Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

  • Адным з найстаражытных і пашыраных рамёстваў з’яўляецца ганчарства. Сярод разнастайных ганчарных вырабаў, сваім каларытным аздабленнем вылучаецца посуд, абгорнуты берасцянымі стужкамі. Бяросту пачалі ўжываць у якасці матэрыяла для рамонту разбітага альбо трэснутага керамічнага посуду яшчэ ў эпоху неаліта, калі на нашых землях толькі з’явілася ганчарства. Кару з абодвух бакоў накладалі на месцы пашкоджанняў і замацоўвалі шнурком, які прасоўваўся праз загадзя прасвідраваныя адтуліны ў чарапку. Пасля гэтага пасудзіну можна было выкарыстоўваць далей, але толькі для захавання сухіх рэчываў. З цягам часу змянілася як тэхналогія вырабу керамікі, так і спосабы яе рамонту. Пашкоджаны посуд пачалі змацоўваць з дапамогай перапляцення тонкіх берасцяных стужак, што пазбавіла ад неабходнасці ў свідраванні адтулін для шнуркоў. Надзейных дадзеных, аб тым калі на тэрыторыі Беларусі ўзнік такі спосаб рамонту няма. Вядома, што кераміка, абвітая стужкамі бяросты, была выяўлена падчас археалагічных раскопак шэрагу старажытнарускіх гарадоў: Масквы, Ноўгарада, Пскова, Старой Ладагі, але гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе пра верхнія пласты Позняга Сярэднявечча. Так, пры раскопках Масквы гаршчкі, аплеценыя бяростай з мэтай рамонту, былі знойдзены ў слаях XV–XVI ст. У канцы XIX ст. аб аплятанні керамікі бяростай на беларускіх землях з’яўляюцца пісьмовыя крыніцы. Пэўную інфармацыю пра гэту традыцыю на Віцебшчыне паведаміў М.Я. Нікіфароўскі. Паводле яго звестак аплётку рабілі для трываласці на самых розных відах часта толькі набытага і не пашкоджанага посуду: слоіках, гарлачах, гаршчках, “кухліках”, гляках пасля чаго яны атрымоўвалі яшчэ і агульную назву “берасцень” (у арыг. “бирисцень). Абгортвалі бяростай нават чарапкі разбітых гаршчкоў альбо збаноў, якія потым служылі ў якасці сальніц. Увесь гэты посуд, акрамя сталовых місак, у асноўным прызначаўся для захавання і транспарціроўкі прадуктаў, найперш вадкасцяў. Берасцяная аплётка акрамя павышэння трываласці змяншае цеплаправоднасць посуду, што станоўча ўплывае на названыя функцыі. Па меркаванню Я.М. Сахуты традыцыя аплятання ганчарных вырабаў бяростай ў канцы XIX – першай палове XX ст. існавала ў “кампактным арэале”, які ўключаў заходнюю частку Паазер’я і сумежныя землі Літвы. Аднак можна з упэўненнасцю сцвяржаць, што кераміка з берасцяной аплёткай была распаўсюджана, няхай і не так масава, на значна большай тэрыторыі. Аб гэтым сведчаць як прадметы з музейнага збору, так і лінгвістычныя дадзеныя. Слова “берасцень” у значэнні керамічнай пасудзіны, абвітай бярозавай карой, ужывалі таксама ў цэнтральных і ўсходніх раёнах Паазер’я. Варта адзначыць, што на тэрыторыі сучаснага Міёрскага раёна берасценем маглі называць любы гарлач, нават без берасцяной аплёткі. Гэта, хутчэй за ўсё, сведчыць аб даўнасці і асаблівай пашыранасці традыцыі абгортваць керамічны посуд бяростай у дадзенай мясцовасці. Няспынная работа вядзецца дзяржаўнай установай “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” па папулярызацыі і распаўсюджванню дадзенага віда творчасці. Пачынаючы з 1995 года на Віцебшчыне прайшло шмат значных мерапрыемстваў, сярод іх: Міжнародны конкурс майстроў народных рамёстваў “Ганчарны круг”, Міжнародны конкурс майстроў народных рамёстваў “Гліна спявае”, Міжнароднае свята конкурс па кераміцы і ганчарстве “Гліна спявае” у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску“.
