Традыцыя правядзення свята “Тры Каралі” на Гродзеншчыне – адметнае праяўленне лакальнай каталіцкай каляднай абраднасці. Уяўляе сабой абыход двароў з віншаваннямі гаспадароў, спевам калядных песень “Дзісяй Бэтлеем”, “Сардэчна матка”, “Пуйдзь мы вшыстцы да стаенкі” трыма “Каралямі-калядоўшчыкамі”, на галаве якіх надзеты блішчастыя кароны, на плячах прыгожыя накідкі чырвонага, сіняга, зялёнага колеру з зоркамі. У руках аднаго Караля – калядная зорка. Традыцыя распаўсюджана ў вёсцы Больцішкі Воранаўскага раёна, вёсцы Сцігане, аграгарадку Трабы Іўеўскага раёна, а таксама ў аграгарадку Ваверка, вёсках Паперня, Мейры Лідскага раёна сярод мясцовага насельніцтва і прымеркавана да хрысціянскага свята “Аб’яўленне Пана” па каталіцкім календары ці “Тры Каралі” – па народным, якое адзначаецца 6 студзеня. Тры Каралі – гэта маскіраваныя асобы – мужчыны (па ўспамінах жыхароў аграгарадок Ваверка, вёска Сямейкі Лідскага раёна ў Каралёў прыбіраліся не толькі мужчыны, але і жанчыны) у ролі трох валхвоў ці Каралёў – Каспара, Мельхіёра і Бальтазара, якія, паводле біблейскага сюжэта, ішлі на святло зоркі да месца, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос, каб прынесці яму дары ў выглядзе золата, ладана і міры.
Традыцыйная абыход двароў на завяршэнне каляднага перыяду амаль спыніў сваё жывое бытаванне да канца ХХ ст, але захоўваўся ў памяці многіх жыхароў старэйшага ўзросту і шматлікіх этнаграфічных даследаваннях рэгіёну. Паступова святочная традыцыя была адноўлена спачатку ў Лідскім раёне пры актыўным удзеле работнікаў філіяла “Ваверскі Дом культуры” дзяржаўнай установы культуры “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, крыху пазней вярнулася сталая практыка у в. Сцігане і аг. Трабы Іўеўскага раёна і аг. Больцішкі Воранаўскага раёнаў таксама пры актыўным удзеле мясцовых устаноў культуры. Жыхары вёсак, дзе зноў “ходзяць тры Каралі” рады аднаўленню традыцыі, шчыра вітаюць і частуюць тых, хто прыходзіць да іх са святочнымі вітаннямі, бо ў большасці сем’яў захоўваецца памяць менавіта пра такое свята “трох Каралёў” у іх дзяцінстве.
Пачынаецца абыход вёскі ў другой палове дня, бліжэй да вечара. Тры пераапранутыя мужчыны разам з дзецьмі пачынаюць калядны абыход двароў. Тры Каралі звычайна збіраюцца каля касцёла і ідуць па ўсіх вуліцах вёскі. Заходзячы ў хату, спяваюць велічальныя песні, за што гаспадары частуюць іх салодкім печывам. У 30-я гады ХХ ст Каралям-калядоўшчыкам давалі ў якасці падарункаў ялавічыну, пірагі, гарэлку, гарэхі. Кожны гаспадар чакае прыходу Каралёў як сімвалу Божай міласці і бласлаўлення, дабрабыту, надзеі на перамогу дабра над злом.
Сёння да правядзення абраду актыўна далучаецца моладзь – пераемнікі традыцыі, якія асэнсавана цікавяцца гісторыяй і культурай рэгіёна.
З даўніх часоў у аграгарадку Лучнікі, што знаходзіцца побач з г. Слуцкам, да Каляд рыхтуюць вялікую, да 1,5 метра ў дыяметры, шаснаццаціражковую зорку, якая ўмацоўваецца на доўгае дрэўка. Калядная зорка Случчыны мае своеасаблівы і самабытны выгляд, яе канструкцыя мае адмысловую злучальную частку, дзякуючы якой зорка пакручваецца ў час выканання песень і цэнтральную відовішчную частку ў выглядзе обада, закрытага з боку гледачоў празрыстым матэрыялам, за якім нерухома замацавана запаленая свяча, што асвятляе біблейскі сюжэт нараджэння Хрыста, намаляваны на тыльным баку панарамнай часткі. Асаблівасцю рухомай часткі з’яўляюцца яркія, аб’ёмныя, прыгожыя ражкі, якія прымацаваны да обада пад вуглом 45 градусаў і ўтвараюць своеасаблівы купал.
