Інвентар НКС - інвентарызаваныя элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Тэхналогіі вырабу драўлянага бандарнага посуду

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 13АК000144
Дата ўключэння: 10/03/2021
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 23.02.2021 № 04-01-02/1. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь 10.03.2021 № 19
Шыфр (у Інвентары): НКС-20210915

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Тэхналогіі вырабу драўлянага бандарнага посуду

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Выраб драўлянага посуду

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары вескі Рылавічы Іванаўскага раёна і горада Іванава Брэсцкай вобласці, якія ствараюць драўляны бандарны посуд па месцы жыхарства. Калектыў работнікаў и навучэнцаў дзяржаўнай установы адукацыі «Іванаўская дзіцячая школа мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладнай творчасці», якія ствараюць драўляны бандарны посуд па месцы працы і навучання.

Арэал распаўсюджвання:

Кароткае апісанне элемента:

Тэхналогія вырабу драўлянага бандарнага посуду першапачаткова была шырока распаўсюджаная сярод жыхароў вёскі Рылавічы Іванаўскага раёна, а з 2000 года лягла ў аснову праграмы і вучэбнага плану дзяржаўнай установы адукацыі «Іванаўская дзіцячая школа мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці».
Выраб драўлянага бандарнага посуду ў в. Рылавічы – у яго спрадвечным, праўдзівым варыянце – унікальны тым, што для яго не трэба нічога штучнага.
Бондарамі ў в. Рылавічы спакон веку былі толькі мужчыны. Звязана гэта з тым, што рамяство патрабуе прымянення немалой фізічнай сілы. Дадзенай традыцыі прытрымліваюцца на сённяшні дзень і ва ўстанове адукацыі.
Рылавіцкія майстры з вялікай адказнасцю адносіліся да выбару пароды дрэва. Яе прымяненне, ў першую чаргу, залежала ад прызначэння бандарнага посуду. У сваёй практыцы майстры падбіралі і выкарыстоўвалі мясцовую пароду драўніны.
Ад выбару матэрыялу залежыць і трываласць бандарнага посуду. Пачынаючы нарыхтоўку клёпак для бочкі, майстар у першую чаргу звернецца да дубовай драўніны (8-гадовай сушкі) або лісцяныя пароды драўніны. Бочкі, зробленыя з драўніны гэтых парод, вытрымліваюць самыя неверагодныя нагрузкі, асабліва пры перавозцы ці перакатванні з месца на месца.
Мясцовая тэхналогія вырабу бандарнага посуду ажыццяўлялася па мерках заказчыка (сажань, аршын, плячо, далонь). Гэта было звязана з тым, што прадукт, які знаходзіцца ў такім посудзе, пачне рэзанаваць з арганізмам гэтага чалавека. Мясцовыя бондары лічылі, што гэта прынясе ўладальніку здароўе і радасць.
Выкарыстанне шаблонаў і лекал, адпаведных форме і памерам пэўнага бандарнага посуду не ўжывалася, гэта знайшло сваё адлюстраванне ў ідэнтычным драўляным посудзе.
Пры вырабе бандарнага посуду народныя майстры выкарыстоўваюць толькі традыцыйныя сталярныя, слясарныя і спецыяльныя бандарныя інструменты.
У сучасных умовах ва ўстанове адукацыі выкарыстоўваецца і станочное абсталяванне.

