“Берагіня” – 2021: чаканне і рэальнасць

“Берагіня” – 2021: чаканне і рэальнасць

18.08.2021

Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” адбыўся 24 ліпеня 2021 года ў непрывычным для сябе аднадзённым фармаце (на працягу 20 год сваёй гісторыі фестывальныя імпрэзы доўжыліся ад 3 да 5 дзён). Як пачуваліся ўдзельнікі, і з якімі ўражаннямі яны вярнуліся з доўгачаканага свята распавядае Дар’я Несцярэнка,  ўдзельніца фальклорнага гурта “Мілавіца” (г.Мінск)*.

Той, хто хоць разочак зазіраў у сусветнае сеціва, знаёмы з выявамі на тэму “Чаканне // Рэальнасць”. Невядома, што менавіта паўплывала на такую асацыяцыю: доўгае (больш за 2 гады) чаканне фэсту, натхнёныя расповеды сяброў па “Мілавіцы”, што прымалі ўдзел у папярэднія гады, альбо неаднаразовая змена праграмы і рэгламенту, перанос даты... Тым не менш, паездка на “Берагіню” – 2021 паўстае перад вачыма менавіта такім, выбачайце за новамоднае слова, мемам “Чаканне // Рэальнасць”.

Як і іншыя шматлікія мерапрыемствы, Берагіня патрапіла пад каронавірусную хвалю ў 2020 годзе і была перанесена. Аднак, пажыўшы, перажыўшы, перахварэўшы, прышчапіўшыся, удзельнікі былі гатовыя браць новыя вяршыні. Арганізатары не сталі супярэчыць і вырашылі: “Берагіні” у 2021-м быць! Няхай на месяц пазней, чым звычайна і ўсяго ў адзін дзень, але сустрэча аматараў і майстроў традыцыйнай культуры адбылася.

Прыехаўшы ў Акцябрскі, мы былі прыемна здзіўленыя таму, як жыхары чакаюць свята: праграму мерапрыемства можна было сустрэць ледзь не на кожным слупе. У адным месцы яе вельмі падрабязна вывучала пара сталых мужчын, а ў другім, дазнаўшыся, што мы прымаем удзел, пачалі нас распытваць, што там, дзе і калі, каб наступным днём не прапусціць нічога. Аднак крыху і выказалі незадавальненне, што гэтым разам Берагіню праводзяць толькі адзін дзень. Свята мусіць быць шмат!

Доўга вывучаць горад напярэдадні фэсту часу не было. Трэба ж адпачыць перад конкурсам. Выдатна, што інтэрнат, дзе нас пасялілі, знаходзіўся недалёка ад цэнтра. Таму, завітаўшы ў парк і пазнаёміўшыся са сцэнай, мы пакрочылі ў свой пакой. У інтэрнаце ўжо панавала пэўная атмасфера: жвава беглі падлеткі па калідоры на рэпетыцыю кракавяка і ойры, з іншых дзвярэй ліліся песні. Карацей, фестывальны дух ужо лётаў у паветры і наладжваўся... (усю, аднак, ноч...). Праўда, на зямлю вярнуў гігіенічны складнік, бо выявілася, што на 90 чалавек, якія былі заселеныя ў інтэрнат, па сутнасці, адэкватна працуе толькі адна кабіна з душам з сямі. І хаця ўжо ёсць вялікі досвед выкручвацца ў экстрымальных умовах, прыйшлося ўсё ж заводзіць гадзіннік так, каб зраніцы пачаць спаборніцтва ў намінацыі “Майдадыра першы госць”.

