Інвентар НКС
Вобласць:
Раён:
Абрады і звычаі свята Пятрок у вёсцы Шыпілавічы Любанскага раёна МІнскай вобласціШыфр (у Дзяржаўным спісе): 63АК000142
Дата ўключэння: 08/07/2024
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 04.07.2024 № 04-01-02/5. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь ад 08.07.2024 № 106
Шыфр (у Інвентары): НКС-20250701
Звесткі аб адказнасці адносна НКСКуратар:
ДУ “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці”. Адрас: вул. Гікалы, д. 4, г. Мінск; Выяўленне элементаў НКСНазва: Абрады і звычаі свята Пятрок у вёсцы Шыпілавічы Любанскага раёна МІнскай вобласці Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт): Пятрок, Пятро, Пятроў дзень, Пятровіца, дзень Святых Пятра і Паўла Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы): Жыхары вёскі Шыпілавічы і суседніх вёсак Жораўка, Обчын, Рачэнь, Рэдкавічы, Арлёва, а таксама госці і ўдзельнікі традыцыйнага штогадовага гасцявога кірмашу на “Пятроў дзень” у Шыпілавічах, шматлікія ўдзельнікі рэгіянальнага фестывалю традыцыйнай культуры “Пятровіца” Арэол распаўсюджвання:
Кароткае апісанне элемента: Свята Пятрок уяўляе сабой комплекс абрадавых дзей і праяў з традыцыйнай культуры, якія бытавалі ў вёсках Шыпілавічы, Обчын, Жораўка, Залуг, Рачэнь, Кузьмічы, Баянічы Любанскага раёна, а сёння складаюць аснову адноўленага свята Пятрок у в. Шыпілавічы. Ідэнтыфікацыя і апісанне элементаКатэгорыя элемента: Традыцыйныя цырымоніі » Святы Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам: На сёння свята Пятрок як і “Пятровіца” - адметная рыса Любаншчыны і арэал бытавання абмежаваны адной вёскай, а менавіта в. Шыпілавічы. Канцэнтрацыя пятроўскіх звычаяў і традыцый і практык сталася тут самай высокай. Бадай нідзе на Беларусі няма месца, дзе б свята Пятрок адзначалася больш шырока ці больш поўна. Асаблівую гарманічнасць святу надае спалучэнне колераў традыцыйных народных строяў і прыродных колераў сярэдзіны лета. Гэта колеры натуральнай льняной тканіны, чырвонай вышыўкі, спелага жытнёвага поля і ўсё яшчэ зялёнага лісця дрэў. Для мясцовага насельніцтва і сталых удзельнікаў свята гэтая падзея з’яўляецца безумоўнай каштоўнасцю. Прысутнічаюць адметныя непаўторныя элементы святкавання, характэрныя только для гэтай падзеі Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі: Традыцыі святкавання Петрака мае выразную лакальную спецыфіку і з’яўляецца часткай традыцыйнай культуры вёскі Шыпілавічы, таму можа стаць спецыфічным культурным брэндам Любаншчыны. Захаванне традыцый святкавання Петрака садзейнічае ўмацаванню ідэнтычнасці мясцовага насельніцтва і вылучае культуру Любаншчыны сярод культур іншых рэгіёнаў краіны. Дадзены элемент нематэрыяльнай спадчыны мае дакладную прывязку да даты 12 ліпеня і таму мае ўтылітарную функцыю і большую каштоўнасць адносна святаў з нефіксаванай датай. Традыцыі святкавання ўяўляюць сабой цікавы сімбіёз дахрысціянскіх і хрысціянскіх практык, што толькі павялічвае каштоўнасць і самабытнасць святкавання і прыцягвае ўвагу аматараў беларускай культуры і