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя рамёствы » Дрэваапрацоўка

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Мясцовыя майстры ганарацца сваёй традыцыяй вырабу бандарнага посуду. Драўляны посуд – гэта высокаэкалагічны посуд, які і цяпер шырока прымяняецца сучаснымі гаспадарамі для захоўвання і засолкі агародніны. У сучасных неспрыяльных экалагічных умовах, усё больш актуальным становіцца выкарыстанне прадметаў быту з расліннага матэрыялу. З 2000 года з мэтай захавання тэхналогіі вырабу бандарнага посуду ў г. Іванава адкрыта і паспяхова функцыянуе дзяржаўная ўстанова адукацыі «Іванаўская дзіцячая школа мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладнай творчасці» (школа бондарства), што сведчыць аб зацікаўленасці моладзі да бандарнай справы. Адна з галоўных задач у школе – перадача неабходных навыкаў бандарнага рамяства, аднаўленне тэхналогіі вырабу бандарнага посуду як утылітарна-бытавога прызначэння, так і дэкаратыўна-прыкладнога. Сёння школа выконвае не толькі вучэбна-выхаваўчую функцыю. У маштабах горада – гэта невялічкі вытворчы цэх, дзе вырабляецца дастаткова шырокі пералік вырабаў па індывідуальным заказам насельніцтва і выставачных экспанатаў. Традыцыйны посуд дапаўняюць складаныя па кампазіцыйнай структуры драўляныя вырабы: бочка-бар, купель і другія непаўторныя вырабы для эстэтычнага і функцыянальнага аздаблення памяшканняў. На сённяшні дзень народнымі майстрамі бандарны посуд вырабляецца і распаўсюджваецца шырока за межамі Брэсцкай вобласці і Рэспублікі Беларусь. Выраблены з дрэва посуд шырока прэзентуецца падчас правядзення міжнародных фестываляў фальклору, якія праходзяць на тэрыторыі Іванаўскага раёна. Бандарныя вырабы настаўнікаў і навучэнцаў школы экспануюцца пры правядзенні раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выставў і фестывалў. У 2016 годзе калектыў школы на высокім узроўні прадставіў Брэсцкую вобласць на 8 Рэспубліканскім фестывалі кірмашы «Вясновы букет» і быў узнагароджаны дыпломам I ступені і грашовай прэміяй; на рэспубліканскай спецыялізаванай выставе «БелАгра-2016», атрымаў Падзячны ліст ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за падрыхтоўку і ўдзел у выставе; прыняў удзел у арганізацыі выставы на Міжнародным фестывалі «Славянскі базар-2017» у г. Віцебску, у Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе «Калядная зорка-2017» у г. Любань, у Міжнародным кулінарным фестывалі «Мотальскія прысмакі» аг. Моталь, у выставе на святкаванні Дня незалежнасці ў г. Брэсце, 2018 г., у в. Гарадная на Міжнародным фестывалі ганчарства, на Рэспубліканскім свяце «Дзень пісьменства-2018», у Міжнародным фестывалі “Фальклор без межаў”. Творчыя супрацоўнікі школы бандарства сумесна с носьбітамі рамяства арганізоўвалі ад Брэсцкай вобласці выставу і майстар-клас на свяце “Купале 2019” у Александрыі, выставу і майстар-клас на абласных дажынках, 2019 г., Ружаны. За 2018-19 навучальны год установу двойчы наведалі дэпутаты нацыянальнага сходу РБ, карэспандэнты часопісаў «Зара», «Янаўскi край», тэлеканалаў СТВ, «Беларусь-24», БелТэлеРадыё кампанія.