  • Падняпроўская гліняная цацка-свістулька – гэта ручны выраб з гліны, прызначаны для атрымання свісту, розных гукаў і выконвання мелодый. У старажытнасці арэал распаўсюджвання Падняпроўскай глінянай цацкі – гэта тэрыторыя Верхняга Падняпроўя. У большасці свістулькі ўвасаблялі такія вобразы, як птушка, курка, пеўнік, качка, конь, козлік, баранчык (авечка), сабачка, бычок, мядзведзь, вершнік на кані, вадзяны свісток “салавейка”. Радзей сустракаліся сава (сыч), парсюк (свінка, дзік), рыбка, алень (лось). Напрыканцы ХІХ ст. гарадскія майстры, у прыватнасці Магілёўскія, паступова пачыналі, пад уплывам рынку і расійскіх цацак, адыходзіць ад традыцыі. Маглі зрабіць ката, чарапаху, жабку, ільва, барыню. Хаця гэтыя вобразы былі вядомыя нашым продкам з даўніны. Яны сустракаюцца як багі, духі, татэмы роду, на ручніках і ў фальклоры. Калі ж вырабы мелі 4 і больш ігравых адтулін, гэта былі ўжо сапраўдныя акарыны. Толькі ў Падняпроўскай глінянай цаццы ёсць такія вобразы і формы як, птушка, качка, конь, птушка-конь (качка-конь), Крычаўскі конь (качка-конь), вершнік на качцы, вершнік на качцы-кані, вершнік на кані, коне-певень. Яны адразу адрозніваюцца і вылучаюцца сваёй вобразнасцю, умоўнасцю, пластычным лаканізмам, асаблівымі тэхналогіямі вырабу. З далёкіх архаічных часоў менавіта патомныя майстры ўсходняга Магілёўскага Верхняга Падняпроўя, пераймаючы прыёмы лепкі і характар трактоўкі вобразаў, данеслі амаль да пачатку 80-х гадоў ХХ стагоддзя стылістыку, сімвалы, гукі і подых старажытнасці. Адрадзіў Падняпроўскую цацку-свістульку напачатку 1990-х гадоў народны майстар Вячаслаў Мікалаевіч Якавенка, які і ў цяперашні час вырабляе і папулярызуе ўсе формы і вобразы гліняных народных цацак-свістулек Магілёўскага Падняпроўя: праводзіць майстар-класы, прэзентацыі, семінары, гутаркі, чытае лекцыі, з’яўляецца кіраўніком узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Свісцёлка” раённага Цэнтра культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Крычаўскага раёна”. У г. Магілёве традыцыю лепкі арыгінальных гліняных цацак аднаўляе народны майстар Любоў Міхайлаўна Яшчанка, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Чароўная гліна” ДУА “Педагагічны комплекс яслі-сад-школа №44 г. Магілёва”. Майстры-носьбіты папулярызуюць Падняпроўскую гліняную цацку-свістульку на розных мерапрыемствах, такіх як фестывалі, конкурсы, агляды, святы, семінары, прэзентацыі, сустрэчы, выставы, форумы, майстар-класы, якія праходзяць у Беларусі, Расіі і іншых краінах.