фальклора Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента: Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама аказвае падтрымку ў правядзенні свята Пятрок у вёсцы Шыпілавічы. Сіламі аддзела культуры ладзіцца канцэрт, на які запрашаюць мастацкія гурты з Любанскага і суседніх раёнаў, арганізуецца гасцявы кірмаш. Ён садзейнічаў аднаўленню свята Пятрок ў межах “Праграмы аднаўлення кірмашовых традыцый Любаншчыны” і “Праграмы рэгіянальных святаў”. Дзяржаўная ўстанова культуры "Любанскі раённы цэнтр культуры" (РЦК) штогод робіць вялікі ўнёсак у захаванне традыцыі святкавання Петрака. Супрацоўнікамі РЦК праведзена глыбокае даследванне традыцыі, паволе гістарычных звестак адноўлены ход святкавання. Жораўскі дом народных традыцый і Обчынскі дом народнай творчасці прыймаюць актыўны ўдзел у захаванні традыцый Петрака, арганізуючы сталыя жаночыя карагоды па вёсцы падчас свята і праводзячы рытуалы. Варта адзначыць і тое, што Сароцкі сельскі савет ужо шмат год прымяркоўвае свята вёскі Шыпілавічы да Петрака, што безумоўна спрыяе прыцягненню ўвагі да святкавання і з’яўляецца важнай культурнай падзеяй у жыцці вяскоўцаў і жыхароў суседніх вёсак. Паходжанне элемента: Большасць абрадавых дзей свята Пятрок адноўленая паводле ўспамінаў жыхароў вёсак Любанскага раёна. Але паколькі гэта звесткі ад розных людзей, і ніводны інфарматар не расказаў паслядоўнасці дзей, то сучасны парадак абрадаў, рытуалаў і практык складзены Сяргеем Выскваркам на аснове вопыту ўзнаўлення традыцыйных святаў Любаншчыны і не выклікае пярэчанняў у носьбітаў. Час узнікнення карагодаў і іншых рытуалах Петрака хаваецца ў старажытных часах, а паводле інфарматараў з Любаншчыны існаваў ужо ў пачатку ХІХ ст. у вёсках Шыпілавічы, Кузьмічы, Обчын, Рачэнь, Баянічы, Новыя Юрковічы, Малыя Гарадзяцічы, Залуг. Таксама выпадае гаварыць пра прыпыненне традыцыі святкавання Петрака ў форме, апісанай носьбітамі. Ад гэтай часткі свята засталося само ўсведамленне значнасці даты ў сельскагаспадарчым календары і вогнішчы, якія моладзь паліла ў гэтую ноч ля ўласных двароў, зрэшты як і ў некаторыя іншыя даты. Таксама пакуль невядомы год прызначэння святочных малебнаў у вёсцы Шыпілавічы. Іх адпраўленне таксама было спыненае і адноўленая ў 2011 годзе. Асноўная сацыяльная функцыя святкаванне Петрака, якая дайшла да нашых дзён, – гэта падтрыманне роднасных сувязяў і напаўненне культурнага жыцця на вёсцы. Гэта адбылося дзякуючы захаванасці кірмашовага кампанента свята Пятрок у вёсцы Шыпілавічы. Агулам, у 2000я гады традыцыя кірмашоў прысутнічала на Любаншчыне шырока. Калі ж казаць пра звесткі ў даследчыцкай і мастацкай літаратуры, то зафіксавана даволі шмат фрагментарных сведчанняў пра свята Пятрок на тэрыторыі Беларусі. Гэтыя звесткі сталі дадатковым абгрунтаваннем для ўпарадкавання святочных дзей і агулам для разумення свята Пятрок у вёсцы Шыпілавічы у кантэксце беларускай традыцыйнай культуры. Вось такое апісанне традыцыі гасцявых кірмашоў знаходзім у “Казках і апавяданнях беларусаў Слуцкага павета” А.