Беларуская народная культура і моладзь: кропкі судакранання

Беларуская народная культура і моладзь: кропкі судакранання

20.08.2021

Гэтым летам давялося пабываць на некалькіх цудоўных фэстах народнай культуры ў Пінкавічах, Жодзішках, Шыпілавічах, дзе адбываецца знакамітая “Пятровіца”, і іншых. Усё было настолькі хораша, што мне хацелася б запрасіць на такія фэсты ўсіх маіх сяброў, каб і яны перажылі бясцэннае пачуццё яднання з прыродай, з музыкай, з нашымі цудоўнымі людзьмі. Але перш чым завабліваць гараджан у вёску, каб знайсці правільныя словы і сапраўды зацікавіць, я правяла невялічкае сацыялагічнае даследванне. Думкі маіх рэспандэнтаў і мае ўласныя развагі — у наступным артыкуле.


Даследаванне праводзілася сярод маладых людзей, большасць з якіх — навучэнцы і выпускнікі Ліцэя БДУ. Рэспандэнтам прапаноўваліся пытанні пра беларускую народную культуру. Мэтай было высветліць, як сучасная моладзь адносіцца да нашай культуры, ці лічыць вартым захоўваць яе і папулярызаваць. У апытанні ўзялі ўдзел 57 чалавек, сярод іх 88% уваходзяць ва ўзроставую катэгорыю 15—18 гадоў.


Маладым людзям прапаноўваліся наступныя пытанні:
1.          Ці цікавіць вас беларуская народная культура?
2.          Што менавіта вас цікавіць?
3.          Ці можна назваць кантэнт, звязаны з беларускай народнай культурай, папулярным сярод моладзі? Чаму так адбываецца?
4.          Ці можна назваць кантэнт, звязаны з беларускай народнай культурай, папулярным сярод дарослых? Чаму?
5.          Як вы лічыце, ці варта папулярызаваць беларускую народную культуру?
6.          Калі варта, то якім чынам можна гэта зрабіць?
7.          Ці ведаеце вы станоўчыя прыклады папулярызацыі народнай культуры (не абмяжоўвайцеся краінай/часам і г.д.)?

Ці цікавіць вас беларуская народная культура?

Адказваючы на гэтае пытанне, адзін рэспандэнт напісаў: «Гэта гісторыя маёй краіны, адказ на тое, хто мы і адкуль мы. Гэта тое, што было, а таму ключ да таго, што будзе далей. Для мяне гэта натхненне, зыходны матэрыял для сучаснай інтэрпрэтацыі беларускай нацыянальнай ідэі. Стылю. Бо, як казаў Міхал Анемпадыстаў, “краіна мусіць мець стыль”».

Наўрад ці можна адказаць на гэтае пытанне больш трапна. У ім усё: мінуўшчына, сучаснасць, будучыня. Кожнаму чалавеку, які цікавіцца беларускай культурай, хочацца зрабіць яе маштабнай, вялікай, бо яна, як цёплыя абдымкі, гатова атуліць усіх.

У апытанцы прапаноўвалася паразважаць пра папулярнасць беларускай народнай культуры сярод моладзі і дарослых. Думкі рэспандэнтаў былі розныя. Многія заўважылі, што маладыя людзі пачынаюць усё больш цікавіцца беларускай народнай культурай. З кожным днём на вуліцах з’яўляецца новая беларускамоўная моладзь, якая знайшла для сябе шлях пазнання народнай культуры.

Сучасная моладзь, бясспрэчна, хоча шмат ведаць, бо без ведаў — нікуды. Аднак многія рэспандэнты адзначылі, што з-за недастатковай папулярызацыі, асацыяцыі з нечым нудным, школьным, “акалхожвання”, паступовага забыцця і праблем у галіне адукацыі моладзь не надта цягнецца да народнай культуры (прынамсі, пакуль што). Гэтак жа была цікавая думка, што для многіх людзей “Касіў Ясь канюшыну…” і васількі — эпагей нашай культуры. З гэтым стэрэатыпам трэба змагацца.

Маладыя рэспандэнты яшчэ менш упэўнены ў папулярнасці беларускай культуры ў дарослых колах. Аргументавалі гэта палітыкай СССР. Зрэшты, і тут удзельнікі апытанкі не бачаць сітуацыю як безнадзейную.