Тым не менш, у дзень фэста ўсе бадзёрыя крочылі ў парк, дзе гледачоў сустракалі тэматычныя падворкі, якія прадстаўлялі вобласці і раёны нашай краіны. Вочы разбягаліся ад прыгажосці: строі, батлейкі, дываны, кошыкі, лялькі... Удзельнікі выставілі адметныя творы народнага мастацтва свайго краю, а госці фэсту маглі нават паспрабаваць выткаць рушнік на кроснах, альбо сплесці кошык сваімі рукамі, альбо паімправізаваць прыпеўкі з бабулямі. На адной з алеяў парку таксама была размешчана фота-выстава, прысвечаная гісторыі “Берагіні”, якая, між тым, налічвае ужо больш за 20 год! І радасна было бачыць, як сярод усіх гэтых цікавостак, разглядаючы кожную дэталь, ходзяць маладыя сем’і з дзеткамі – не ўсіх пераманілі батуты і салодкая вата з плошчы!

Тым часам радасць саступае месца хваляванню, бо хутка пачынаецца танцавальны конкурс. Чаго чакалі болей за 2 гады, пра што так шмат чулі ад папярэдніх удзельнікаў! За кулісамі быў заўважаны расклад заходаў і танцаў. Адразу кінулася ў вочы тое, што добрая частка танцаў з рэгламенту, што быў папярэдне разасланы, адсутнічала... Хаця не першы раз падчас падрыхтоўкі адбыліся змены ў танцах – ужо звыкла. І не было нічога, што невядома. Гэта больш-менш супакоіла. Кожная ўзроставая катэгорыя паўтарала лявоніху, Мікіту і польку, былі варыяцыі вальса (“Залатыя горы”, “Аляксандр ІІІ” і імправізацыйны), але пяты танец адрозніваўся ва ўсіх катэгорыях. Большасці нашых пар выпала танчыць барыню, маёй узроставай катэгорыі – крутага.

VideoCapture_20210729-152453-2.jpg

Вельмі нязвыклай для такога кокурснага фармату была сістэма ацэньвання. Верагодна, праз тое, што ў гэтым годзе фэст праходзіў у адзін дзень, было вырашана адмовіцца ад адкрытага галасавання, каб сэканоміць час для наступнага канцэрту. Журы, дзе вельмі радасна было бачыць спадара Сяргея Выскварку, спадарынь Ірыну Мазюк і Ірыну Глушэц, ставіла адзнакі падчас выступу і перадавала на падлік камісіі. І так, гэта дазволіла адносна хутка правесці саму конкурсную частку, але ж i пакінула па-за адказам шмат пытанняў: “Як жа мы выступілі?”, “Ці ёсць у нас прагрэс, ці наадварот?”, “Над якімі танцамі варта будзе папрацаваць, а што атрымалася лепей?” Падаецца, кожнаму з канкурсантаў было б цікава і карысна для наступнай працы ведаць хаця б у лічбавым эквіваленце, на што яны здольныя. Можа, наступным разам варта замяніць цырымонію выдачы грамат “За удзел”, якая адбывалася пасля выступаў кожнай ўзроставай катэгорыі, адкрытым ацэньваннем ўдзельнікаў? Час той жа, па сутнасці, а зваротнай сувязі для танцораў болей. І не прыйдзецца тры разы няправільна называць імя па бацьку аднаго з заснавальнікаў фэсту – Козенкі Міколы АЛЯКСЕЕВІЧА* (менавіта так на трэці раз выбухнула ўся мінская "Мілавіца"!).

Дарэчы, пра няёмкія моманты той самай “рэальнасці”... Спачатку нават крыўдны: наш заход ва ўзроставай катэгорыі 41+ быў першы, а гэта значыла, што мы толькі зараз будзем чуць, як музыкі іграюць крутага (усе астатнія мелодыі былі папярэдне ў іншых групах). Выявілася, што і музыкі самі быццам першы  раз чуюць гэты танец, падбіраючы яго, пакуль танцоры спрабавалі вылучыць, дзе ж куплет, дзе прыпеў. Круты мае спецыфічную форму і памер, і яго не станьчыш як польку – пад любы найгрыш. На сярэдзіне выступу, здаецца, мелодыя была адноўлена, але ж, пагадзіцеся, конкурская частка – гэта не вельмі ўдалы момант вучыць, як граецца танец.