К. Сержпутоўскага, запісанае на Случчыне ў 1910 годзе:“Хвэст спраўляюць і маюць свой асабісты ў кождуй хаце самой маленькай вёсцы, дзе Юр’я, дзе Мікалая або Ганны, дзе дзісятухі, Параскімкі ці якога-небудзь іншага святка. У кождуй вёсцы дзе-небудь на канцы вуліцы ці на узгорачку пад каржакаватымі дзераўлякамі з гняздом бацяна ставяць каплічку або цэркаўку, а то проста высок дзераўляны крыж. Там дзе-небудзь на дзераве ці на слупе вешаюць маленькі звон. На хвэст яшчэ зрана пачынаюць званіць. Потым прыязджае поп з дзякам служыць там малебство, а калі папа няма, то старыя мужчыны збіраюцца і самі моляцца, як умеюць. После малебства пачынаецца святкаванне, госці, песні, скокі, дужанкі ці розныя гутаркі, як звыкло ў хвэст. У гэты дзень п’юць усе — старыя і малыя, мужчыны і жанкі, п’юць дзень, ноч, а то і на заўтра увесь дзень. На хвэст збіраюцца людзі з суседніх вёсак: сябры, родныя, знаёмыя, а то і проста тыя, хто хочэ добрэ выпіць. Моладзь прыходзіць людзей паглядзець і сябе паказаць да паскакаць на йгрышчы ці пашуткаваць да пажартаваць з дзяўчатамі”. Час з’яўлення дахрысціянскіх традыцыі святкавання Петрака дакладна невядомы. У энцыклапедыі міфалогіі беларусаў, са спасылкай на “Жыцця адвечны лад” У. Васілевіча, Пятрок зарэгістраваны як свята народнага календара ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла, 12 ліпеня н.ст., якія ўяўляюцца памочнікамі сялян у розных земляробчых справах летняга перыяду (пакосе, жніве, нарыхтоўцы венікаў, выпасе быдла). Да пачатку Другой сусветнай вайны, пакуль не была разбураная царква, ў в. Шыпілавічы былі прызначаныя і праводзіліся малебны менавіта на свята “ Пятрок”. Паводле энцыклапедыі “Традыцыйная мастацкая культура Беларусаў” па ўсёй тэрыторыі Беларусі гэтае свята вядома і мае наступныя агульныя рысы: святкаванне на вольным паветры, забарона любой гаспадарчай працы на Пятра, адзначэнне завяршэння “Пятровіцы”, пятроўскага посту, прыезд гасцей і сваяўкоў здалёк, азначэнне ў спевах і прымаўках касьбы і жніва, як дамінуючых гаспадарчых прац у гэты час. “Пятровіца” – гэта час касавіцы, калі традыцыйна мужчыны былі заняты касьбою. А вось пасля свята Пятрок пачынаўся час жніва, і таму Пятровіца для дзяўчат была ці не апошняя магчымасць пагуляць перад жнівом. “ Жыта жнуць і кажуць: О, на Пятра, хлеба прапякла” - такое азначэнне запісанае Сяргеем Выскваркам ад Марыі Слівец, 1925г.н., в. Малыя Гарадзяцічы Любанскага раёна. У кнізе У. Сысова “З крыніц спрадвечных” выказана меркаванне, што ў язычніцкія часы да гэтага дня дапасоўваліся старажытныя земляробчыя абрады, у якіх звярталіся да Духаў і Багоў з маленнямі аб паспяховым росце збажыны, лёну, бульбы, і ўсялякім спрыянні ў гаспадарчых працах. Такою думку аўтар выказвае на падставе характару земляробчых прац, песенных матываў, прыкмет і павер’яў. Таксама аўтар звяртае ўвагу на той факт, што пятроўскія песні спяваюцца на адзін матыў з купальскімі і складаюць з імі адзіную жанравую разнавіднасць. “Перад Пятром пятым днём…” шматлікае ўзгадванне ў купальскіх і пятроўскіх песнях аднаго і таго ж перыяду, які ў салярным цыкле супадае з