Міністэрства культуры БССР. На заключным канцэрце дэкады, які праходзіў у Віцебску, выступленне ансамбля пачуў выкладчык Віцебскага музычнага вучылішча Якаў Паўлавіч Нікіцін. Ён высока ацаніў самабытнасць і майстэрства самадзейных музыкаў і ўзяў над імі шэфства, а ў 1965-ым узначаліў калектыў. Прапанаваў пашырыць ансамбль і ператварыць яго ў аркестр. Ідэя была падтрымана. Асноўную частку аркестра складалі груздаўскія музыкі: цымбалы (24 інструменты), баяны (2), лыжкі (6), пазней дадаліся іншыя інструменты. У рэпертуары аркестра – мелодыі роднага краю ў апрацоўцы Я. П. Нікіціна, творы беларускіх кампазітараў. З часам да груздаўскага аркестра далучыліся выкладчыкі Пастаўскай і Варапаеўскай музычных школ. Калектыў — пастаянны ўдзельнік рэспубліканскіх і ўсесаюзных фестываляў — становіцца вядомым ва ўсёй Беларусі і за яе межамі. На III Усебеларускай дэкадзе народнай творчасці БССР (1965 г.), якая праходзіла ў Вялікім тэатры оперы і балета ў Мінску, аркестрам былі выкананы «Груздаўская вясельная» і «Беларуская фантазія», а сямейны квартэт Мацкевічаў асобным нумарам сыграў польку «Агульніца» і вальс «Ніначка». У 1973 годзе за высокае выканальніцкае майстэрства і актыўны ўдзел у развіцці мастацкай самадзейнасці аркестру прысвоена званне «народны». У гэты час яго кіраўніком становіцца найстарэйшы народны музыка Груздаўшчыны, таленавіты скрыпач і цымбаліст Пётр Пятровіч Рагіня. Па яго ініцыятыве з мэтай захавання музычнай спадчыны свайго краю для нашчадкаў пры Груздаўскай васьмігадовай школе адкрываецца студыя ігры на дыятанічных цымбалах. Кіраўнік аркестра замаўляе выбітнаму мясцоваму майстру з в. Пожарцы В. М. Новіку зрабіць новы камплект старадаўніх цымбалаў. Для клубнага аркестра ў 1977 г. было зроблена 24 інструменты. Аб’ядноўваючым звяном варапаеўскіх і груздаўскіх музыкаў з’яўляецца таксама наяўнасць агульнага рэпертуару, праз які найбольш выразна выяўляецца адметная асаблівасць выканальніцкага стылю. Тлумачыцца гэта перш за ўсё дзейнасцю яркіх творчых індывідуальнасцей, а таксама пераважным выкарыстаннем тых ці іншых іструментаў, якія праграмуюць характэрныя элементы стылявой спецыфікі. Арэал Варапаева адрозніваецца найбольш пашыраным батаваннем гармоніка. У арэале Груздава ў большай ступені распаўсюджаны струнныя інструменты – скрыпкі, цымбалы, пераважна апошнія. З Груздаўскага цымбальнага аркестра выраслі сямейныя дынастыі Мацкевічаў, Рагіняў, Падгайскіх. У рэпертуары аркестра мелодыі роднага краю ў апрацоўцы Я. П. Нікіціна. Сярод найбольш папулярных – “Груздаўская вясельная”, полькі “Завіруха”, “Петраградская”, “Агульніца”, “Груздаўская”, вальсы “Васілёк”, “Спатканне” і інш. Разам з аркестрам з асобнымі нумарамі выступалi фальклорны ансамбль «Груздаўскія дзяды» і сямейны ансамбль Мацкевічаў, заснавальнiкам якога быў Іван Іосіфавіч Мацкевіч. Ён вёў актыўнае творчае жыццё: нягледзячы на пагаршэнне слыху, працягваў іграць вяселлі, выступаў на канцэртах, навучыў іграць на цымбалах сваю жонку, сына Івана і дачку Ванду, якая цяпер выкладае народныя цымбалы ў дзіцячай школе мастацтваў імя А.Тызенгаўза. Дзеці Івана Іосіфавіча надзейна захоўваюць музычныя традыцыі продкаў і перадаюць новаму пакаленню. Унукі і праўнукі па-майстэрску авалодалі традыцыямі інструментальнага выканання, выкладаюць у школе мастацтваў, становяцца лаўрэатамі шматлікіх конкурсаў па выкананню на цымбалах. Менавiта ў Паставах больш за 30 гадоў праходзiць Мiжнародны фестываль народнай музыкi “Звіняць цымбалы ігармонік”. А Варапаеўскія музыкі першыя на раённых і абласных святах “Іграй гармонь”, якія ўскалыхнулі натхненне народных выканаўцаў.