Другім жа сюрпрызам ад музыкаў стала тое, што ў конкурсе індывідуальнай імправізацыі ў намінацыі “Заяц” яны пачалі граць... “Мікіту”!!! Ізноў хочацца для таго чытача, які не разумее, у чым праблема, адзначыць: гэтыя два танцы хоць знешне і падобныя праз выкарыстанне жэрдак накрыж, маюць розную структуру і памер, і малюнак аднаго танца аніяк не будзе класціся на канву іншага. Гэта як у дзіцячай цаццы: паспрабаваць запхнуць кубік у трохкутную адтуліну. У поўнай разгубленасці мы нават не ведалі, што рабіць: звяртацца да журы, да музыкаў? Ужо рыхтаваліся імправізаваць нешта новае, як на дапамогу прыйшоў Сяргей Латышаў, які ў перапынку дастукаўся да выканаўцаў, што мелодыя павінна быць іншая. Сумеснымі намаганнямі, праз “дык гэта ж “Яків”! (хоць бы “Яків”, але пад яго “Зайца” пакажаш), танец вярнулі да таго выгляду, як ён мае быць.

Былі, безумоўна, і неверагодныя моманты: выступ і ператанцоўка за першае месца ў намінацыі “Жабка” чаго вартыя! Хлопцы настолькі весела ўзаемадзейнічалі адзін з адным, як быццам і не на конкурсе, а недзе ў вясковай хаце дурэюць адзін з адным! Ператанцоўка за першае месца “Зайца” таксама запаліла атмасферу сваёй энергетыкай!

Кранальныя сэрцу былі спеўныя выступы гуртоў. Ад іх сапраўды ішло цяпло матчынай песні. А калі музыкі гралі танцы, немагчыма было зноў не ісці ў скокі. І канешне ж, Ева Яфімаўна з Любані ў маміным андараку і яе барыня былі сапраўдным упрыгажэннем канцэртнай часткі.

На жаль, з-за таго, што ўжо палова калектыву вымушана была праз працоўны расклад з’ехаць, а ніхто не папярэдзіў, што “Танцавальны марафон” – гэта таксама выступ гуртоў, мы былі зусім не падрыхтаваныя да яго і прыйшлося адмовіцца ўдзельнічаць.

Наогул, з пункту гледжання пашырэння свайго фальклорнага далягляду “Берагіня”, канешне, выдатны прыклад фестывалю! Яшчэ доўга можна разглядаць усе вырабы майстроў на фатаздымках і заўважаць цікавыя дэталі. А на відэа вывучаць рэгіянальныя адметнасці танцаў і строяў. “Берагіня” – гэта той дэсерт, смак якога раскрываецца з кожным кавалкам. Але ж хацелася б, каб было яго крыху болей: адзін дзень – гэта вельмі мала! І гэтым разам адчуваўся сумбур з-за неабходнасці правесці ўсё за раз. Ёсць вялікая надзея, што наступным разам ўсё ж перагледзяць інгрэдыенты і замест фармальных складнікаў на камеру будзе больш шчырага, сапраўднага і аўтэнтычнага фальклору, каб чаканні і рэальнасць урэшце супалі на сто адсоткаў!

* Артыкул апублікаваны ў Краязнаўчай газеце № 29 (850), жнівень 2021 г.

** Козенка Мікола Аляксеевіч – аўтар ідэі, канцэпцыі і мастацкі кіраўнік фестывалю з 1998 па 2020 год. Даведацца больш пра асоб, якія зрабілі значны ўклад у арганізацыю, правядзенне і падтрымку фестывалю ў рэспубліцы і рэгіёнах  можна ў выданнях і публікацыях:
Рупліўцы на ніве фестывальнага фальклорнага руху «Берагіня» : зборнік артыкулаў / аўтар ідэі, кіраўнік праекта, укл. М.А. Козенка. – Мінск : ІВЦ Мінфіна, 2018;
Фестывальны фальклорны рух "Берагіня" як крыніца пераемнасці народных традыцый у рэгіёне / Курсевіч В.В. / repository.buk.by

фота-калаж-3.JPG

 


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.