перыядам летняга сонцастаяння, дадаткова сведчыць пра старажытную роднаснасць святаў Купалля і Пятра. Таму том БНТ “Купальскія і пятроўскія песні” змяшчае гэтыя песні разам. Слушнай падаецца думка У. Сысова: “Відаць раздваенне язычніцкага купальскага святкавання на два святы адбылося цягам апошняга тысячагоддзя пры актыўным удзеле хрысціянства”. З той жа кнігі У. Сысова:“Па звестках этнографаў і фалькларыстаў мінулага і нашага стагоддзя ў асобных раёнах Цэнтральнай, Паўднёвай і Усходняй Беларусі на Пятра моладзь “кумілася”. Нас асабліва цікавіць той факт, што, кумленне з хлопцамі рабілася ў лесе, дзе раскладвалася вогнішча, частаваліся блінамі, яешняй, гарэлкай. На такіх рытуалах маглі прысутнічаць і жанчыны, але калі б там пажадаў з’явіцца мужчына, то жанчыны зрывалі з яго галавы шапку і кідалі ў вагонь”. Варта адзначыць Купалле не святкавалася шырока на Любаншчыне, і выглядае так, што Пятрок, разам з Русаллем, былі заключнымі святамі летняга цыклу на гэтай тэрыторыі. Песня “Пятрова ночка маленька” і выраз “это спявалі на Пятровіцу” запісаныя Галінай Барташэвіч у 1975 годзе ў пас. Залуг ад Аўдоцці Кандратаўны Ляўчэні, 1902 г.н, дала штуршок да пошуку інфармацыі аб абраднасці адрознай ад Купалля. І ў выніку дазволіла сфармуляваць асобную традыцыю святкавання Петрака. Звесткі, што ляглі ў аснову існуючых сёння традыцый, збіраліся па ўсім Любанскім раёне Сяргеем Выскваркам. Важныя сведчанні сабраныя ў кнізе А. Ляшкевіч “Традыцыйны каляндар”: “казалі “дзеўка хітра да Пятра, маючы на ўвазе, што імкнецца спадабацца хлопцам, бо ў гэты дзень гулялі вяселлі, а наступны перыяд, калі засылалі сватоў, наступаў толькі ўвосень, пасля збору ўраджаю. Шлюбныя матывы пятроўскіх песень у нейкай ступені могуць быць абумоўлены Пятроўскім пастом (Пятровіцай), што цягнуўся ад нядзелі пасля Тройцы да Пятрова дня і накладаў на паводзіны моладзі некаторыя абмежаванні. Напрыклад, у песні з Любанскага раёна: Цяжка да важка Пятра ждаць, Ды на дзевак паглядаць. Цягнецца хлопцам Пятровіца, гардовіца.” Таксама А.І. Ляшкевіч ў сваёй кнізе “Традыцыйны каляндар” апісвае абрад у в. Шыпілавічы, які бачыла сама ў 2018-ым і папярэдніх гадах. І гэта бадай самае поўнае апісанне сучаснага стану, якое зафіксавана ў літаратуры:“Святкаванне Петрака адноўлена ў Шыпілавічах Любанскага раёна па расповедах старэйшых жыхароў. Праходзіць малебен ля прыдарожнага крыжа, абраканне ля крыжа на гары, карагоды па вуліцах. Кульмінацыяй свята становіцца распальванне абрадавага вогнішча, скокі праз яго – кумленне хлопцаў і дзяўчат, – а таксама спальванне папяровых шапак, якія дзяўчаты зрываюць у хлопцаў. Раней палілі сапраўдныя шапкі, таму хлопцы адмыслова надзявалі на свята старыя галаўныя ўборы” Стан бытавання: менш распаўсюджаны Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент: Свята Пятрок бытуе ў натуральным вясковым асяроддзі. У жыхароў в. Шыпілавічы, в. Жораўка, в.