Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Мастацтва выцінанкі Магілёўскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 53БК000149
Дата ўключэння: 20/04/2021
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 19.04.2021 № 04-01-02/2 . Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20.04.2021 № 25
Шыфр (у Інвентары): НКС-20210928/05

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-астветнай работы. Адрас: вул. Першамайская, 10, г. Магілёў, 212010;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Мастацтва выцінанкі Магілёўскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары гарадоў Магілёўскай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Магілёўская вобласць » Бабруйскі раён » г. Бабруйск;   Магілёўская вобласць » Горацкі раён » г. Горкі;   Магілёўская вобласць » Крычаўскі раён » г. Крычаў;   Магілёўская вобласць » Магілёўскі раён » г. Магілёў;  

Кароткае апісанне элемента:

Выцінанка – ажурны ўзор, выразаны з чорнай, белай або каляровай паперы. З канца 19 ст. сустракаецца ў інтэр’еры сялянскага жыцця на тэрыторыі Беларусі, выцінанкай аздаблялі вокны, сцены, мэблю, выкарыстоўвалі у якасці элементаў для святочных убораў, галаўных ўбораў, элементаў каляднай зоркі.
Выцінанкі штогод замяняліся на новыя. У цяперашні час выцінанкі выконваюць з дапамогай нажніц, разцоў з белай альбо рознакаляровай паперы. Тэхніка вырабаў выцінанкі здаецца вельмі простай, але патрабуе веданне асноў кампазіцыі, настойлівасці, захаплення гэтай справай.

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя рамёствы » Выцінанка

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Выцінанка выкарыстоўваецца у якасці дэкаратыўнага аздаблення (на свята Новы год, Каляды). Матывы выцінанкі выкарыстоўваюцца ў кніжнай графіцы, дызайне адзення, інтэр’еру і іншых прадметаў побыту і творчасці. Папулярнай на сённяшні час з’яўляецца тэхніка графічнага мастацтва для афармлення кніг, плакатаў, паштовак, календароў. Дызайнеры і афарміцелі ацанілі выразныя мастацкія асаблівасці выцінанкі і выкарыстоўваюць яе ў сваёй творчасці. Выцінанка і яе вырабы выклікаюць цікавасць у насельніцтва (дарослага і дзяцей). Выцінанка добра прыжылася ў школах і садках, ва ўстановах пазашкольнай адукацыі як від мастацтва, навучанне якому не патрабуе спецыфічных матэрыялаў і інструментаў для развіцця дзіцячай творчасці. Шчырую зацікаўленасць гэтым відам народнага мастацтва выказвае і дарослая частка насельніцтва і прыклад таму вялікая колькасць асоб, якія захопліваюцца выцінанкай, ёсць сярод іх члены Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Актуальнай на сённяшні час для мастацтва выцінанкі з’яўляецца эстэтычна-дэкаратыўная функцыя. Традыцыя аздаблення інтэр’ера і вокнаў на святы з кожным годам усё больш распаўсюджваецца ў гарадскім асяродку. Аформленыя ў рамку пад шкло кампазіцыі так сама знаходзяць прымяненне ва ўпрыгожванні інтэр’ераў жылля або грамадскага памяшкання і з’яўляюцца самастойнымі творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Пабудова арнаментальнага дэкору для стварэння простых і складаных кампазіцый можа з’яўляцца як самастойным дэкаратыўным творам для ўпрыгожвання інтэр’еру, так і выступаць у якасці элемента кампазіцыі пры стварэнні адзінага вобразнага рашэння афармлення розных святаў і фестываляў. Мастацтва выцінанкі выконвае адукацыйна-выхаваўчую функцыю. Дзеці школьнага ўзросту знаёмяцца з выцінанкай на занятках выяўленчага мастацтва і гуртках устаноў дадатковай пазашкольнай адукацыі. Адной з прычын масавага характару гэтага віду народнай творчасці з’яўляецца крэатыўная патрэба чалавека ў творчасці і імкненне да яднання з прыродай, абвостранае ва ўрбанізаваным асяроддзі. Этнавыхаваўчая функцыя звязана з перадачай майстэрства вырабу выцінанкі, што дазваляе захоўваць і ўмацоўваць значнасць рамёстваў для захавання культурных каштоўнасцей, самабытнасці і самадастатковасці грамадства. Дадзены элемент нематэрыяльнай спадчыны прызваны садзейнічаць фарміраванню станоўчай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

ГА «Беларускі саюз майстроў народнай творчасці» УК «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы» УА «Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў» ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Крычава» ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў і мастацкіх рамёстваў г. Горкі» ДУК «Палац мастацтваў г.Бабруйска» ДУА «Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г.Бабруйска» ДУА «Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Росквіт» г.Бабруйска» Горацкі раённы выканаўчы камітэт Раённы Дом рамёстваў ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Горацкага раёна» ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў і мастацкіх рамёстваў г. Горкі» ДУА «Ленінская дзіцячая школа мастацтваў і мастацкіх рамёстваў Горацкага раёна»; ДУК «Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музей»