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Камунікатыўная – дае магчымасць майстру на мерапрыемствах мець зносіны з наведвальнікамі праз прэзентацыі вырабаў драўлянага бандарнага посуду. Функцыя пераемнасці – для жыхароў і спажыўцоў старадаўняя тэхналогія вырабу драўлянага бандарнага посуду абагульняе і канцэнтруе ў сабе разнастайны практычны вопыт народных майстроў розных пакаленняў, з'яўляецца сродкам зносін паміж карэннымі жыхарамі (тэхналогія перадаецца ў сям'і ад бацька да сына і паміж аднавяскоўцамі). Сацыяльная – адбірае людзей па прыкмеце валодання тэхналогіяй вырабу і ў межах навучальнага працэсу аб'ядноўвае іх у групы. Каштоўнасная – для мясцовых жыхароў старадаўняя тэхналогія вырабу бандарнага посуду, сваім зместам, спосабам вырабу, адказвае іх прадстаўленням аб быце і актуалізуе культурны ландшафт Беларускага Палесся, у прыватнасці, па сродкам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Рэгулятыўная – дае магчымасць падрастаючаму пакаленню вызначыць сваю дальнейшую дзейнасць, ажыццяўляеца пад ўплывам традыцыйнага рэгіянальнага рамяства. Утылітарная – прымяненне эстэтычнага зместу традыцыйных прадметаў, некаторае змяненне фізічных уласцівасцяў прадметаў быту пад фармат сучаснасці, пры выкарыстоўванні традыцыйных матэрыялаў і змене прызначэння, дало магчымасць захаваць утылітарнась вырабаў. Прадстаўнічая – бандарныя вырабы праходзячы працэсы актуалізацыі, акрамя асноўных – утылітарных функцый, набываюць эстэтычны характар і ўсё больш прэзентуюцца ў якасці сувенірнай прадукцыі і прадметаў інтэр’еру, багатых разнастайнасцю форм.

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Іванаўскі раённы выканаўчы камітэт пры правядзенні раённых мерапрыемстваў і міжнародных фестываляў прымае меры па прэзентацыі бандарнага посуду, папулярызацыі тэхналогіі бандарнай справы. Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Іванаўская дзіцячая школа мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці» арганізоўвае выраб, экспанаванне і папулярызацыю бандарнага посуду. Сродкі масавай інфармацыі асвятляюць падзеі, звязаныя з бандарнай справай, распаўсюджанай на тэрыторыі Іванаўскага раёна.

Паходжанне элемента:

Адным з цэнтраў распаўсюджвання і вырабу драўлянага бандарнага посуду з'яўляецца в. Рылавічы Іванаўскага раёна. Паводле інфармацыі мясцовых жыхароў і дзякуючы гістарычным даследаванням вядома, што вёска Рылавічы згадваецца ў пачатку XVI ст. (31 жніўня 1505 г.). У XVI стагоддзі ў Пінскім павеце Трокскага ваяводства ВКЛ сяло лічыцца як шляхетская ўласнасць. Пасля прыняцця «Уставы на валокі» (1557 г.) вёска лічылася княжацкай. Тут жылі сяляне, якія плацілі падатак непасрэдна вялікаму князю. З гэтага веку вёска вядомая як цэнтр бондарства, дзе рабілі бандарны посуд для каралеўскага двара Рэчы Паспалітай. Гэты від рамяства захаваўся да нашага часу. У 1940 г. вёска знаходзілася ў Бродніцкім с/с Жабчыцкага раёна Пінскай вобласці, у якой лічылася 146 двароў, 769 жыхароў (сярод якіх 80 кваліфікаваных бондараў). Яшчэ ў першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя большасць посуду ў дамашняй гаспадарцы селяніна было з дрэва. Гэты фактар сведчыць пра вялікае значэнне бандарнага промыслу ў жыцці насельніцтва. Вырабам бандарнага посуду ў Рылавічах займаліся ў свабодны ад сельскагаспадарчых работ час. У асноўным гэта прыходзілася на зімовы перыяд. Кублы, бочкі, дзежкі, вёдры, цэбры, кварты, ражкі - гэта маленькі пералік бандарнага посуду, без якога не магла абысціся ні адна сялянская сям’я. Усё гэта выраблялася ў вялікай колькасці рылавіцкімі бондарамі, для якіх бандарны промысел быў яшчэ і добрым фінансавым падспор’ем. Рэалізаваць сваю прадукцыю яны маглі на рыначных пяцоўках Пінска, Століна, Лунінца, Давыд-Гарадка, Любяшова, Маневічаў, Янова, Драгічына, Кобрына. Прадукцыя рылавіцкіх бондараў карысталася попытам. Мясцовыя майстры валодалі тэхналогіяй дрэваапрацоўкі, практычным вопытам, навыкам валодання рознымі інструментамі, якія паслядоўна выкарыстоўваліся на розных стадыях вытворчага працэсу. Самымі знакамітымі прадстаўнікамі Рылавіцкіх бондараў мінулага стагоддзя былі браты Васіль Аляксандравіч і Іван Аляксандравіч Хлус, Сцяпан Феадосавіч Корсак, Апанас Якаўлевіч Коўбель, Андрэй Данілавіч Стойка, Макар Іванавіч Казак, Апанас Максімавіч Трапачка, Сцяпан Мінавіч Свірэпа, Арцём Міхайлавіч Свірэпа, Сяргей Міхайлавіч Свірэпа. Слава вёскі ў бандарнай справе пратрымалася амаль да канца XX стагоддзя.

