Дзейнасць БДУКМ па вывучэнню, захаванню і перадачы нашчадкам нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыныМатэрыялы рэспубліканскага навукова-практычнага семінара «Аналіз эфектыўнасці выканання Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў межах падрыхтоўкі перыядычнай нацыянальнай справаздачы» (26.08.2021, БДУКМ): даклад Калацэя В. В., загадчыка кафедры этналогіі і фальклору і Цэнтра нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Згодна з асноўным законам нашай краіны «кожны, хто знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абавязаны... паважаць нацыянальныя традыцыі» (Артыкул 52), а таксама «берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці» (Артыкул 54). У 2004 г. Беларусь актуалізавала таксама міжнародныя стандарты ў сферы аховы духоўных каштоўнасцей і традыцыйнай культуры – ратыфікавала Канвенцыю аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА і ўзяла на сябе абавязак па ахове і перадачы паміж пакаленнямі элементаў дадзенай спадчыны. Адразу ж, дзякуючы апантанасці тагачаснага рэктара Ядвігі Грыгаровіч, універсітэт стварыў факультэт традыцыйнай культуры (ФТБКіСМ), кафедру этналогіі і фальклору (КЭіФ) і Цэнтр нематэрыяльнай культурнай спадчыны (ЦНКС), каб спрыяць выкананню Канвенцыі. Ужо ў 2006 г. ва ўніверсітэце была наладжана міжнародная канферэнцыя па нематэрыяльнай культурнай спадчыне (НКС) з удзелам аднаго з тагачасных кіраўнікоў ЮНЕСКА і распрацоўшчыкаў Канвенцыі – Рыкса Сміта. У сусветнай сацыякультурнай практыцы дзейнасць па захаванню НКС мае тры напрамкі: маніторынг каштоўнасцей, арганізацыя іх пераемнасці, іх папулярызацыя ў краіне і ў свеце. Універсітэт сіламі ФТБКіСМ, КЭіФ, ЦНКС цягам апошніх амаль 20 гадоў распрацоўвае ўсе тры. Першы напрамак – маніторынг («Паглядаем на традыцыю і аналізуем яе»). М а н і т о р ы н г НКС рэалізуецца перадусім праз стварэнне інвентара нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прадстаўленага на інтэрнэт-партале «Жывая спадчына Беларусі», створаным пасля 2009 г. за кошт гранту ЮНЕСКА і перманентна папаўняемым Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў (ІПКіПК) БДУКМ. Дзякуючы інвентару абрады і святы, раней прыхаваныя ў цяжкадаступных для грамадства архівах фалькларыстаў, сёння любы карыстальнік інтэрнэта можа адшукаць і адгледзець (фота, відэа і апісанне) праз некалькі клікаў па клавіятуры камп’ютара. Дасье многіх элементаў для нацыянальнага спісу каштоўнасцей, прадстаўленых у інвентары, рыхтуюць у рэгіянальных установах культуры выпускнікі ўніверсітэта (часта – ФТБКіСМ і КЭіФ), а таксама ўдзельнікі семінараў ІПКіПК. Сам універсітэт ужо з 2004 г. надзвычай актыўна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы міжнародных дасье для ЮНЕСКА. Першая прапанова – «Карагодная культура Палесся», на жаль, не была завершана…, а першым беларускім элементам НКС у спісах ЮНЕСКА сталі «Калядныя цары» у 2009 г. Выканаўцам кантракту з ЮНЕСКА по ахове элемента «Вясновы абрад “Юраўскі карагод”» з 2020 г. афіцыйна з'яўляецца Цэнтр нематэрыяльнай культурнай спадчыны БДУКМ. Другі напрамак – пераемнасць («Адгледзеўшы традыцыю, імкнемся яе аднавіць»). Арганізацыя п е р а е м н а с ц і каштоўнасцей сёння рэалізуецца ў форме этнамастацкай адукацыі на ФТБКіСМ. Пераемнасць рэалізуецца на яго 5 кафедрах: ужо існуючых к часу стварэння факультэта (народнага