Паходжанне элемента:

Выцінанка – гэта ажурны ўзор, выразаны з чорнай, белай альбо каляровай паперы. Ад аплікацыі яе адрознівае тое, што ўся выява – гэта цэльны кавалак паперы. Калі выцінанку падняць за адзін вугалок, яна падымаецца ўся цалкам і будзе нагадваць звязаную кручком сурвэтку. Асноўны матэрыял у гэтай тэхніцы – папера, а інструмент – нажніцы. У канцы XIX, асабліва ў першай палове XX стагоддзя, ажурныя ўзоры з паперы трывала ўвайшлі ў інтэр’ер сялянскага жылля беларусаў. Іх можна было ўбачыць практычна ў любым доме. Выразаныя з даступнага, недарагога матэрыялу, выцінанкі штогод, а часам і некалькі разоў на год, замяняліся новымі з-за страты прэзентабельнага выгляду яны жаўцелі, скручваліся, пакрываліся пылам. Старыя ўзоры пераносілі да печы, у хлеў або бязлітасна выкідвалі, таму адшукаць іх сёння практычна немагчыма. Пры развіцці мануфактур, папулярнасць выцінанкі ў народзе згасла. Калі адзначалася слабае развіццё мануфактуры, даводзілася шмат вырабляць уручную, у тым ліку і ўпрыгожванні для дома. Белымі папяровымі сурвэткамі ўпрыгожвалі паліцы для посуду, этажэркі. Папяровыя фіранкі мацаваліся на вокны зверху. У адных рэгіёнах яны зачынялі ўсё акно, у іншых уяўлялі сабой вузкую палоску, якая не зачыняла нават верхняе аконнае шкло. Выцінанкі ўпрыгожвалі і на самі вокны. У навагоднія святы яны былі падобныя на ўзоры, намаляваныя самім марозам, а вясной на квітнеючы сад за акном. Ручнікамі, выразнымі з паперы ў Беларусі ўпрыгожвалі іконы. У бедным сялянскім доме тканы ці вышыты ручнік вісеў толькі на святы, пасля якіх яго замянялі папяровым. Распаўсюджаны былі таксама выразкі, якія імітуюць ўзоры гардзінных тканін, у чым бачыцца сувязь з традыцыямі выцінанкі. Дзякуючы паляпшэнню дабрабыту людзей, жыхары розных паселішчаў Беларусі змаглі набываць гардзіны і тэкстыльныя вырабы, і неабходнасць у выкарыстанні папяровых ажурных выразак спынілася. У пасляваенны час амаль выцінанка амаль знікае, але з канца 80-х XX стагоддзя ў культуру Беларусі адбылося вяртанне традыцыйнага мастацтва выцінанкі дзякуючы росту цікавасці ў асяроддзі творчай інтэлігенцыі да традыцыйнай спадчыны Беларусі. Даследчыцкая дзейнасць па выяўленню, аднаўленні па памяці традыцыйных узораў, носьбітаў гэтага віду народнай творчасці спрыяла цікавасці да гэтага віду выкладчыкаў, прафесійных мастакоў.

Стан бытавання:

развіццё ці распаўсюджванне

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Руская мова, беларуская мова, паўночна-ўсходні дыялект беларускай мовы

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Папера розных гатункаў і колераў, нажніцы, нож, аловак, лінейка.

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Комплекс ведаў і навыкаў па вырабу выцінанак, міфалагічныя ўяўленні беларусаў, легенды. Для экспазіцыі выцінанак выкарыстоўваюцца рамы са шклом, паспарту з паперы. Выцінанка, як графічны элемент, ужываецца ва ўсіх напрамках дызайну і манументальнага жывапісу