  • Традыцыйная керамічная цацка Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння з’яўляецца старажытным відам народнай культуры, які звязаны з міфалагічнымі ўяўленнямі крывічаў, засяляўшых вярхоўе рэк Днепр і Заходняя Дзвіна. Па тэрыторыі праходзіў гандлёвы шлях “з вараг у грэкі”. У познія часы праз дадзены рэгіён праходзілі водныя транзітныя шляхі,з сярэдзіны ХІХ – чыгуначныя дарогі, што абумовіла сувязь з гарадамі Расіі і Балтыі, блізасць традыцыйных формаў і вобразаў керамічных цацак, а таксама рапаўсюджванне па-за межамі лакальных цэнтраў. У гісторыка-культурнай спадчыне рэгіёна керамічная цацка адыгравае значную ролю, бо выступае сродкам захавання культурнай памяці, этнакультурнай ідэнтычнасці і сродкам выхавання дзяцей. Ганчарны промысел на Аршаншчыне і Віцебшчыне развіваўся да 60-х гадоў ХХ стагодзя. У пачатку ХХ ст. керамічны посуд і цацкі прадавалі на кірмашах гарадоў, вывозілі ў суседнія гарады, Смаленск, Рыгу, Пецярбург. Як і посуд, цацкі абпалівалі ў тэхніцы дымлення, гартавання, а таксама дэкаравалі ангобам і глазуравалі. Напачатку ХХ ст. ў Дуброўне цацкі пачалі размалёўваць па нанесенай паперад белай аснове, у Бабінавічах, Віцебску, Бешанковічах і Полацку застаецца традыцыйны дэкор тэракоты белым ангобам і палівай. Калекцыі дубровенскай цацкі захоўваюцца ў Дзяржаўным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Дзяржаўным музеі этнаграфіі народаў Расіі (г. Санкт-Пецярбург), Дубровенскім краязнаўчым музеі, Дубровенскім раённым цэнтры народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці. Калекцыі археалагічных цацак г.Оршы, в. Бабінавічы Лёзненскага раёна, г. Віцебска і г. Полацка захоўваюцца у зборах Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, Полацкім краязнаўчым музеі, Музейным комплексе гісторыі і культуры Аршаншчыны, а таксама ў прыватных калекцыях. Захавалася 16 тыпаў (вобразаў) традыцыйнай дубровенскай цацкі. Найбольш архаічнымі з’яўляюцца гетэраморфная свістулька птушкі (існуе 3 варянты: птушка/гусь, птушка/певень; птушка/конь – спалучэнне галавы птушкі і тулава каня. Цацка “вершнік” мае 4 варыянты архаічнай формы: вершнік на кані; вершнік ў выглядзе абагуленай цыліндрычнай постаці на кані, вершнік на птушцы і вершнік на птушцы/кані. Свістулькі: “конік”, “баран”, “карова”, “сабака”, “жаўранак”, “качка”, “салавей” таксама маюць абагуленыя лаканічныя формы і належаць да вясковай традыцыі. Антрапаморфныя цацкі “баба з дзіцяці”, “дзед з унукам”, “лялька” (“дубровенка”), “лялька з немаўляці”,“гарманіст”, “хлопец”, “гаспадар з птушкай”, і сюжэтная цацка “пара” (кавалер і паня) не маюць свісткоў. Яны адносяцца да позняга этапу развіцця дробнай народнай пластыкі местачковага характару мяжы ХІХ-ХХ стст. Сваёй лакальнай назвай гэтыя цацкі абавязаны майстру Ганне Стэфаўне Марачовай (1887-1976), якая данесла да нас традыцыйныя вобразы і тэхналогію вырабу. Адраджэннем Дубровенскай цацкі займаюцца майстры Л.Ф.Чэрвінская, В.С.Аляксеева. Аршанская цацка (7 вобразаў) адноўлена паводле археалагічных артэфактаў: фрагмента цацкі/гаршчэчка “салавей” (раскоп ХІІІ ст.), фрагментаў цацкі “конь/птушка”, конь – фрагмент “вершніка”, “баранчык”, а таксама паводле этнаграфічных цацак канца ХІХ-пачату ХХ ст. “козлік”, “дзяўчына у шляпе” з в.Берасценава Аршанскага раёна. Цацка “вершнік на птушцы” адноўлены паводле цацкі Н.А.Камінскай з в.Дрыбін, якая знаходзіцца недалёка ад Аршанскага раёна. Пошукам і рэканструкцыяй традыцыйнай глінянай цацкі займаецца Т.У.Шынкарова. Бабінавіцкія цацкі (9 вобразаў), якія вырабляюцца на Лёзненшчыне, дэманструюць найбольш познія ўзоры развіцця ганчарнай традыцыі, якая трымалася да 1980-х гадоў. Вылучае бабінавіцкі паліваны посуд і цацкі ангобны роспіс, які рабіўся з дапамогай каровінага рогу з дзіркай на канцы. Ганчарны посуд і цацкі М.