ДПМ, харэаграфіі, тэатральнай творчасці, рэжысуры) і адной – спецыяльна створанай у якасці тэарэтыка-канцэптуальнага падмурку функцыявання факультэта (кафедры этналогіі і фальклору). Мадэль навучальнага працэсу студэнтаў кафедры этналогіі і фальклору (экспедыцыя → расшыфроўка і засваенне яе матэрыялаў у навучальным працэсе → дыпломны праект і абарона дыплома на дадзенай аснове) ад пачатку была змадэлявана на ідэі пераемнасці традыцыйнай культуры ў вучэбным працэсе. Поспехі кафедры ў дадзенай галіне зафіксаваныя дыпломам ЮНЕСКА «За захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны» (2008). Студэнты кафедры імкнуцца штогод выязджаць на такія абрады, як Юраўскі карагод, Страла (Усходняе Палессе), Русалка (Падняпроўе), Валачобны (Панямонне і Падзвінне), Куст (Заходняе Палессе) і інш. Яны дапамагаюць носьбітам іх адпраўляць (не парушаючы фактуру абраду), а ўзмацняючы яго сваімі спевамі, пластыкай, гукамі каранёвых для беларусаў скрыпкі і дуды, апранаючы вырабленыя па мясцовых узорах строі. Сёння гэта не з’яўляецца лішнім, бо… традыцыя памірае. Нашыя выпускнікі, працуючыя з НКС на ўзроўні рэгіянальных структур сферы культуры краіны – этнафоназнаўца І. Глушэц, напрыклад, – могуць гэта пацвердзіць. І калі спадчыне не дапамагаць, хутка яе гукі змоўкнуць, карагоды прыпыняцца, а рамёствы забудуцца… Часам спадчыну замяняе сурагат, што небяспечна. Каб ва ўстановах культуры былі адпаведныя спецыялісты – менавіта і створана спецыяльнасць «Народная творчасць (Фальклор)», КЭіФ і ФТБКіСМ (кафедра і факультэт, дзе яна з’яўляецца тэарэтычнай, забяспечваюць выкладанне беларусазнаўства для ўсіх студэнтаў БДУКМ). Паўтаруся, створаны ў рэчышчы выканання Канвенцыі ЮНЕСКА 2003 г. Трэці напрамак аховы НКС – папулярызацыя («Аднавіўшы традыцыю, імкнемся падзяліцца ёю з іншымі»). «Сацыяльны заказ» па п а п у л я р ы з а ц ы і НКС выконваюць шэраг кафедраў ФТБКіСМ, ІПКіПК. У інстытуце сёння створана і функцыянуе «Этналабараторыя», якая папулярызуе традыцыйныя інструменты, а таксама стыль world-music на аснове фальклору (кіраўнік І. І. Кірчук). Выкладчыкі і выпускнікі кафедры этналогіі і фальклору ў складзе гурта «Ветах», далі эксклюзіўны гадзінны канцэрт па прэзентацыі культурнай спадчыны Беларусі перад дыпкорпусам Жэнеўскай штаб-кватэры ААН (2016), а таксама ўдзельнічалі ў глабальным праекце Опернага тэатра Пекіна «Музыка свету» (2019). Папулярызацыі спадчыны спрыяе курыруемая кафедрай этналогіі міжнародная канферэнцыя «Аўтэнтычны фальклор», у якой за 14 гадоў прынялі ўдзел больш за 2000 даследчыкаў і носьбітаў фальклору з 22 краін трох кантынентаў свету; а эдыцыя (выданне) яе матэрыялаў са сціплага ўніверсітэцкага зборніка тэзісаў дакладаў (2007) ператварылася ў перыядычны міжнародны часопіс з прысвоеным парыжскім цэнтрам ISSN (2020). Такім чынам, ва ўніверсітэце праводзіцца сістэмная і паслядоўная работа па вывучэнню, захаванню і перадачы нашчадкам нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. Але ў 2021 г. яна аказалася пад пагрозай: ЦНКС дагэтуль існуе на грамадскіх пачатках, універсітэт адмаўляецца ад правядзення канферэнцыі «Аўтэнтычны фальклор», якую ў 2021 г. мы будзем праводзіць з Беларускім фондам культуры, а, галоўнае, рэктарат прыступіў да расфарміравання факультэта традыцыйнай беларускай культуры і кафедры этналогіі і фальклору. ![]() Форум для отзывов 1 не существует. |