“ДАЧКА ПРЫПЯЦІ” на кінафестывалі “ЛІСТАПАД”

“ДАЧКА ПРЫПЯЦІ” на кінафестывалі “ЛІСТАПАД”

21.11.2023

З 17 па 24 лістапада ў нашай краіне праходзіць XXIX Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”, у якім бяруць удзел 107 краін свету. З іх 10 дзяржаў СНД. Фільмы дэманструюцца ў 80 кропках Беларусі, знаёмячы гледачоў з 80 карцінамі, прадстаўленымі ў афішы. Буйнейшы кінафорум адбываецца пад патранажам Прэзідэнта Прэспублікі Беларусь, у ліку яго ўзнагарод – прэстыжныя спецыяльныя прызы кіраўніка краіны “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве” і “За гуманізмі духоўнасць у кіно”.

Сёлета арганізатары фестываля ўключылі ў склад пазаконкурсных паказаў фільм “Дачка Прыпяці” 2012 года, прысвечаны жыццю і творчасці знакамітай на ўвесь свет спявачкі з вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці Кацярыны Панчэні. Рэжысёр Ігар Бышнёў. Сцэнарый Ігара Бышнёва і Юрыя Ігрушы. Прадзюсер Юрый Ігруша. Кансультант Рэгіна Гамзовіч. 

Прадзюсер стужкі Юрый Ігруша разам з рэжысёрам і аператарам Ігарам Бышнёвым, кансультант фільма Рэгіна Гамзовіч ў кіназале Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” падзяліліся ўспамінамі пра гэтую незвычайную жанчыну, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла захаванню культурнай спадчыны роднай вёскі, нягледзячы на тое, што ёй выпаў нялёгкі лёс і шмат выпрабаванняў. Дачка вялікай палескай ракі Прыпяць, на беразе якой у месцы ўпадзення ў яе ракі Сцвіга яна нарадзілася і жыла сярод таленавітых і працавітых аднавяскоўцаў, была ўвасабленнем таленту, цярплівасці, вернасці традыцыям продкаў, любові да роднага краю пагосцкіх жыхароў. І хоць Прыпяць кожнай вясной разлівалася, мясцовыя жыхары мудра казалі: “Вада – не бяда, затое зямля наша багатая, дае добрыя ўраджаі”. І хоць суседняя Сцвіга адняла ў яе сына і ўнука, па якіх яна ўсё жыццё галасіла на яе берагах (і гэта адлюстравана ў фільме), яна ўсё роўна захапляецца гэтым прыгожым раслінным і жывёльным светам, у асяроддзі якога жыве.

Абрад “Карагод” на свята Юр’е 6 мая ўвасабляе найбольшую каштоўнасць для жыхароў гэтага краю. Ён стаў першай нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю ў нашай краіне, а затым увайшоў у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. У 2023-м годзе гераіня фільма адышла ў вечнасць, пакінуўшы ўсім запавет – зберагаць сваю спадчыну, шанаваць продкаў, любіць свой край. Яе песні і абрады гадавога кола, якія яна захоўвала разам з удзельніцамі гурта “Міжрэчча”, створага ёю ў 1980 годзе, напаўняюць фільм непаўторным гучаннем прыпяцкай гаворкі і мелодый, якія ў розную пару года зліваюцца з галасамі птушак, шумам ветру і вады, зачароўваюць і захапляюць.

калаж-1.jpg

Аўтары сцэнарыя Ігар Бышнёў і Юрый Ігруша ў 52-хвілінным фільме вельмі тактоўна і паважліва  адлюстроўваюць лёс гераіні, штодзённы і святочны побыт вяскоўцаў. Гэтая дакументальная аповесць здымалася з восені 2011 па вясну 2012 года. Матэрыялаў хапіла яшчэ на адзін паўнаметражны фільм “Кола часу”. Змена навакольнага асяроддзя і стан вялікай палескай ракі, якую здымалі з дапамогай квадракоптара, увесну падчас разліву рэк яшчэ і ў наш час уяўляе “Мора Герадота” з мноствам птушак, якія прылятаюць на яе берагі гнездавацца, звяроў, што кормяцца ад яе, як і людзі. Зімой, як і даўней, лядовая паверхня ракі служыць месцам для дзіцячых гульняў, а дарослым – месцам палявання і рыбалкі. Падводныя здымкі аператара-дайвера Андрэя Ліхачова адлюстроўваюць таямнічае падводнае царства і тое, як гэты таямнічы свет уяўляюць мясцовыя людзі.

калаж-2.jpg

Фільм “Дачка Прыпяці” неаднаразова прадстаўляў беларускую дакументалістыку на міжнародных кінафорумах. У нашай краіне атрымаў гран-пры Міжнароднага каталіцкага фестываля хрысціянскіх фільмаў “Magnifikat” у 2014 годзе, затым на адным з фестываляў “Лістапад” была адзначана творчасць Наталлі Цецярэўскай, якая таленавіта агучыла фільм “Дачка Прыпяці”. Аператарская работа рэжысёра Ігара Бышнёва і Паўла Зубрыцкага была адзначана як лепшая ў 2013 годзе ў Хабараўску на міжнародным кінафестывалі “Залаты віцязь”. Ігар Бышнёў стаў пераможцам у намінацыі “Рэжысёрская работа” за гэты фільм на XVII Міжнародным тэлевізійным экалагічным фестывалі ў Югры Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі “Спасти и сохранить”. На II Міжнародным інтэрнет кінафестывалі Star Independent (Україна-Іспанія) ў 2016 годзе быў атрыманы прыз у намінацыі “Дакументальны фільм”. У 2022 годзе на Першым міжнародным жаночым фестывалі ў Дамаску ў Сірыі сярод фільмаў з 11 краін свету Беларусь была прадстаўлена дакументальнай кінастужкай “Дачка Прыпяці”, аўтары якой атрымалі прэстыжную ўзнагароду.

Рэгіна Гамзовіч, фота аўтара

КФ_Лістапад-2-2.jpg
Юрый Ігруша, Рэгіна Гамзовіч, Ігар Бышнёў 21 лістапада 2023 г.
у кіназале Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”

КФ_Лістапад-1-1.jpg


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.