Ю.Арэхава (1928-1982) і І М.М.Траяноўскага (1927-1990) атрымалі прызнанне на рэспубліканскіх і ўсесаюзных выставах народнай творчасці. Асабліва папулярнымі былі графіны, бочачкі-барылкі з мядзведзямі ў якасці пластычнага дэкору. Арына Рыжкова (1893-1945) ляпіла зааморфную свістульку: конікаў, птушак, свісцёлак са змеямі і птушкамі, гаршчочкі “салаўі”, якія напаўняліся вадой і імітавалі птушыныя гукі. М.Ю.Арэхаў і М.М.Траяноўскі надалі традыцыйнай свістульцы “вершнік” новую вобразнасць – пачалі ляпіць вайскоўцаў у пілотках, цыганоў і партызан з аўтаматамі за плячыма. Бабінавіцкія свістулькі адрозніваюцца наіўна-рэалістычным характарам вобраза, аднак формы засталіся традыцыйнымі: гэта вершнікі, птушкі на адной ножцы або без апоры, сычы з апорай на 2 нагі і хвост-свісток, свісцёлкі з вужамі, мядзведзямі, птушкамі. Усе згаданыя формы аднавіла і працягвае вырабляць І.А. Варона. Да традыцыйных вобразаў сенненскай цацкі адносяцца 7 свістулек: конік (2 варыянта з апорай тулава на 3 і 4 кропкі), баран, сабака, парсюк, жаўранак і паўлін. Сененскія цацкі адрозніваюцца сваім архаічным выглядам, лаканічным выразным сілуэтам і спосабам заглажвання паверхні свістулек палатніком (тканінай) пасля яе лепкі. Жаўранак вылучаецца сціплай каронай-грабеньчыкам на галаве, паўлін мае каронку на галавае і крыху большую карону – хвост на тулаве. Арыгінальным з’яўляецца архаічны вобраз коніка на трох апорах тулава, а таксама вобраз свінкі са свістком у лычыку жывёлы. Дадзеныя вобразы ўласцівы для старажытнай сялянскай глінянай цацкі, звязаны з земляробчымі культамі славянаў. Сваёй мясцовай назвай гэтыя цацкі абавязаны апошняму носьбіту традыцыі, майстру Г.П. Глухараву (1932-1990), як нарадзіўся, жыў і працаваў ў вёсцы Папоўка Сенненскага раёна. Усе 7 вобразаў зараз прысутнічаюць ў асартыменце вырабаў Квашко У.І. Узоры адноўленых гліняных цацак (6 вобразаў) Бешанковіцкага раёна адпавядаюць археалагічнай цаццы сярэдзіны 16 ст. і этнаграфічным цацкам, якія былі шырока распаўсюджаны у другой палове 19 – першай палове 20 ст. У параўнанні са свістулькамі ішых рэгіёнаў яны вылучаюцца сваім ангобным дэкорам у выглядзе кропак і маленькіх плям, нанесеных метадам распырскавання альбо выбелеваннем асобных дэталяў. Унікальная антрапаморфная свісцёлка-бразготка з берага р.Зах.Дзвіна аг.Ула Бешанковіцкага раёна датуецца сярэдзінай 16 ст. У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі захоўваецца фрагмент падобнай цацкі 17 ст. – 5 традыцыйных цацак: “вершнік” і зааморфныя свісцёлкі канца 19 – пачатку 20 стст. (“баранчык”,”конік”, “конік з сядлом”, “вершнік”) знойдзены на сядзібах ганчароў у Бешанковічах. Гэтыя формы рэканструявала і шырока практыкуе кераміст Аўчыннікава А.І. На іх аснове зроблены стылізаваныя цацкі, якія пашыраюць тэматыку адпаведна літаратурным апісанням і ўспамінам старажылаў Бешанковіцкага раёна. 5 віцебскіх цацак (антрапаморфная цацка, вершнік, сабака, конь з сядлом, качка – 17 ст.) аднаўлены паводле археалагічных артэфактаў, знойдзеных падчас раскопаў Ніжняга замку (арх. Т.Бубенька) і раёна Задунаўя (арх. В.Ляўко). Сярод іх унікальная цацка, якая атрымала умоўную назву “малец” (мясцовая гаворка). Яна адметная лаканічнай пластыкай сваёй постаці, абрысы якой набліжаны да формы пентаграмы. Паказальнай з’яўляецца свістулька “конь з сядлом”, які апіраецца на 2 пярэднія нагі, а тулава пераходзіць у свісток. Свістулька “вершнік” адноўлена паводле знойдзенага артэфакта ў 2018 годзе на беразе рэчкі Вымнянка ў гарадскім пасёлку Янавічы Віцебскага раёна. Тут ганчарнае рамяство існавала да 1940-1950-х гг., калі яшчэ працавала вядомая ганчарная дынастыя майстроў Разважных. Усе вытворчыя працэсы – ад нарыхтоўкі сыравіны да абпалу посуду – засноўваліся на сямейнай працы. Аднаўленнем віцебскіх традыцыйных цацак займаецца Сарбаш А.