Стан бытавання:

развіццё ці распаўсюджванне

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Першы ўспамін пра Паставы адносіцца да 1522г. і звязаны з паселішчам Пасаднік, што месцілася на беразе Мядзелкі. Па матэрыялах Пастаўскага краязнаўчага музея першыя звесткі пра горад адносяцца да 1409 г. Паставы – самы заходні горад Паазер’я, які знаходзіцца на беларуска-літоўскім памежжы. Геаграфічнае размяшчэнне шмат у чым вызначала своеасаблівасць развіцця музычнай культуры, яе традыцый, дзе арганічна перапляліся глыбокія карані нацыянальнай спадчына і еўрапейскай цывілізацыі. Фальклорныя экспедыцыі 1984-1996 гг. Выявілі ў заходнім Паазер’і існаванне дзвюх выканальніцкіх школ народных музыкаў: Варапаева і Груздава. З кожным х іх мясцовыя звязваюць цэлы арэал вёсак, аб’яднаных па адзінай прыкмеце – прыналежнасці да пэўнай выканальніцкай школы. Да арэала Варапаева адносяцца Варапаева, Ляхаўшчына, Дунілавічы, Зарэцкія, Барэйкі, Кавалі, Мышкі, Рэдзькаўшчына, Голбія, да арэала Груздава – Груздава, Пожарцы, Ажарава, Ралаўцы, Біюці, Смычча, Сліжова, Задубенне, Дубрава, Забалацце, Цешалава, Плаксы. У мінулым Варапаева і Груздава – культурныя цэнтры, куды ў дні рэлігійных і свецкіх святаў з’язджаўся на кірмашы (“фэсты”) народ з усёй акругі. Прыбывалі сюды і музыкі прадаць, або купіць музычны інструмент, паспаборнічаць у выканальніцкім майстэрстве. Яшчэ ў даваенныя часы славіліся груздаўскія цымбалы, гармонікі, за кімі прязджалі музыкі здалёк.

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Віцебска-віленскія гаворкі паўночна-заходняй групоўкі гаворак асноўнага беларускага дыялектнага тыпу з ужываннем паланізмаў.

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Цымбалы, скрыпка, гармонік, кантрабас, дудка, барабан, канцэртныя касцюмы калектываў.

