Падарожжа на свята побытавых танцаў “Жодзішкаўскі карагод”

Падарожжа на свята побытавых танцаў “Жодзішкаўскі карагод”

02.07.2021

Калі пра танцавальныя святы і конкурсы расказваюць спецыялісты ці карэспандэнты, размова ідзе пра мноства яскравых знешніх уражанняў. Значна менш мы ведаем пра пачуцці ўдзельнікаў, што шчыра ўключаюцца ў жывую традыцыю народных танцаў, якая і ў ХХІ ст. знаходзіць увасабленне сярод дзяцей і дарослых. Сваімі ўражаннямі і меркаваннямі падзялілася вучаніца Ліцэя БДУ Таццяна Сідаровіч, якая наведала сёлета “Жодзішкаўскі карагод” разам з танцавальнай суполкай Школы традыцыйнага мастацтва гурта “Гуда”, дзе чацвёрты год займаецца беларускім побытавым танцам

Летняя пара ў гэтым годзе ад самага пачатку падарыла нам цёплае надвор’е. Сонечныя прамяні так і імкнуліся зазірнуць у вочы, і, каб палюбавацца глыбокім блакітным небам ці проста паглядзець у далеч, даводзілася прыкрываць твар далонямі. Такое яркае лета прынесла з сабой многа радасці і жаданне падарожнічаць. І калі 12 чэрвеня ў Жодзішках, што на Смаргоншчыне, праходзіла свята побытавых танцаў “Жодзішкаўскі карагод”, мы таксама прынялі ўдзел.

Мястэчка сустракала гасцей са шчырай гасціннасцю. На выставе народных рамёстваў можна было паглядзець на вышытыя ручнікі і адмысловыя вырабы для побыту, павучыцца ў ганчара працаваць з ганчарным кругам. Майстры ахвотна расказвалі пра сваю справу, натхнялі, усё тлумачылі і паказвалі.

Тым часам працягваўся канцэрт. Мясцовы танцавальны гурт “Нальшчаначка” сабраў удзельнікаў рознага ўзросту. Там былі і зусім маленькія дзеткі, і падлеткі, і дарослыя. Кожны аддаваў танцам ўсю сваю душу. Па ўзаемінах паміж танцорамі было заўважна, як ім хораша выступаць на невялікай утульнай сцэне, адмыслова зробленай да свята ў дворыку паміж клубам і касцёлам. Дзеці, якія толькі вучацца праяўляць сябе і дзяліцца эмоцыямі, выглядалі неймаверна міла. Дарослыя выступоўцы дэманстравалі тэхніку і паказвалі асабістае стаўленне да танца. Абсалютная пяшчота разлівалася па ўсім наваколлі. Пазней сярод мясцовых танцораў яшчэ адбыўся конкурс на лепшую пару танцавальных чаравікаў.

200679429_2308034929330084_5093222726525169134_n.jpg
Гаспадары свята - фальклорны гурт "Нальшчаначка" Жодзішкаўскага СДК

Часта мы чуем, як жа складана прымусіць маленькіх дзетак зрабіць нешта канкрэтнае, як нялёгка працаваць з падлеткамі, а ў дарослых увогуле часу няма ні на што і ніколі, але тут, у Жодзішках, нам прадэманстравалі, што ўсё магчыма. Ёсць цудоўная фраза: “Скажы мне — і я забуду, пакажы мне — і я запомню, заахвоць мяне — і я навучуся”. Такі падыход важны ва ўсім: патрэбна менавіта захапіць! На жаль, многія людзі ўспрымаюць танец не часткай жыцця, а проста наборам рухаў, якія трэба дасканала вывучыць і ўпэўнена рабіць. Але гэта зусім не так. Танцы — гэта найперш душа, а толькі пасля — тэхніка. Ідэальнае, але пустое ніколі не будзе вабіць больш, чым простае, але жывое. Кожны з нас аднойчы да немагчымасці загарэўся і цяпер не ўяўляе сябе без танца.