Ляхаўка захавалася шчыльная сувязь з сезоннымі зменамі прыроды праз захаваны сельскагаспадарчы ўклад жыцця. Таму сярэдзіна лета, пачатак жніва, які апяваецца ў пятроўскіх песнях, захоўваюць жывое значэнне ў жыцці вяскоўцаў. Рака Арэса, якая да меліярацыі маляўніча агінала вёску, разлівалася на шырокіх папалавах і сёння ўспрымаецца як важны крытэр нармальных умоў жыцця людзей. Нягледзячы на тое, што значна спрамленая рака цяпер праходзіць далей ад вёскі, а старое рэчышча і берагі толькі ўзгадваюцца паміж вёскай і лесам. Вядомы этнограф Павал Шпілеўскі нарадзіўся ў в. Шыпілавічы ў 1823 годзе ў сям’і святара. Яго бацька служыў у той самай царкве на беразе ракі Арэсы, фота якой нядаўна знойдзенае ў архівах Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане, і пра разбурэнне якой памятаюць яшчэ сучасныя жыхары вёскі Шыпілавічы. Беларускі этнограф, фалькларыст, тэатральны крытык, публіцыст, пісьменнік і перакладчык, кандыдат багаслоўя ў «Падарожжах па Палессі і Беларускім краі» згадвае мясцовую сялянку Агату Касьмінаву, ад якой у дзяцінстве пачуў шмат казак, песень і аповядаў. Сельскі Дом культуры і парк каля яго маюць важнае значэнне ў якасці асноўнай лакацыі для кірмаша і святочнага канцэрта. Гэта на сёння адзінае грамадскае месца ў вёсцы. Больш за тое, будынак клуба з’яўляецца архітэктурным помнікам… На жаль, СДК быў зачынены ў 2021 годзе, на сённяшні дзень будынак належыць СВК “Юрковіцкі” і не выкарыстоўваецца па прызначэнні, хоць і знаходзіцца ў добрым стане. Для традыцый святкавання важнае значэнне мае здаровы прыродны ландшафт, без прамысловай і гарадской забудовы. А прыватныя традыцыі святкавання завязаныя на наступныя знакавыя кропкі: прыдарожны крыж, крыж на гары ля в. Шыпілавічы і дуб, якія мае статус помніка прыроды “Эталон віда” з 2019 года. Захаванне здаровага ландшафту і знакавых кропак будзе спрыяць і захаванню элементаў уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў РБ па Любанскаму раёну. Мясцовы песенны стыль выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых песень аўтэнтычнымі фальклорнымі гуртамі "Журавушка", "Глыбокія крыніцы", "Павалякі" (вв. Ямінск, Закальное, Обчын, Любанскі р-н, Мінская вобл.) 2008 Тэхналогія і традыцыі выпякання хатняга хлеба ў вёсках Жораўка і Кузьмічы, Любанскага раёна, Мінскай вобласці. 2020 год «Беларускае мастацтва выцінанкі. Любанскі раён. Мінская вобласць» 2021 “Традыцыі і тэхналогія прыгатавання дранікаў і бульбяных бліноў у Любанскім раёне, Мінскай вобласці” 2022. Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца: Слуцка-мазырская група цэнтральна-беларускіх гаворак. Адметнасцю карэнных жыхароў вёскі Шыпілавічы з’яўляецца частае выкарыстанне выклічніка “во-о-ой” з адметным падаўжэннем галоснага. Гэты выклічнік выкарыстоўваецца для перадачы наступных эмоцый: здзіўленне, рэакцыя на навіну ( пр.: Во-о-ой, і што гэта за новы чалавек прыехаў?); нязгода, дакор ( пр.: Во-о-ой, нашто ты гэта ёй сказаў? Ня трэ было.). у любой сітуацыі, дзе не зразумела як рэагаваць альбо незразумелы сэнс пытання ( пр.: – Я табе прапаную такую замену: твае зімовыя шыны аддамо яму, а гэтыя будуць табе. – Во-о-ой.). Наступныя ж моўныя адметнасці хоць фіксуюцца шырэй, чым вёска