Абыход двароў са звяздой, а менавіта так называюць сваю зорку мясцовыя жыхары, адбываецца ў аг. Лучнікі вечарам 13 студзеня і суправаджаецца духоўнымі спевамі, якія спалучаюць матывы царкоўных песнапенняў і народнапесеннага выканальніцтва. Зорку носяць заўсёды мужчыны, а жанчыны спяваюць разам з імі. Калядныя спевы і канструктыўныя асаблівасці звязды доўгі час перадаваліся з пакалення ў пакаленне ў сям’і Шахновіча Паўла Пятровіча (1931 – 1921). Члены яго сям’і, нашчадкі і сваякі працягваюць адметную мясцовую традыцыю калядных абыходаў, а аднавяскоўцы штогод чакаюць, з радасцю прымаюць іх, частуюць і адорваюць у адказ.
Зорка, вырабленая з дрэва, даволі цяжкая, таму калядоўшчыкі часам выкарыстоўваюць і больш лёгкія матэрыялы, але стараюцца захоўваюць усе канструктыўныя асаблівасці адметнай слуцкай зоркі. Асноўная канструкцыя заўсёды складаецца з доўгай рукаяткі, злучальнай часткі ў выглядзе ўтулкі і вялікай, прыгожай рухомай часткі. Рухомая частка складаецца з обада і ражкоў. Обад мае тыльную панарамную частку, на якой размяшчаецца выява біблейскага сюжэта Раства і невялікія дзверцы, пярэднюю празрыстую панарамную частку з выявай анёлаў па акружнасці і нерухомае прыстасаванне для свячы. Упрыгожваюць зорку 16 рознакаляровых ярка аздобленых промняў (ражкоў).
Абыход дамоў аднасяльчан з зоркай – неад’емная частка святкавання Шчодрага вечара, які на Случчыне называецца Шчадрэц. У вёсках сустракаюцца розныя звычаі, прымеркаваныя да гэтага свята. Днём дзеці могуць бегаць з “казельчыкам”, ноччу моладзь калісьці щадравала з “канём” ці іншымі маскамі, але менавіта абыход двароў з зоркай, які пачынаецца з наступленнем прыцемкаў і можа працягвацца аж за поўнач, пакуль не абыйдуць усю вёску, з’яўляецца галоўнай падзеяй свята!
Жыхары аг. Лучнікі шмат гадоў падтрымліваюць мясцовую традыцыю святкаваць Шчадрэц, неад’емнай часткай якога з’яўляюцца ўрачыстыя спевы, прамяністая зорка, шчырыя вітанні і зычэнні. Пераемнікі і захавальнікі традыцыі Ф.М.Корзун і М.М.Савановіч штогод рыхтуюць зорку і ладзяць адметнае щадраванне для аднасяльчан. Яны з вялікай пашанай адносяцца да мясцовых звычаяў і з пачуццём вялікай адказнасці захоўваюць сваю культурную спадчыну, каштоўную для мясцовай супольнасці. Жыхары аг. Лучнікі спадзяюцца, што ім удасца захаваць адметную святочную падзею, неад’емным атрыбутам якой з’яўляецца прыгожая шаснаццаціканцовая зорка, і перадаць сваю традыцыю маладому пакаленню
Абрад “Конікі” штогод ладзіцца ў Шчодры вечар 13 студзеня сярод жыхароў Давыд-Гарадка. Уяўляе сабой калядны абыход хат гуртамі начале з "Конікам". Жыхары города асобнымі групамі калядоўшчыкаў у традыцыйных і сучасных масках уваходзяць у кожны дом з песнямі-шчадроўкі і музыкай, добрымі пажаданнямі, разыгрываюць сцэнкі. Гаспадары шчодра іх адорваюць. Традыцыйныя маскі — гэта Дзед і Баба (сімвалізуюць продкаў), вершнік на Кані (ён носіць на сабе адмысловым чынам вырабленую канструкцыю з маскай Каня, сам апрануты ў шынэль, у руках шабля або іншыя атрыбуты), Мядзведзь, якога вядзе на ланцугу Цыган, Цыганка з лялькай-немаўлём варожыць, Воўк з трубой або горнам сігналіць пра падыход начных шчадроўнічкаў, Чорт, Смерць з касой — пужаюць дзяцей, а Бык, Казёл, Карова, Ліса, Баран, Заяц уключаюцца ў тэатралізаванае дзейства па сітуацыі. Прычым, многія маскі — з музычнымі і сігнальнымі інструментамі: ражок, горн, гармонік, акардэон, баян, барабан і іншыя. На чале кожнага гурта – традыцыйная маска Каня з вершнікам.
У многіх сем’ях беражліва захоўваецца абрадная калядная атрыбутыка. Маладыя мужчыны самі ствараюцьь для сябе “Коніка” і іншыя маскі. Маскі робяць таксама ў школах і па месцы працы, там жа ствараюццца гурты, вучацца абыгрываць маскі і спяваць.
Існаванне да сённяшняга часу абыходаў з каляднай зоркай, выканеннем шчадровак ў Давыд-Гарадку ў жывой традыцыі сведчыць пра яе каштоўнасць для мясцовай супольнасці, якая падтрымлівае і захоўвае яе як частку сваёй культуры