Л. Полацкія цацкі (8 вобразаў) таксама адноўлены паводле музейных артэфактаў і археалагічных знаходак, апісанне якіх змешчана у каталогу “Цацкі” . Агульная колькасць знаходак – 93 адзінкі. Усе яны выяўлены на тэрыторыі Полацка: у цэнтральнай частцы горада, у Запалоцці і Задзвінні, тэрыторыі былога езуіцкага калегіума. Найбольш яркімі вобразамі з’яўляцца свістулькі “конік” у двух варыянтах: са спарынымі пярэднімі нагамі і на растаўленых нагах з выцягнутай дугой шыяй. Рэдкім узорам народнай смехавай культуры з’яўляецца цацка “камедыянт” Колькасць знаходак увесь час павялічваецца. У 2018 г. Верташонак А.С. знайшоў на тэрыторыі Верхняга замка свістульку-гаршочак “салавей” ХVІІ-ХІХ стст. Калекцыю адноўленых цацак складаюць: “вершнік”, “камедыянт” “баранчык”, ”конік”, “конік з сядлом”,”качка”, “салавей”, свісцёлка-дудачка з птушкай. Характэрнай асаблівасцю полацкіх цацак з’яўляецца ангобны роспіс, які мае канструктыўна-дэкаратыўны характар. Рэканструкцыяй полацкай цацкі займаецца Зяленская К.У. ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” праводзіць адкрытыя абласныя святы глінянай цацкі “Салавейка” (2015, 2016, 2017, 2018, 2019) і шырока папулярызуе традыцыйныя народныя цацкі вобласці. У 2018 г. выдадзены альбом “Забава: народныя цацка і лялька Віцебшчыны” , дзе змешчаны ўзоры традыцыйнай глінянай цацкі Бешанковіцкага, Віцебскага, Дубровенскага і Сененскага раёнаў, а таксама інфармацыя пра творчасць майстроў.
“вэсну співаты” “провады зімы” "драць заяц" аб’яўленне пана абрад абрады абраз аброк абыход абыход двароў арнамент, узор аснова бандарнае рамяство бандарства баран баранава батлейка беларуская дуда беларуская саломка белаўзорыстае ткацтва, традыцыя, ручнік берда божая маці бортнік бульбяныя бліны бурдон бэтлейка бярэзінскі раён в. пагост вада валёнкі валянне велікодны карагод, "лука", маркава воўна выдаўбіць човен выразанка выразкі вырэзванне з паперы выстрыганка выцінанка выцінанка-выбіванка вышыўка вялікдзень вянкі вярба вяселле вясельныя гульні, песні, "рагаты" каравай, звычай г.п.мір габелен гаворка ганчарства гліна гліняная свістулька гліняная цацка гуканне вясны гульні гульня гурт даўбёжнае рамяство дзед дзежка дзень абраза маці боскай казанскай дзеці дранікі дрэва дуда дудар дударская музыка дударства дудары дудзелкі дудка-выкрутка душа дываны дыялект дыялог дэмбрава ежа жлоб жніво жораўскі хлеб, "кулітка", бохан, хлеб на сыроватцы жывёла жытні хлеб запусты засуха, дождж, магія, ураджай ігрышча “ката пячы” інсіта, мастацтва прымітыву, наіўнае мастацтва інструменты к+м+б кадрыля кадычак казкавыя сюжэты казкі калода, борць, вулей каляда калядная зорка калядная зорка случчыны, звязда, шчадрэц каляды каляндар камень, паданне, аброк, маладыя, здароўе камяні каравай каравайніцы каравайніцы, дзяжа, мука, печ, “шышкі” карагод карагоды каспер, мельхіёр і балтазар касцёл каталіцтва кваснік кераміка клёцкі конік, шчодры вэчор кросны кросны, перабор, набіванкі, подвязь, штапноўка крыжы крыніца культ камянёў купалаўскі тэатр купалле куст кухня лагойшчына лапці лірыка лодка-аднадрэўка лыка лялька лясное бортніцтва майстар макавей макатка маляванка маляванкі маска масла масленіца масленка музыка мядовы спас найгрыш, капэля. вясельны марш, вальс, намётка народная гульня неглюбка неглюбскі строй павук падвойнае ткацтва пакланенне палессе паломніцтва пальмавая (вербная) нядзеля