Шыпілавічы, але вызначаюць непаўторнасць гучання мясцовай гаворкі Любаншчыны: выклічнік “воле-ле” для выражэння здзіўлення, захаплення (пр.: Во-ле-ле, як там у іх добра.); канчатак -са, замест літаратурнага -ся ў дзеясловах, так званае саканне: (пр.: Яны калі сабраліса, то і нагаманіліса, і наеліса, і наспяваліса.); канчаткі -ом замест -ым назоўнікаў у форме адзіночнага ліку меснага склону: (пр.: Ён жыве ў Закальном, а сястра – у Наўгальном.); цвёрдыя зычныя гукі перад галоснымі -я-, -е-, -ё-: (пр.: п’яты, п’ятры, п’ер’е, леб’ёдушка). Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента: Да матэрыяльных аб’ектаў, звязаных з практыкай элемента можна аднесці: вянок з зёлак; стужка, рушнік аброчны; святочныя народныя строі; вогнішча; соль; юшка; шапка мужчынская; крыж прыдарожны ахоўны; крыж на месцы царквы ( згодна фота царквы У. Ластоўскага (Скарынаўскай бібліятэкі, г.Лондан)); будынак сельскага дома культуры, 1953 года будовы; дуб ля “рэдкаўскага леса” , які мае статус помніка прыроды “Эталон віду”; расліна“гардовіца”, якая шмат узгадваецца ў пятроўскіх песнях і служыць сімвалам свята) сярпы, косы і мянтачка Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента: комплекс побытавых танцаў і іх варыянтаў з Любанскага раёна; адноўлены строй Любанскага раёна ў двух варыянтах (вясковы і местачковы); традыцыйная танцавальная музыка ў рэпрэзентацыі аўтэнтаў-музыкантаў В. Семашкевіча і М. Юніцкага; пятроўскія спевы як асобны спіс (не ў перамежку з купальскімі); традыцыйныя спосабы баўлення часу і моладзевыя гульні абрады і звычаі, вопыт працы (касьба, жніво); бяседная традыцыя застольных спеваў; спосабы выкарыстання печы і пячэнне хлеба; традыцыйная выцінанка на паперы і тканіне; выразаныя рушнікі; акцыя “Баяніцкія шпалеры” як прыклад рэканструкцыі паваенных спосабаў упрыгажэння жытла. Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці: Мадэлі пераемнасці абрадаў і звычаяў, могуць быць розныя ў рознымі ў залежнасці ад ахопу ўдзельнікаў. Вылучым наступныя мадэлі: Вусная, апавядальная. Прыватным чынам сярод жыхароў вёсак Шыпілавічы і Жораўка перадаюцца звесткі пра свята Пятрок, яго сэнс і ход падзей. Варта адзначыць, што за гады існавання свята Пятрок і фэста “Пятровіца” такая вусная і прыватная, “ад чалавека-да - чалавека” мадэль перадачы інфармацыі і вопыту ўдзелу дазволіла зрабіць свята вядомым на ўсёй тэрыторыі Любанскага раёна. Практычная. Вопыт правядзення свят і традыцый ёсць прыкладам мадэлі пераймання. Носьбіты традыцыі, арганізатары і ўдзельнікі розных абрадаў і звычаяў падчас падрыхтоўкі ў правядзення свята Пятрок і фэста “Пятровіца” з’яўляюцца эфектыўнымі ролевымі мадэлямі для пераемнасці і маштабіравання. Узроставая. Паколькі розныя ўзросты супольна робяць адну справу, але маюць адрозненні ў ролях, гэта спрыяе разуменню логікі і сэнсу дзей, а таксама дазваляе бачыць абрады і звычаі свята Пятрок комплексна. Адмысловая. Кароткія, інфарматыўныя і сканцэнтраваныя ў часе заняткі з майстрамі (спевы, танцы, музыка), накіраваныя на падрыхтоўку свядомага і актыўнага