“Карункавая гісторыя” ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А. К. Глебава
Выстава “Карункавая гісторыя” творчага тандэма Генадзя і Святланы Вяль мае эпіграф “Нам па 65. 45 – мы разам!” Менавіта столькі пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута муж і жонка ідуць поруч і ў прафесіі, і ў творчасці, і па жыцці. Навучэнне юных берасцейцаў асновам выяўленчага мастацтва – яшчэ адна агульная рыса, якой яны прысвяцілі сваё жыцце. Мусіць таму выстава ў сценах легендарнай Глебаўкі мае яшчэ адно архіважнае значэнне: перадача вопыту падрастаючаму пакаленню мастакоў. Мастацтва як экслібрыса, так і выцінанкі (пераважна ў гэтых тэхніках працуюць аўтары) імкнецца захоўваць старажытныя традыцыі, спалучаць іх з сучаснымі аўтарскімі вынаходкамі. Кожны твор берасцейскіх мастакоў, маючы ўласную ўнікальнасць, уплецены ў кірункі жыцця і творчасці сямейнай пары. Творчыя інтарэсы Святланы Вяль ахопліваюць мастацтва выразання з паперы і ручное мастацкае ткацтва. Святлана – часты ўдзельнік выставачных праектаў, на якіх экспануецца беларуская народная творчасць. Генадзь Вяль працуе ў розных тэхніках – афорт, акватынта, сухая ігла, акварэль. Больш за трыццаць гадоў гравюры Генадзя Вяля прадстаўляюць мастацтва беларускага эстампа на рэспубліканскіх і міжнародных графічных выстаўках і конкурсах. На выставе прадстаўлены больш за 80 твораў берасцейцаў. Яскравыя фарбы і акцэнты ўражваюць чароўным спляценнем фантазій: кветкі, птушкі, анёлы поўняцца лірычным настроем і цеплынёй.
Кружевная история – открытие выставки художников Светланы и Геннадия Вяль (МГХК им. Глебова, 2023) Форум для отзывов 11 не существует. |
|