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Развіццю народнага выканальніцтва садзейнічала прамысловая вытворчасць музычных інструментаў, якая задавальняла патрэбы ўсіх, хто жадаў далучыцца да музычнай творчасці. Аркестравая музыка, разнастайныя ансамблі загучалі са сцэны, на плошчах і вуліцах, пранікаючы гулкім рэхам у аддаленыя куткі нашай краіны. Па сведчанню народных музыкаў, самым старадаўнім ансамблем з’яўляецца скрыпка з цымбаламі (“даўнішняя музыка”). Гордасцю гэтага азёрнага краю заўсёды былі цымбалы з іх незвычайна перліўчатым звонам, якія на памяці мясцовых жыхароў заўсёды гучалі толькі са скрыпкай – “каралевай музыкі”. У заходнім Паазер’і, акрамя фабрычных, бытуюць скрыпкі, зробленыя акадэмічнымі майстрамі, нарэдка з замежнай маркіроўкай пад вядомага італьянскага майстра. Яны з’яўляліся ў народнай традыцыі рознымі шляхамі. Адным музыкантам яны даставаліся ў спадчыну, другія выменьвалі ў галодныя ваенныя гады мяшок мукі або іншыя прадукты на інструмент, пра які марылі ўсё жыццё. Самаробныя інструменты не вытрымлівалі канкурэнцыі з акадэмічнымі ўзорамі, якія з даўніх часоў бытавалі ў гэтых краях. Народныя музыкі імкнуліся набыць прафесіянальныя скрыпкі, з гордасцю дэманструюы яе цудоўныя якасці гуку. Першае з’яўленне гармоніка ў заходнім Паазер’і адносіцца да пачатку нашага стагоддзя (па звестках В. П. Мядухі (1898-1987), які жыў у в. Тузбіца Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці, гармонік загучаў на народных гуляннях у 1905 г., і адразу ён заваяваў усеагульную любоў і прызнанне. На гэтай тэрыторыі бытуюць галоўным чынам гармонікі “хромкі” і “петраградкі” (трохрадкі). З цягам часу дамінуючае становішча займае “хромка”, якая паступова выцясняе “петраградку” на другі план. Тлумачыцца гэта захаваннем у народзе традыцыйнай музыкі. Далучэнне “хромкі” да ансамбля “даўнішняя музыка” адбывалася праз асваенне традыцыйных выканальніцкіх канонаў. Адначасова гармонік абагаціў гучанне “даўнішняй музыкі” новымі тэмбравымі пералівамі, багатым акордавым суправаджэннем. У народнай традыцыі гэты ансамбль стаў называцца “настаяшчая музыка”, увабраўшы ў сябе пераемнасць старых традыцый і новыя эстэтычныя ідэалы. З ансамблем “настаяшчая музыка” у народзе звязаны ўяўленні пра высокае выканальніцкае майстэрства, глыбокае веданне традыцыйнай культуры. “Настаяшчая музыка” – неад’емная частка абрадавых дзеянняў, дзе найбольш строга захоўваюцца эстэтычныя і этычныя нормы народа. Цэнтральнае месца сярод ўсіх абрадаў займае вяселле, у якім музыцы адводзіцца адна з галоўных роляў, яна суправаджае ключавыя моманты ўсяго драматургічнага дзеяння. Вяселле на Паазер’і лічыцца вясёлым і багатым, калі на ім гучалі скрыпка, цымбалы, гармонік. Назва “настаяшчая музыка” – глыбока сімвалічная. Яна падводзіць рысу пад творчасцю народных музыкантаў-прафесіяналаў. Палявыя даследванні сведчаць, што ідэалам народнай музыкі абедзвюх школ з’яўляюцца скрыпка, цымбалы, гармонік. Аб’ядноўваючым звяном варапеўскіх і груздаўскіх музыкаў з’яўляецца таксама наяўнасць агульнага рэпертуару, праз які найбольш выразна выяўляецца адметная асаблівасць выканальніцкага стылю. Тлумачыцца гэта перш за ўсё дзейнасцю яркіх творчых індывідуальнасцей, а таксама пераважным выкарыстаннем тых ці іншых інструментаў, якія праграмуюць характэрныя элементы стылявой спецыфікі. Арэал Варапаева адрозніваецца найбольш пашыраным бытаваннем гармоніка. У арэале Груздава ў большай ступені распаўсюджаны струнныя інструменты – скрыпкі, цымбалы, пераважна апошнія. Заснавальнікам традыцый гармонікавага мастацтва быў Франц Енуковіч, які ўзяў сабе псеўданім “Мадрыд” (памёр у 80-я гады). Яго творчай асобай да сённяшняга дня захапляюцца ўсе, каму хоць раз пашчасціла чуць яго ігру. Сваёй разнабокавай дзейнасцю ён стварыў вобраз музыкі-універсала, які стаў сваеасаблівым эталонам для ўсіх народных выканаўцаў. Да больш яркіх асоб, якія прадоўвылі выканальніцкія традыцыі Франца Енуковіча, належыць Мечыслаў Іосіфавіч Рабіза (1905-1991) і яго сын Мечыслаў Мечыслававіч Рабіза (г.