ўдзельніка свята. Паспяховымі прыкладамі такой мадэлі можна назваць: аднаўленне мясцовых варыянтаў танца яблычка, новы танец “Матлёт у чацвёрках”, пашырэнне вядомасці рэгіянальных варыянтаў танцаў субота, даваенны падыспан”, шаміля і іншых. Песенная спадчына гуртоў “Павалякі” (в. Обчын), “Журавушка” (в. Ямінск), “Глыбокія крыніцы” ( в. Закальное) займела больш шырокае кола аматараў і пераемнікаў. Пятроўскія спевы пачалі ўспрымацца як самастойны набор песень для гэтага свята, а не только як варыяцыя купальскіх. Рамесніцкая. Нагледжанасць, магчымасць самастойна паўтарыць некую практыку (напрыклад, пячэнне хлеба, выцінанка, навіванне наміткі, лапці) пад кіраўніцтвам і з дапамогай носьбіта - непасрэдная і найбольш эфектыўная мадэль пераймання ведаў і навыкаў. Даследчыцкая. Шматгадовыя даследаванні і фіксацыя здабыткаў мясцовай традыцыйнай культуры, якую праводзіць Любанскі РЦК з’яўляецца неацэнным скарбам, які дазваляе пашыраць веды і ствараць новыя прэцэдэнты для пераймання традыцыйнай культуры на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі. Інфарматыўная. Асвячэнне падзей свята Пятрок і фэста “Пятровіца” ў СМІ, фотафіксацыя падзей і эстэтычнага афармлення, спрыяе росту пазнавальнасці свята і далучэнні большай колькасці ўдзельнікаў, а таксама служыць крыніцай натхнення для працы з абектамі нематэрыяльнай і матэрыяльнай культуры ў іншых лакацыях. Адукацыйная. Уключэнне інфармацыі пра здабыткі рэгіянальнай традыцыйнай культуры ў праграмы школьнага навучання дазволіць захаваць веды і практыкі свята Пятрок у свядомасці новых пакаленняў. Пагрозы для існавання і перадачы элемента: Рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры "Пятровіца" з'яўляецца важнай падзеяй для захавання і перадачы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Аднак існуюць пэўныя пагрозы для яго існавання і захавання, а менавіта: Страта традыцый і ведаў. З цягам часу, пэўныя традыцыі і веды могуць быць страчаны, паколькі яны не перадаюцца ў наступныя пакаленні. Некаторыя з гэтых традыцый могуць быць цяжкімі для перадачы і патрабуюць спецыяльных ведаў і навыкаў. Уплыў глабалізацыі. Панаванне масмаркету можа прывесці да страты традыцый і замены іх сусветнай культурай. Гэта можа стаць пагрозай для перадачы і захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Урбанізацыя. Памяншэнне насельніцтва вёсак вядзе да змяншэння асэнсаванай патрэбы ў традыцыйных святах і да разбурэння сувязяў унутры вясковай грамады. Таму традыцыя святкавання каляндарна-абрадавых святаў выходзіць з сучаснага побыту і пераходзіць на афіцыйна-прэзентацыйны ўзровень. Абмежаваны доступ да рэсурсаў. Недахоп у першую чаргу фінансавання і інфармацыйнай падтрымкі, можа прывесці да таго, што арганізатары свята Пятрок і рэгіянальнага фестывалю традыцыйнай культуры "Пятровіца" будуць абмежаваныя ў сваіх магчымасцях для прасоўвання і захавання культурнай спадчыны. Змяненне грамадскіх і эканамічных умоў можа прывесці да страты цікавасці да традыцыйных культурных практык і традыцый. Недастатковае развіццё агратурызма ў раёне, фактычная адсутнасць агратурыстычных гаспадарак, якія б хацелі і маглі выкарыстоўваць традыцыі святкавання ў сваёй дзейнасці мала спрыяе развіццю традыцыі святкавання Петрака. Ключавыя словыПятрок, Пятроў дзень, вёска Шыпілавічы, фэст "Пятровіца" Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКАДакументы, звязаныя з элементамТэксты пятроўскіх песень.pdf Тэксты пятроўскіх песень.pdfТэксты пятроўскіх замоў.pdf Тэксты пятроўскіх замоў.pdfС.