Стан бытавання:

развіццё ці распаўсюджванне

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Майстры старадаўняй тэхналогіі вырабу посуду ўмела яе захоўваюць у в. Рылавічы. З ХVI ст. па ХIX ст. вёска была цесна звязана з натуральным вядзеннем гаспадаркі. Для нашых продкаў адным з самых распаўсюджаным прыродным матэрыялам з'яўлялася дрэва. З ХVI ст. вёска лічылася княжацкай. З гэтага веку вёска вядомая як цэнтр бондарства, дзе рабілі бандарны посуд для каралеўскага двара Рэчы Паспалітай. У вёсцы Рылавічы гэтаму матэрыялу знайшлі асаблівае прымяненне – выкарыстоўвалі для вырабу бандарнага посуду ў свабодны ад сельскагаспадарчых работ час. У асноўным гэта прыходзілася на зімовы перыяд. Кублы, бочкі, дзежкі, вёдры, цэбры, кварты, ражкі - гэта маленькі пералік бандарнага посуду, без якога не магла абысціся ні адна сялянская сям’я. У цяперашні час адбылася змена культурнага ландшафту – традыцыя перайшла з вясковага асяроддзя ў іншую сферу свайго існавання – гарадскую. Вырабам бандарнага посуду займаюцца не толькі вясковыя жыхары, да іх паспяхова далучыліся і гарадскія майстры, навучэнцы Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Адроджаная рэгіянальная традыцыя будзе спрыяць развіццю творчых здольнасцей людзей, павышэнню іх культурнага ўзроўню, самасвядомасці і патрыятызму. На гэта накіравана адукацыйная праграма Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Рылавіцкія майстры размаўляюць на мясцовым дыялекце, які ўваходзіць у групу заходнепалескіх гаворак. Набойнік – набывач, сякера-сокіра, калун-клын, абручы-гобручі, бандарны фуганак-спуст, бандарная лаўка-ослын, рубанак-гэблык і інш.

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Колішнія “дзедаўскія” інструменты, якія былі сведкамі і ўдзельнікамі вырабу бандарнага посуду ў пачатку мінулага стагодзя, зробленыя ўручную кавалямі і майстрамі па вырабу драўлянага інструмента: стругі, скобелі, скабелкі, бандарныя фуганы, бандарныя лаўкі ці стаюгі, гэблікі, вымяральны інструмент, каблучковая піла. Некаторымі інструментамі мы карыстаемся і ў сучасны момант вытворчага навучання, яны знаходзяцца ў добрым стане і вельмі зручныя ў рабоце. Па адукацыйнай праграме навучэнцы вывучаюць устройства бандарнай лаўкі і спосабы яе вырабу. Да нашых дзён захавалася мноства аўтэнтычнага бандарнага посуду рознага прызначэння. Усе гэтыя матэрыяльныя аб’екты мы збіраем у насельніцтва для афармлення спецыяльнага стэнда ці пакоя пад назвай “Старонка ў мінулае”, дзе дарослыя і дзеці маглі б апынуцца ў інсталяцыі старадаўняй майстэрні Рылавіцкага бондара. Акрамя таго ў районе створана экспазіцыя “Агоўскія куфэркі” ў СДК Ляхавічы, традыцыйнае рамяство ў Мотальскім музеі народнай творчасці, дзе прадстаўлены драўляны посуд (экспанаты).