н. 1933). М. М. Рабіза – адзін з самых вядомых гарманістаў Паазер’я. нарадзіўся ў в. Балаі (зона Груздава) у сям’і спадчынных музыкаў. Яго бацька Мечыслаў Іосіфавіч быў таксама знакамітым музыкантам, майстрам па вырабу гармонікаў, нават у зняволенні ў час вайны ён заахвоціў да музыкі шмат таленавітай моладзі. Сярод іх і яго сын Мечыслаў, які пачаў вучыцца іграць на гармоніку з трох гадоў, а ў сем упершыню выступіў на канцэрце ў сельскім клубе. Было гэта ў 1940 г. Дуэт братоў Бараноўскіх з в. Зарэцкія (1,5 км ад Варапаева) вядомы на ўсю акругу. Абодва браты, Казімір Мікалаевіч (г. н. 1919) і Іосіф Мікалаевіч (г. н. 1936), навучыліся іграць на гармоніку самастойна дзякуючы моцнаму жаданню стаць музыкамі. Прыродны талент, выдатныя выканальніцкія даныя дазволілі ім увайсці ў лік музыкаў-прафесіяналаў. Носьбітам традыцый бытавога музіцыравання з’яўляецца таксама Варапаеўскі гарманіст Альберт Люцыянавіч Аўсюк (г. н. 1922). Ва ўзросце 10 гадоў яго аддалі на два тыдні ў вучні гарманісту Уладзіміру Казіміравічу Сініцу з в. Хралы. Мяркуючы па рэпертуары, выканальніцкім майстэрстве, уменні грунтоўна расказаць пра народную музыку, выканальніцкія традыцыі, можна зрабіць вывад, што навучанне на гармоніку знаходзілася на патрэбным ўзроўні. Адсутнасць вопыту ансамблевага музіцыравання не дазволіла звязаць яму свой лёс з музыкамі-прафесіяналамі. Станіслаў Пятровіч Мелец (1924-1991) нарадзіўся ў в. Пожарцы ў праслаўленай сямейнай дынастыі. Скончыў чатырохгадовую польскую школу для бедных сялян. Для пачынаючага скрыпача не было іншага шляху, як стаць музыкам. Жаданне быць падобным да свайго дзеда – Івана Мельца прымушала падоўгу займацца на скрыпцы, каб дабіцца “галоснасці і спрытнасці пальцаў”. Станіслаў Пятровіч быў таленавітым музыкантам, меў абсалютны слых, цудоўна спяваў. У яго быў незвычайна прыгожага тэмбру голас, за што празвалі яго ў народзе Салаўём. Па словах аднавяскоўцаў, дуэту С. Мельца з цымбалістам І. Мацкевічам, не было роўных. Яны былі самымі лепшымі валачобнікамі, цудоўнымі вясельнымі музыкантамі, якія выдатна ведалі і беларускія і польскія абрады. Вялікі ўклад ў развіццё музычнай культуры свайго краю ўнёс вядомы народны скрыпач Пётр Пятровіч Рагіня (1922-1991). Разнастайна таленавіты музыка валодаў дарам натхняць людзей, весці іх за сабой. На працягу свайго жыцця ён быў арганізатарам фальклорнага ансамбля, кіраваў цымбальным аркестрам Груздава, шмат гадоў кіраваў хорам у Паставах. Акрамя гэтага цудоўна іграў на цымбалах, імправізаваў на баяне, гітары, мандаліне, балалайцы.

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Элемент перадаецца ў мясцовай супольнасці музыкантаў ад пакалення да пакалення. У моладзі фарміруецца пачуццё самабытнасці і пераемнасці, садзейнічаючы тым самым павазе да культурнай разнастайнасці і творчасці чалавека. Ад настаўніка да вучня пры правядзенні заняткаў у Пастаўскай дзіцячай школе мастацтваў імя А.Тызенгаўза.

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

На сённяшні дзень амаль не існуе майстроў, якія займаюцца вырабам і настройкай дыятанічных цымбал. Цымбалы зараз меньш выкарыстоўваюцца ў паўсядзённым жыцці. Больш выкарыстоўваюцца ў канцэртнай дзейнасці.

Ключавыя словы

Цымбалы

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Фотафіксацыя