Выскварка_“Гасцявыя кірмашы Любаншчыны”.pdf С.Выскварка_“Гасцявыя кірмашы Любаншчыны”.pdfАўдыёфіксацыя1. Лежыць Ева ў хаце_в.Кузьмічы, Кацярына Яўхімчык 1923гн_ Ф_044_I_.mp3: 1. Лежыць Ева ў хаце_в.Кузьмічы, Кацярына Яўхімчык 1923гн_ Ф_044_I_.mp32. Пятрова ночка маленька_ Аўдоцця Ляўчэня,1902гн_пас. Залуг.wav: 2. Пятрова ночка маленька_ Аўдоцця Ляўчэня,1902гн_пас. Залуг.wav3. На моры вутка купалася.mp3: 3. На моры вутка купалася.mp34. Ой па возеру_Новыя Юрковічы. ад Т.Каспіровіч_Ф_033_I(-II).mp3: 4. Ой па возеру_Новыя Юрковічы. ад Т.Каспіровіч_Ф_033_I(-II).mp35. Хадзілі дзеўкі па балоту. Песня з в. Обчын і в. Жораўка. спявае гурт Баярачка з в.Ляхаўка.wav: 5. Хадзілі дзеўкі па балоту. Песня з в. Обчын і в. Жораўка. спявае гурт Баярачка з в.Ляхаўка.wav6. Што вас дзевачкі за ліхо. Песня з в. Рачэнь і в. Жораўка,спявае гурт Баярачка з в.Ляхаўка.wav: 6. Што вас дзевачкі за ліхо. Песня з в. Рачэнь і в. Жораўка,спявае гурт Баярачка з в.Ляхаўка.wav7. Цяжко да важко Петра ждаць_в.Кузьмічы_ Ф_044_I.mp3: 7. Цяжко да важко Петра ждаць_в.Кузьмічы_ Ф_044_I.mp38. Удоль па мору_карагодная_, г. Любань_ Наталля Цукур 1907гн.mp3: 8. Удоль па мору_карагодная_, г. Любань_ Наталля Цукур 1907гн.mp39. Па бару хаджу_Новыя Юрковічы, Т. Каспiровіч_Ф_033_I(-II)_.mp3: 9. Па бару хаджу_Новыя Юрковічы, Т. Каспiровіч_Ф_033_I(-II)_.mp310. Ва гародзе гардовіна. Раіса Слівец, 1926гн_ в.Малыя Гарадзяцічы_Ф_062_II_.mp3: 10. Ва гародзе гардовіна. Раіса Слівец, 1926гн_ в.Малыя Гарадзяцічы_Ф_062_II_.mp311. Ляжыць Марыя ў хаце._в.Кузьмічы_ад Кац. Яўхімчык 1927гн_спявае _гурт Баярачка з в.Ляхаўка.wav: 11. Ляжыць Марыя ў хаце._в.Кузьмічы_ад Кац. Яўхімчык 1927гн_спявае _гурт Баярачка з в.Ляхаўка.wav12. На моры вутка купалася. запісана ад Аўдоцці Ляўчэні,1902гн,пас. Залуг_спявае гурт Баярачка з в.Ляхаў.wav: 12. На моры вутка купалася. запісана ад Аўдоцці Ляўчэні,1902гн,пас. Залуг_спявае гурт Баярачка з в.Ляхаў.wav13. Пятрова ночка малюсенька. Запіс ад Надзеі Кукраш, 1921г, в Обчын, спявае гурт Баярачка з в.Ляхаўка.wav: 13. Пятрова ночка малюсенька. Запіс ад Надзеі Кукраш, 1921г, в Обчын, спявае гурт Баярачка з в.Ляхаўка.wav14. У ва гароде гардовіна. Запісана ад Надзеі Кандрацені,в.Баянічы,1912гн, спявае гурт Баярачка з в.Ляхаўка.wav: 14. У ва гароде гардовіна. Запісана ад Надзеі Кандрацені,в.Баянічы,1912гн, спявае гурт Баярачка з в.Ляхаўка.wav15. Цяжко ды важко Пятра ждаць.Запісана ад Кацярыны Яўхімчык,в.Баянічы, 1927гн, спявае гурт Баярачка з в.Ляхаўка.wav: 15. Цяжко ды важко Пятра ждаць.Запісана ад Кацярыны Яўхімчык,в.Баянічы, 1927гн, спявае гурт Баярачка з в.Ляхаўка.wav |