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

На сённяшні дзень прысутнічаюць і актыўна развіваюцца амаль усе формы пераемнасці мастацкага рамяства выцінанкі: праз сям’ю, ад пакалення да пакалення і праз школу. Ёсць сем’і, у якіх гэта практыка здаўна перадаюцца па спадчыне, у якіх займаюцца мастацкім рамяством маці, сыны або дочкі і ўнучкі. Выразанню ажурных сурвэтак і сняжынак з паперы народнага майстра выцінанкі, Бярнадскую Наталлю Мікалаеўну, яшчэ ў маленстве навучыла бабуля. Узоры бабулінай выцінанцы, на тканых і вышытых рушніках вельмі ўразілі маленькую дзяўчынку сваёй прыгажосцю і сэнсам. Таму з задавальненнем пачала выразаць разнастайныя ўзоры з паперы, калі бабуля рабіла новыя фіранкі на вокны. Цікавасць да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва паўплывала на яе жаданне пашыраць свае веды і спасцігнуць сакрэты выяўленчага мастацтва і народных рамёстваў у мясцовай дзіцячай мастацкай школе горада Крычава, потым – на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Магілёўскім вучылішчы культуры (менавіта там яе пазнаёміла з мастацтвам беларускай выцінанкі выдатная выкладчыца Святлана Станіславаўна Адамовіч-Лункевіч), а затым на факультэце традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтваў у Мінску (дзе пад кіраўніцтвам Лідзіі Алегаўны Малахавай больш дакладней і грунтоўней пазнаёмілася з гісторыяй выцінанкі). Маючы багаты мастацкі вопыт, Наталля Мікалаеўна зараз перадае яго сваім вучням. Вядзе пэўную работу па захаванню і прапагандзе нацыянальна-культурных каштоўнасцей, адраджэнню і захаванню нацыянальнай культуры, прыцягненню моладзі да шматвяковай гісторыі беларусаў. Дэманструе прыёмы і тэхніку выразання выцінанкі на рэспубліканскіх, абласных і раённых семінарах-практыкумах і майстар-класах для кіраўнікоў студый і гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, настаўнікаў і навучэнцаў дзіцячых мастацкіх школ і дамоў рамёстваў. У Горацкім раёне адраджэннем выцінанцы першым зацікавілася і пачала займацца выцінанкай Квач Наталля Віктараўна, калі працавала ў раённым Доме рамёстваў у 1991 г., якая зараз пражывае ў Ніжнім Ноўгарадзе. Здзяйсняецца перадача традыцыі вырабу выцінанак і праз сістэму адукацыі. Алена Яўгенаўна Бруй дасканала асвоіла выцінанку, калі вучылася ў Магілёўскім вучылішчы культуры па спецыяльнасці дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У час вучобы ў 1998 г. стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Алена Яўгенаўна пасля заканчэння вучылішча культуры ў 2001 годзе прыехала на работу ў дзіцячую школу мастацкіх рамёстваў у г. Горкі на пасаду настаўніка выяўленчага і дэкаратыўна- прыкладнога мастацтва. Алена Яўгенаўна пастаянна праводзіць майстар-класы, семінары-практыкумы, як на базе Дома рамёстваў, так і на базе адукацыйных устаноў горада і вобласці. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца майстар-класы, семінары-практыкумы па выцінанцы: для студэнтаў УА «Беларуская Дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія», для вучняў ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў і мастацкіх рамёстваў г. Горкі» філіяла аг Паршына; для дзяцей і іх бацькоў на базе раённага Дома рамёстваў; для настаўнікаў дадатковай адукацыі ў рамках работы раённага метадычнага аб’яднання; для дзяцей ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў і мастацкіх рамёстваў г. Горкі» і іх бацькоў. Алена Яўгенаўна прымае актыўны ўдзел у мерапрыемствах, конкурсах, выстаўках, фестывалях рознага ўзроўню. Лункевіч-Адамовіч Святлана Станіславаўна выкладае выцінанку з 1995 г. ў Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Былыя навучэнцы каледжа раз’язджаюцца па сваіх рэгіёнах і працягваюць традыцыі выцінанкі. Многія з іх працуюць настаўнікамі дзіцячых школ мастацтваў, метадыстамі раённых цэнтраў рамёстваў, метадычных цэнтраў народнай творчасці. Рудакоўская Луцыя Казіміраўна, Нялюбіна Алена Уладзіміраўна, Гарбар Любоў Аляксандраўна перадаюць свой вопыт праз узорныя студыі, дадатковую адукацыю для дзяцей і моладзі, праводзяць майстар-класы,прымаюць удзел у абласных і міжрэгіянальных мерапрыемствах. Майстры выцінанкі не раз станавіліся лаўрэатамі, дыпламантамі, стыпендыятамі конкурсаў розных узроўняў. Кожны год у вобласці праводзяцца семінары-практыкумы, майстар-класы з удзелам майстроў выцінанкі (так сама з іншых рэгіёнаў), а таксама тых, хто цікавіцца гэтым відам народнай творчасці.

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Прамых пагроз для існавання і пераемнасці мастацкіх практык выцінанкі няма, але існуюць пэўныя тэндэнцыі і накірункі развіцця, якія пратрабуюць увагі спецыялістаў. Вялікую ролю ў захаванні і перадачы ведаў і майстэрства мае выкладанне выцінанкі , як вучэбнага прадмету. Калі яго не будзе ў праграме навучання, творы гэтага віду страцяць якасць выканання, выразнасць кампазіцыі і стылізацыі вобразаў. Зацікаўленасць моладзі да традыцыйных відаў мастацтва вельмі лёгка страціць, калі не знаёміць і не праводзіць тэматычныя мерапрыемствы з ранняга ўзросту. З цягам часу можа быць страчана цікаўнасць да гэтага віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, калі яно не будзе ўжывацца ў сучасным дызайне навакольнага асяродку.

Ключавыя словы

выцінанка, выразанка, выстрыганка

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Фотафіксацыя