92% рэспандэнтаў пагадзіліся з тым, што варта папулярызаваць беларускую культуру. Большасць казала пра неабходнасць глабальных змен: пашырэнне беларускамоўнай рэкламы, аднаўленне помнікаў культуры, змены ў сістэме адукацыі, нацыянальнае кіно і г.д. Аднак прапаноўваліся і лакальныя рашэнні. Многія пісалі, што народнае трэба рабіць сучасным, модным: ствараць фолк-рок-гурты, ладзіць вялікія фэсты, уводзіць факультатывы ва ўстановах адукацыі, рабіць крэатыўныя вышымайкі, мерчы. Усё гэта вельмі важна, бо культура — рэч няпростая. Напрыклад, народныя спевы можна параўнаць з операй, дзе большасць ўпершыню не зразумее ні словы, ні пасыл. Каб опера захапіла, трэба прыкласці намаганні. Гэтак жа з усёй народнай творчасцю.

Безымянный.JPG

Знайсці новае ў старым і іншае — у традыцыйным

Вядома, для адукаваных людзей натуральна разбірацца ў нечым складаным, шукаць новую інфармацыю і працаваць з няпростым матэрыялам, але беларуская народная культура не павінна заставацца элітарнай. Гэта тое, што наўпрост звязана з самасвядомасцю і не можа ісці асобна ад чалавека. Таму трэба рабіць народную культуру больш зразумелай, спрашчэнне ўспрыняцця не зменшыць яе самабытнасць і важнасць, але наблізіць да людзей. Варта прызнаць, што ў свеце цік-току чытаць вялікія тэксты для многіх становіцца складанасцю. Аднак гэта не праблема асобнай групы людзей, ды і не праблема ўвогуле. Проста трэба рабіць кантэнт, які можа паўплываць на розных людзей, на ўсіх спажыўцоў інфармацыі.

Напэўна, у гэтым і ёсць асноўная задача чалавека, які зараз рашаецца на папулярызацыю беларускай народнай культуры. Трэба шукаць у сабе смеласць, каб знайсці цікавае, новае ў старым, іншае — у традыцыйным. Да знікнення вядзе не спрашчэнне, а празмерная дыдактычнасць у поглядах. Складаныя тэксты ўсё роўна будуць пісацца, навукоўцы будуць імі цікавіцца, але, каб стварыць брэнд, трэба адпусціць стэрэатыпы.

Многія рэспандэнты прапаноўвалі пачаць з сябе: нарэшце, загаварыць па беларуску, больш вандраваць, размаўляць з цікавымі людзьмі, спяваць і дзяліцца сваімі назіраннямі з іншымі. Усе заўважалі недахоп рэкламы і актыўнасці ў медыяпрасторы — асноўнага метаду раскручвання ўсяго ў наш час. Мне напісалі, што “моладзі проста няма дзе знайсці гэтую культуру, калі не шукаць адмыслова (а каб нехта пачаў шукаць, трэба, каб да гэтага ўжо ўзнікла цікавасць, замкнёнае кола)”. Яно і сапраўды гэтак адбываецца. Калі сям’я, школа, асяроддзе не ўклалі любоў да народнага, то ў нашай сацыяльнай прасторы не “вылазіць” інфармацыя пра беларускую культуру ў тым фармаце, у якім яна можа падабацца. Атрымоўваецца, што веды можна здабыць толькі мэтанакірава, але і гэта не так проста. Інтэрнэт — месца, дзе ёсць усё, акрамя таго, што сапраўды патрэбна. Нават пошукі не заўжды могуць даць жаданы вынік. У медыяпрасторы бракуе інфармацыі пра ўсё беларускае, таму многія проста не знаходзяць тое, што патрэбна ім.

Станоўчыя прыклады папулярызацыі народнай культуры

Калі я папрасіла прывесці станоўчыя прыклады папулярызацыі народнай культуры, то рэспандэнты прыводзілі Латвію, Літву, Чэхію, Польшчу, Венгрыю, Бразілію, Іспанію, Германію, Ірландыю. Многія адзначалі Украіну, дзе народная творчасць мае вельмі шмат прыхільнікаў, сярод моладзі ёсць вялікі попыт на родную мову і культуру. Музычная сфера там бязмерна хутка развіваецца, напрыклад зараз гурт Go_А узрывае спеўныя пляцоўкі сваімі трэкамі. Украінцы шыкоўна змешваюць стылі, смела эксперментуюць і гэтым прыцягваюць. А яшчэ яны вельмі паважаюць сваю мову. Менавіта ад яе шмат чаго ідзе, змяняецца супольнасць, спосаб мыслення. У многіх беларусаў першапачаткова ёсць забабоны наконт сваёй жа мовы — гэта тое, што нам прывілі і ад чаго мы ўсё яшчэ не можам адысці. Хаця ў апошнія гады адзначаецца невялічкая тэндэнцыя ў бок пераходу на беларускую мову. А з мовай прыходзіць усведамленне сябе не як часткі чагосьці, а як асобнага паўнавартаснага арганізма, як казаў Васіль Быкаў, “я беларус, мая родная мова — беларуская”.