Калі мы выступалі, адчувалася моцная падтрымка людзей. Падчас майстар-класа яны самі праяўлялі ініцыятыву і пачыналі танчыць разам з намі. Кругавы абэрак і полька з камандамі далі магчымасць кожнай пары праявіць сябе. Вельмі важна, каб людзі смела ішлі на імправізацыю, не баяліся падтрымаць прапанову, бо толькі так можна злавіць адчуванне абсалютнай датычнасці да падзеі. Гэта каардынальна іншы погляд на танец, бо звонку і знутры ён абсалютна розны. Таму нашай мэтай было не толькі паказаць, але і разняволіць. Ніводны чалавек не зразумее танец, пакуль не паспрабуе сам.

ТРЫ пары.JPG

Кожнаму гурту хочацца, каб на яго выступленні людзі былі актыўнымі, далучаліся і адчувалі пэўныя эмоцыі. Гэта дадае яму смеласці і ўпэўненасці. Па гэтай прычыне, у тым ліку, мы стараліся танчыць разам з кожным новым выступоўцам, проста ведаем, як гэта важна. Нават па тварах людзей часам можна сказаць, што яны гэтага чакалі.

На свяце ў Жодзішках выступалі розныя музычныя гурты. Яны ігралі на баянах, скрыпках, барабанах і спявалі народныя песні. Маленькі хлопчык так смела і ўпэўнена іграў на рубелі, што немагчыма было адвесці позірк. Напрыканцы выступаў гурт “Лявоны”, пад якога танчылі ўжо, напэўна, усе. Да гэтага моманту людзі разняволіліся і рухаліся так, як хацелася іх душы.

Танцоры вельмі доўга вагаліся перад тым, як сесці ў машыны і ехаць дадому. Як жа сыйсці, калі музыка не спыняецца, а вакол так цёпла і жыва?

Гальшанскі замак-1.jpg

У вандроўцы мы пабачылі шмат помнікаў архітэктуры. Ля месца, дзе праходзіў фэст, стаіць цудоўны Касцёл Найсвяцейшай троіцы, пабудаваны ў ХVІІ ст. у стылі Рэнесансу. Па дарозе ў Мінск мы спыніліся ў Крэве, дзе наведалі знакаміты замак ХІV ст. і бачылі Касцёл Перамянення Гасподняга. Усё гэта дапаўняла гісторыю народнай культуры, якую мы спрабавалі спасцігнуць у Жодзішках, і нагадвала пра галоўнае.

На высокім дрэве ў старажытным Крэве мы заўважылі буслоў, якія аблюбавалі гэтае гістарычнае месца. Вялікія белыя птушкі пазіралі на нас зверху, і гэта надавала нейкай утульнасці. Калі мы танчылі ля Крэўскага замка, да нас падышла мясцовая жанчына. Яна сказала, што пераабуецца і выйдзе да нас, — так і зрабіла. Праз некалькі хвілін наша новая знаёмая паказвала свой варыянт кракавяка. Было бачна, як набягалі да яе ўспаміны, а жаданне танчыць павялічвалася. Менавіта ў такія моманты разумееш, што народныя танцы дапамагаюць не толькі вярнуцца назад, знайсці сябе, адчуць радасць і здабыць упэўненасць, але і яднаюць людзей, звязаных адной гісторыяй і культурай.

З бусламі+.JPG

Мікола Аляксеевіч Козенка вырашыў паказаць нам новы варыянт “ночкі”. Таму вандроўка запомнілася яшчэ і цудоўным майстар-класам. Тут ужо ніхто нікуды не хацеў ехаць, было жаданне застацца, проста танчыць, любавацца наваколлямі і спяваць… Песні суправаджалі нас усю дарогу. У нейкі момант галасы працягвалі гучаць нават тады, калі ўсе, здавалася, замаўкалі. Мы вярталіся дадому, разумеючы, што ў памяці назаўжды застанецца яшчэ адно маленькае жыццё, пражытае цёплым чэрвеньскім днём на Смаргоншчыне.

Больш фота і відэа са свята па спасылках:
Фотаальбом Мікалая Міцюшына “Жодзішкаўскі карагод – 2021”
Відэаальбом Мікалая Міцюшына “Жодзішкаўскі карагод” – 2021”
“Жодзішкаўскі карагод” сабраў аматараў народнай творчасці (Светлы, шлях, 2021)


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.