Дзесятая традыцыя народнага ткацтва будзе ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь

Дзесятая традыцыя народнага ткацтва будзе ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь

12.08.2021

На пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, якое адбылося ў Міністэрстве культуры 11 жніўня 2021 г., прынята рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ткацтву посцілак у тэхніцы аднабаковага перабору, якое здаўна бытавала і захоўваецца да сённяшняга дня майстрамі Лепельскага раёна Віцебскай вобласці.

У Міністэрстве культуры прапанову аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу нематэрыяльнай культурнай спадчыны прадставілі:
Еўтушэнка Таццяна Васільеўна – метадыст Лепельскага Цэнтра рамёстваў,
Мазюк Ірына Васільеўна – старшы выкладчык кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў,
Залатуха Святлана Мікалаеўна – майстар народных рамёстваў Лепельскага Цэнтра рамёстваў, носьбіт мясцовых ткацкіх традыцый,
Уліновіч Надзея Васільеўна – намеснік дырэктара Віцебскага абласнога  метадычнага цэнтра народнай творчасці,
Юрчак Дзяніс Валер’евіч – галоўны спецыяліст Віцебскага аблвыканкама.

У экспертным заключэнні І.В.Мазюк адзначыла адметную гісторыю вывучэння, развіцця і сучаснага бытавання гэтай ткацкай традыцыі: 

Сярод традыцыйных ткацкіх тэхнік, распаўсюджаных на Беларусі, аднабаковы перабор з прыціскной асновай займае асаблівае месца ў народнай кльтуры дзякуючы сваім унікальным магчымасцям дэкаравання тэкстылю. Гэтая тэхніка – вынік паступеннага развіцця культуры хатняга ручнога ткацтва, яе з’яўленне абумоўлена тэхналагічным і мастацкім вопытам многіх пакаленняў майстроў, іх вынаходлівасцю, патрэбай самапраяўлення, імкненнем да новых эстэтычных дасягненняў. 
Аднабаковы перабор з прыціскной асновай быў распаўсюджаны ў многіх рэгіёнах Беларусі, за межамі нашай краіны сустракаецца вельмі мала і не ў такой выразнай форме. Разглядаючы мастацкую спадчыну ХХ ст. можна сказаць, што ў нашай краіне гэты від перабору стаў своеасаблівай кульмінацыяй развіцця дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Калектыў Лепельскага раённага Дома рамёстваў здзейсніў вялікую працу па вывучэнню, захаванню і перайманню традыцыйнай культуры ткацтва свайго рэгіёну. Маючы добрую інструментальную базу ў выглядзе ткацкага абсталявання, ён актыўна папулярызуе народныя традыцыі, праз практычнае навучанне далучае сучаснікаў да культуры сваіх продкаў, праз мастацтва і рамяство здзяйсняе духоўную сувязь паміж пакаленнямі. Вырабы, створаныя выкладаннем і накладаннем, з’яўляюцца сапраўднымі шэдэўрамі народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. І не выпадкова аднабаковы перабор працягвае сваё бытаванне на Лепельшчыне, бо менавіта тут ён знайшоў яркае увасабленне ў арыгінальных кампазіцыях посцілак і дываноў”.

20210811_095750.jpg


Ткацтва посцілак у тэхніцы аднабаковага перабору стане дзесятай ткацкай традыцыяй, уключанай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Пра адметныя ткацкія тэхналогіі і іх сучасных носьбітаў можна даведацца ў раздзеле Традыцыйныя рамёствы Інвентара НКС

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.