Гэтак жа многія рэспандэнты пісалі пра метады распаўсюджвання народнай культуры ў Скандынаўскіх краінах. “Вельмі добра папулярызуе сваю культуру Нарвегія. Напрыклад, на дзень Канстытуцыі там прынята апранацца ў народны строй і ладзіць імпрэзы, нарвежцы выпусцілі серыял “Рагнарок”, які распавядае пра герояў скандынаўскіх міфаў у сучасным свеце, робячы іх прывабнымі і цікавымі для моладзі”. Таксама мае рэспандэнты прыводзілі ў прыклад кнігу Мікалая Куна “Легенды і міфы старажытнай Грэцыі”, польскі гістарычны фільм “Калі сонца было Богам”, працы Міхала Анемпадыстава, інстаграмы розных медыйных асоб. Казалі, што добрай спробай распаўсюджвання беларускай культуры маглі б стаць мультфільмы на роднай мове, народныя майстэрні, добрыя падручнікі і г.д.

“Пятровіца” — вопыт, варты пераймання

Адным з прыкладаў добрай папулярызацыі беларускай народнай культуры можна назваць летні фэст традыцыйнай культуры “Пятровіца”, які ўжо больш як 10 гадоў збірае людзей розных узростаў на Любаншчыне. Сям’я Кухарэнкаў дае месцы для намётаў, вырашае побытавыя пытанні гасцей і агулам стварае патрэбныя ўмовы для камфортнага існавання. На “Пятровіцы” вучаць спяваць, танчыць, рабіць выцінанкі, знаёмяць з беларускімі традыцыямі. Фестывальная суполка пераважна беларускамоўная, таму вельмі проста перайсці на родную мову, калі дагэтуль нешта замінала.

На “Пятровіцы” ёсць магчымасць пазнаёміцца з вельмі цікавымі людзьмі. Кожны прагне падзяліцца часткай сваіх уменняў, таму ідзе сапраўдны колазварот ведаў. Спадар Сяргей Выскварка гатовы перадаць ахвотным свае танцавальныя навыкі, Вольга Емяльянчык — спеўныя, і гэтак кожны чалавек. Там усе здольныя расказаць і паказаць нешта адметнае. Вас навучаць карыстацца касой, раскажуць пра народныя строі, пачастуюць смачнай ежай. Па вечарах можна спяваць, танчыць, абмяркоўваць яшчэ адзін дзень свайго жыцця з сябрамі ля вогнішча. Агонь будзе смакаваць дрэва, а зоркі — паказваць шлях дадому. Усё навокал сціхне, а музыка панясе вас далёка-далёка, застанецца толькі бязмежная прастора і празрыстае паветра.

Прыдумала “Пятровіцу” Настасся Кухарэнка. Гэта прыклад таго, як адзін зацікаўлены чалавек здолеў знайсці патрымку і зрабіць больш, чым многія людзі не здолелі зрабіць разам. Яна знайшла ў сабе смеласць і сілы прапанаваць ідэю і арганізаваць людзей. Дзякуючы гэтаму стварылася сапраўднае свята беларускай народнай культуры.

Махатма Гандзі казаў, што мы самі павінны стаць тымі зменамі, якія хочам бачыць у свеце. Калі мы жадаем, каб наша культура стала сваёй сярод беларусаў і вядомай у свеце, мы самі павінны займацца яе папулярызацыяй. Людзі гатовы падтрымліваць розныя праекты, удзельнічаць у іх, проста не кожны можа пачаць штосьці самастойна. Заўжды лягчэй далучыцца, чым стварыць, таму стварэннем павінны заняцца тыя, хто сапраўды гарыць сваёй ідэяй.

Таццяна СІДАРОВІЧ

220227236_4101964273220589_4567161608890893050_n.jpg

На "Пятровіцы" - 2021. Фота А.Мікуса


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.