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Да нематэрыяльных аб’ектаў адносяцца рыцэпты захоўваня агародніны, грыбоў у бандарным посудзе, рыцэпт закваскі цеста ў дзяжы для выпечкі ржанога і пшанічнага хлеба, працэс замочвання, выварывання і прання бялізны ў жлукце і балеі. Сюды адносяцца павер’і і прыкметы звязаныя з выкарыстаннем бандарнага посуду ў паўсядзенным жыцці. Напрыклад: калі, выдаіўшы карову, у дайніцы было вельмі многа шуму – да дажджу; калі карова панюхае пустую дайніцу, то ня будзе ўстою (старыя людзі казалі: ”Смытану корова языком злызала”). Асобае трапяткое стаўленне ў кожнай гаспадыні было да дзежкі. Дзяжа – сімвал дастатку, ураджаю, прадаўжэння роду. Яна часта ўпамінаецца ў абрадавых песнях, у загадках, пасловіцах і пагаворках. Напрыклад: дзежку нельга было пазычаць, а калі ў дзіцяці пыталі:- Што вышэй дрэва расце? То ён адразу адказваў, што гэта “рошчына ў діжцы”. Калі трэба было ахаратыразаваць сям’ю з сярэднім дастаткам, то пра яе казалі: “У йхный діжцы ны пусто і ны густо”. А жадаючы падкрэсліць няўхільнасць якіх-небудзь падзей, казалі “Рошчыны ў діжцы ны ўдэржыш”. Падчас вясельнага абраду вельмі важнай часткай быў пасад маладых. Для атрымання канчатковай згоды на шлюб і бласлаўлення бацькамі, жаніха і нявесту садзілі на дзяжу, у якой замешвалася цеста на вясельны каравай, засланую вывернутым кажухом. Садзіцца на дзяжу было дазволена толькі цнатліваму. Калі на пасад садзіўся нецнатлівы чалавек, гэта пагражала бедствамі, няўродамі і звядзеннем скаціны.

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Старадаўняя тэхналогія вырабу бандарнага посуду перадаецца: 1) рамеснікамі ў супольнасці жыхароў в. Рылавічы; 2) у школе праз вучэбную праграмму (настаўнікі, вучні); 3) у сям’і майстра з пакалення ў пакаленне (ад бацькі да сына)

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

1) Насельніцтва замяніла драўляны посуд на больш зручны і практычны: пластыкавы, шкляны. Многія вырабы не ўжываюцца ў абіходзе сучаснага чалавека з-за развіцця тэхналогій (жлукта, балея, баклага, дзежка, бойка і др.), з-за адсутнасці ў гаспадарцы дамашняй жывёлы (цэбар, ражка, вядро, кубел, бойка, даёнка і др.), з-за перамены ў насельніцтва культуры харчавання і смакавых якасцей (бочкі, кадкі). Навошта ў кубле саліць мяса, калі ёсць маразільнік? Навошта ў жлукце мачыць бялізну, калі ёсць пральная машына? 2) Дэмаграфічная сітуацыя ў весцы, калі моладзь з’язджае з-за недахопу працы, не садзейнічае пераемнасці тэхналогіі. 3) Паўсюднае выкарыстанне механізаваных дрэваапрацоўчых станкоў, якія дазваляюць хутка і лёгка выконваць мноства аперацый у працэсе вырабу бандарнага посуду, што парушае старадаўні тэхналагічны працэс вырабу 4) Пры выкарыстанні больш дарагіх капіравальных станкоў чалавеку трэба толькі ўнесці пэўную праграму ў кампьютар і станок самастойна выканае паслядоўна ўсе аперацыі па вырабу бандарнага посуду да канчатковай апрацоўкі.

Ключавыя словы

традыцыйная тэхналогія бандарства, бандарства, бандарнае рамяство

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Фотафіксацыя